Палітвязні 60+ у гомельскіх пенітэнцыярных установах

by ZB

Міжнародны дзень пажылых людзей адзначаецца 1 кастрычніка. Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пажылымі лічацца людзі ва ўзросце 60-75 гадоў. “Штодзень” згадаў некаторых палітвязняў 60+, якія знаходзяцца ў гомельскай ПК №4 і СІЗА-3.

Праваабаронца Леанід Судаленка падчас выступу ў Еўрапарламенце адзначаў, што “Для чалавека ва ўзросце 60 гадоў тэрмін у 10-15 гадоў, як гавораць у нас у лагерах, — гэта пуцёўка ў адзін бок, гэты чалавек не вернецца ўжо, па сутнасці, гэта смяротны прысуд.”

Паводле дадзеных “Вясны”, у гомельскай папраўчай калоніі знаходзіцца 107 палітзняволеных. Некаторыя з іх акурат маюць узрост 60+. І як мінімум 5 з іх старэйшыя за 60 гадоў. “Самай старэйшай палітзняволенай у ПК №4 — 75 гадоў. Самы вялікі тэрмін — 20 гадоў.

Наталля Таран

Наталля Таран, 75 гадоў. Жыхарка Бабруйска. Мае шэраг хранічных захворванняў. Яе асудзілі паводле некалькіх артыкулаў: “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Пенсіянерку пакаралі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ірына Мельхер

Ірына Мельхер, 68 гадоў. Індывідуальная прадпрымальніцы і пенсіянерка. Паводле словаў родных, мае вялікія праблемы са здароўем. Праходзіла па справе Аўтуховіча. Таксама яе пакаралі за ўдзел у карагодзе ў Брэсце. Ірыну асудзілі на 17 гадоў. Ёй забароненыя грашовыя перадачы, паколькі яна знаходзіцца ў спісе “тэрарыстаў”. У траўні 2023 яе этапавалі ў ПК №4 у Гомель.

Зінаіда Міхнюк

Зінаіда Міхнюк, 62 гады. Актывістка прафсаюза РЭП. Пакараная на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за абразу прэзідэнта.

Галіна Дзербыш

Галіна Дзербыш, 62 гады. Праходзіла па “справе Аўтуховіча”. Асуджаная на 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд прызнаў яе вінаватай у “Замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”, “Акту тэрарызму” і “Удзеле ў злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме”. КДБ унёс яе у спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. У траўні 2023 года яе этапавалі ў гомельскую калонію.

Надзея Полькіна

Надзея Полькіна, 62 гады. Пакараная на 2 гады за абразу прэзідэнта. Праходзіла па справе бабруйскіх “рэйкавых партызан”.

Паводле інфармацыі “Вясна” ў СІЗА-3 знаходзіцца 28 палітзняволеных. Сярод іх — 63-гадовая пенсіянерка з Гомеля Святлана Кароль.

Святлана Кароль

Святлана Кароль, 63 гады. Імаверна пенсіянерку даставілі ў Гомельскае СІЗА-3, дзе яна знаходзіцца па справе аб “паклёпе” на “прэзідэнта”. Велаактывістку затрымалі 20 верасня.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png