Навошта ў Беларусі прафсаюзы?

"Іначай чакайце праверак і штрафаў."

by homieldays

Паводле афіцыйных дадзеных каля 4 000 000 беларусаў з’яўляюцца членамі прафсаюзаў. Якую ролю выконвае гэтая арганізацыя і наколькі яна неабходная, высвятляў “Штодзень”.

Каб зразумець, што ўяўляюць сабой прафсаюзы ў ХХІ ст., варта згадаць гісторыю іх узнікнення і развіцця. Напачатку гэта была неабходная і прагрэсіўная форма абароны правоў працоўных. Калі сістэмы сацыяльнага страхавання не існавала, той, хто апынуся ў цяжкім становішчы (праз вытворчую траўму ці па нейкую іншую прычыну), мог атрымаць грашовую дапамогу з прафсаюзных сродкаў. Каб супрацьстаяць дыктату дыскрымінацыйных умоў працы, наёмныя рабочыя павінны былі трымацца разам.

Але на працягу ХХ ст. сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў значнай частцы краін змяніся да непазнавальнасці. Правы працоўных абараняюцца на дзяржаўным узроўні. Прыватныя ж кампаніі часам забяспечваюць такія сацыяльныя пакеты і ўмовы працы, якіх не здолеў бы дамагчыся ніводны прафсаюз, бо ёсць два чыннікі, якія стымулююць працадаўцаў клапаціцца пра падначаленых.

Першы – гэта магчымасць імгненнага распаўсюду інфармацыі на вялікую аўдыторыю. Зрабі штосьці не так – і ўжо назаўтра пра гэта, дзякую сацсеткам, можа ведаць увесь свет. А тое, што рэпутацыйныя страты ў развітых і дэмакратычных краінах лёгка пераходзяць у страты фінансавыя, бізнэсоўцы добра разумеюць. Другі чыннік – навуковая арганізацыя вытворчасці. Даўно вядома, што чалавечы патэнцыял – адзін з ключавых фактараў паспяховага функцыянавання бізнесу. Чым лепей задаволены патрэбы асобы, тым лепей яна будзе выконваць працоўныя абавязкі. Таму такія рэчы, як скарачэнне працоўнага дня да 7 гадзін і пераход на чатырохдзённую працоўную нядзелю сёння ініцыююцца менавіта працадаўцамі.

Забастоўка, арганізаваная брытанскімі прафсаюзамі ў 1926 годзе. Фота: raquelaliaga.wixsite.com

Роля прафсаюзаў на працягу ХХ ст. у развітых краінах паступова памяншалася. Але, паколькі большую частку мінулага веку мы правялі ў штучных савецкіх рэаліях, па-за межамі эвалюцыйнага эканамічнага развіцця, беларусы не заўважылі агульна міравых трэндаў. Такое ўражанне, што пасля распаду СССР мы ў сваім разуменні бізнэс-працэсаў вярнуліся да пачатковай кропкі – 1917 года – і глядзім на ўсё праз прызму “дзікага капіталізму”, які застаўся толькі на старонках падручнікаў.

Прафсаюзы ў Беларусі дагэтуль актуальная тэма. Усе ўпэўнены, што яны павінны быць, і ніхто не аналізуе, а што рэальна яны робяць? Членамі прафсаюзаў з’яўляецца большасць супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і пэўная колькасць прыватных.

Пры гэтым ніхто не марыць аб працы на “Гомсельмашы” ці “8 Сакавіка”, а ахвотных стаць праграмістам у заходняй кампаніі, дзе аб прафсаюзах ніхто не чуў, багата.

Патрыятычныя акцыі ў выкананні прафсаюза “Гомельводаканала”

Якія функцыі выконваюць беларускія прафаб’яднанні?

Самае галоўнае, у тэорыі, кантроль над тым, каб правы працоўных не парушаліся ні дзяржавай (праз заканадаўчыя нормы), ні наймальнікамі. Дзеля гэтага патрэбны незалежныя адзін ад аднаго бакі: дзяржаўныя ўстановы, бізнес, прафсаюзы. Але значная доля прадпрыемстваў у Беларусі – дзяржаўныя, прафсаюзы цалкам падпарадкаваныя дзяржаве. Паколькі ўсе ўдзельнікі граюць у адной камандзе, паміж імі не можа быць ні дыскусій, ні спрэчак. Усе маўкліва пагаджаюцца з тым, што заканадаўства падпарадкаванае дзяржідэалогіі, а не інтарэсам працоўных.

Пасля 2020 г. каласальная колькасць супрацоўнікаў была звольнена па палітычных прычынах, а прафсаюзы нават не спрабавалі за іх заступіцца.

У прыватных кампаніях усё яшчэ цікавей. Стварэнню ў іх прафячэек звычайна папярэднічаюць такія дыялогі.

Паміж уласнікам і прадстаўнікамі нейкай дзяржструктуры:

— Вам трэба стварыць прафсаюз.

— Навошта мне гэта?

— Іначай чакайце праверак і штрафаў.

Паміж уласнікам і наёмнымі супрацоўнікамі:

— Ствараем прафсаюз, будзеце адлічваць ад сваёй зарплаты пэўны адсотак дармаедам.

— Навошта нам гэта?

— Іначай нас закрыюць і застаняцеся без працы.

Парадаксальна, прафсаюзы задумваліся як ініцыятыва аб’яднання наёмнага персаналу, каб абараніць свае правы ад дыскрымінацыі наймальнікам. А ў Беларусі ўласнік мусіць угаворваць супрацоўнікаў далучыцца да прафсаюзаў, а калі тыя адмаўляюцца… уступае ў прафсаюз сам, каб хоць нейкім чынам выканаць “просьбу” звыш.

У дзяржарганізацыях ніхто нават не пытаецца, ці жадае чалавек уступіць у прафсаюз. Заяву на ўступленне даюць падпісаць адразу пры прыёме не працу і не тлумачаць, што гэта павінна рабіцца выключна па жаданні.

Аб тым, ці жадаюць члены прафсаюза ўдзельнічаць у “святочных шэсцях”, звычайна нікога не пытаюць

Кожны член прафсаюза аддае кавалачак, хай і невялікі, сваёй заработнай платы на ўнёскі. Лічыцца, што гэта робіцца дзеля яго ж блага. Якога? Дзяржаўныя фонды аплачваюць лісткі непрацаздольнасці і пенсіі (у гэтыя фонды кожны таксама аддае свае грошы ў выглядзе падаткаў). У перыяд жыццёвых цяжкасцяў прафсаюз прадпрыемства тэарэтычна можа аказаць матэрыяльную дапамогу. Але, па-першае, трэба каб эканоміка добра працавала, тады з годнай зарплаты чалавек павінен рабіць ашчаджанні, якімі можна скарыстацца ў разе патрэбы. Па-другое, у нашай краіне сабраныя прафсаюзам грошы нярэдка ідуць не на дапамогу працаўнікам, а на закупку таго, на што ў прадпрыемства няма грошай (стэнды з ідэалагічнай інфармацыяй, падпіска на дзяржпрэжссу і г.д.).

Прафсаюзны даюць квіткі на канцэрты. Але калі б рабочы не плаціў унёсак, то сам мы мог набыць сабе квіток на канцэрт. На які пажадае, а не на артыста Х., які не здольны самастойна сабраць залю, таму квіткі прымушаюць выкупаць прафсаюзы.

Прафсаюз можа часткова аплаціць нейкую вандроўку. Буйныя заходнія кампаніі таксама могуць зрабіць для супрацоўнікаў тымбілдынгавае мерапрыемства дзе ў Турцыі ці Егіпце. Толькі зробяць гэта не за сродкі супрацоўнікаў, як прафсаюз, а з уласнага прыбытку.

Такім чынам, каб члены прафсаюза не плацілі ўзнёскі, то за гэтыя грошы змаглі б купіць сабе ўсё тое ж самае. І нават больш, бо частка ўнёскаў ідзе на ўтрыманне штату прафсаюза.

Прафсаюзнае галасаванне на “Рэчыцадрэў”. Варыянтаў супраць у такіх галасваннях не бывае

Яшчэ прафсаюзы могуць арганізоўваць розныя спартыўныя і культурніцкія мерапрыемствы. Але добра, калі ёсць жадаючыя ў гэтым удзельнічаць. Бо як іх няма, то даводзіцца прымушаць кагосьці да ўдзелу (выпадкі, калі жонка просіць мужа, напрыклад, прабегчы марафон, бо ў іх аддзеле гэта няма каму гэта зрабіць, не рэдкасць).

Падобна, што роля прафсаюзаў у Беларусі настолькі ж завышаная, як і колькасць ягоных сябраў.

Па дадзеных Белстата, у 2023 г. было 4,125 млн. занятых у эканоміцы. Пры гэтым каля 2,3 млн працуе ў прыватных прадпрыемствах, з якіх толькі ў буйных і сярэдніх будуць створаныя прафсаюзы. Адных толькі ІП, якія дакладна не з’яўляюцца членамі прафсаюзаў, каля 250 000 асоб. Адкуль жа 4 млн. членаў прафсаюзаў? Падобна, што прафсаюзы не заўважылі таго, што ў 2020 годзе хтосьці выйшаў з прафсаюзаў у знак пратэсту, хтосьці з’ехаў за мяжу, каго звольнілі… Колькі сярод гэтых 4 млн. членаў мёртвых душ – можна толькі здагадвацца.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png