«Нам тут усім не салодка… Ды і фламастараў не хапае…» –  актывіст Міронаў выклаў перапіску з загіблым у гарадзенскай турме мастаком

by ZB

10 ліпеня палітвязня Алеся Пушкіна даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі без прытомнасці. Дактары спрабавалі яго выратаваць, рабілі аперацыю. Падчас яе, у ноч на 11 ліпеня, сэрца мастака спынілася.

У гэтыя дні беларусы з усяго свету, якія ведалі Алеся асабіста, якія пра яго проста чулі, якія пісалі яму лісты ў турму, у якой, як і тысячы іншых беларусаў, ён апынуўся за праўду і чалавечнасць, успамінаюць пра яго.

Вось як на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра Алеся піша гомельскі актывіст Ілля Міронаў, якога ўлады таксама ўжо шмат гадоў пераследуюць за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю.

“Два гады таму 4 мая 2021 атрымаў паштоўку ат Алеся Пушкіна, ат 23 красавіка 2021, яшчэ з СІЗО ПУ “Турма – 1”, – піша Ілля і прыводзіць цытаты таго ліста ад Алеся…

Ліст ад Алеся Пушкіну гомельскаму валанцёру Іллі Міронаву. Фота: Ілля Міронаў


Дарагі Ільля! Дзякуй за твой ліст падтрымкі, за такія добрыя паштоўкі – з такімі цытатамі! Так прыемна! І адну паштоўку я скарыстаю з той цытатай – каб даць каму вестачку, шматзначную” – бо не ўсе можна пісаць, атрымліваць – цэнзура… Дарэчы, цензар прапускае лісты, дзе паштоўкі розныя – гэтыя я атрымліваю, відаць вырашылі – раз мастак – то няхай вось яму цешаць душу паштоўкі з сусветнай клясікай мастацтва… І вось цапер, у маей 128 камеры – і Анры Руссо, і Міхаіл Врубель, і Яўген Зайцаў (класік беларускага мастацтва 1940-1960гг.) і Якуб Колас, і, вось дзякуючы табе, – У. Караткевіч. Праўда, харошая кампанія!!!! Нам тут усім не салодка… Ды і фламастараў не хапае – чорных і чырвоных! ( Памятаеш як у ўкраінскай песьне пра кашулю, што маці вышывала…). Крэпімся! Цісну руку – Алесь Пушкін.

Мастак Алесь Пушкін. Фота: spring96.org

За кратамі ў нечалавечых умовах Алесь правёў больш за два гады…

Пра тое, як яму ўдавалася выжываць у калоніі, вядома зусім няшмат. З кароткіх размоў з жонкай па тэлефоне, ад былых сукамернікаў, часам ускосна з лістоў, якія амаль не даходзілі.

Ад блогера і былога палітвязня Аляксандра Івуліна, які перасякаўся з ім у калоніі, стала вядома, што за першы тыдзень у ПК-22, падчас «каранціну», Алесь атрымаў два рапарты за «парушэнні» і апынуўся ў атрадзе ўжо ў якасці «злоснага парушальніка», што праз сваю чалавечую мяккасць і адкрытасць яму часта даводзілася вельмі нялёгка, у тым ліку наладжваць стасункі са зняволенымі і тым больш з адміністрацыяй калоніі…

Па тэлефоне сваёй жонцы Алесь абмовіўся, што ўмовы ў ПК-22 “яшчэ горшыя, чым было ў СІЗА на Валадарскага”, казаў, што вельмі хочацца хоць “чаго-небудзь смачненькага… Незадоўга да смерці за кароткі час Алесь схуднеў на 20 кг, а ў лістах прасіў перадаць спецыяльны пояс  скардзіўся на моцны боль у нырках…

Дакладна вядома, што 13 сутак Алеся ўтрымлівалі ў карцары… Туды яго змясцілі за непрыстойныя паводзіны. На адным з судовых пасяджэнняў, у знак пратэсту ён падрапаў сябе жывот. Падчас судовага пасяджэння 30 сакавіка ён распрануўся, каб усім былі бачныя драпіны на яго целе ў форме крыжа. Тады ён запатрабаваў свайго вызвалення і вызвалення іншых палітвязняў і падзякаваў усім прысутным у зале за ўдзел у палітычным перформансе.

Даведка “Штодзень”

Увагу на Алеся Пушкіна карныя органы Беларусі звярнулі праз данос праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Ёй не спадабаўся партрэт антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара, які выставілі ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Бондарава назвала выставу “рассаднікам нацызму”, пасля чаго Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць Алеся.

Мастаку прысудзілі 5 гадоў калоніі строгага рэжыму! Абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў па крымінальным арт. 370 і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па ч. 3 арт. 130 КК Беларусі. Той самы прыступны прысуд вынесла суддзя Алена Шылка, а пракурорам па справе выступаў Аляксандр Кароль.

11 лістапада 2022 года суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым — тэрмінам на паўтара года. Пасля гэтага Алеся этапавалі ў гарадзенскую турму №1, дзе ён і прабыў да самай смерці і дзе нібыта ў “неўстаноўленых абставінах” у цэнтры Еўропы, ва ўмовах здзекаў і катаванняў Алеся Пушкіна фактычна знішчылі…

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png