Ад бацькоў вучняў 5–9 класаў у адной з гомельскіх школаў чакаюць “унёскаў на кампутарны клас, новыя стэнды пра генацыд і дзяржаўныя сімвалы, дах, хлебарэзкі і новыя ўнітазы ва ўсіх прыбіральнях” – гэта вынік агульнашкольнага бацькоўскага сходу .
Нешта з гэтага можна аплаціць грашыма, нешта сваім часам. Школа ставіць пытанне рабром: “Паводле тэрытарыяльнага прынцыпу тут вучыцца менш за чвэрць дзяцей, астатнія могуць ісці лесам”.
Акрамя таго, ад бацькоў чакаюць кожную чвэрць два літры мыйных сродкаў — літр для посуду і літр для падлогі, чатыры рулоны туалетнай паперы, пачку папяровых ручнікоў, пачку аднаразовых пальчатак і пару шматразовых. Плюс ад класа — два пластыкавыя вядры і шэсць ануч з мікрафібры. А яшчэ патрэбны букет дырэктарцы на лінейку за 150 рублёў. Гэта ўжо вынік сходу ў класе.
Падобная сітуацыя не толькі ў гэтай школе. Так у адной са школаў захацелі, каб бацькі набылі у клас тэлевізар (допіс ужо выдалены) і прынтар. У каментарах у такой сітуацыі жартам раілі набываць не прынтар, а плотар для шырокафарматнага друку – можа, яшчэ плакаты спатрэбяцца. І ўдакладнялі – “А якой дыяганалі тэлевізар”?