На Гомельшчыне насаджаецца культ “магільшчыцы” Рэчы Паспалітай 

by ZB

Праз фінансаванне некаторых маштабных праектаў на Гомельшчыне насаджаецца культ расейскай царыцы Кацярыны ІІ, якая далучыла да імперыі Беларусь. Хто прасоўвае каланіяльны праект “Дарогамі Кацярыны” і чаму беларусам трэба да яго ставіцца крытычна, чытайце ў матэрыяле “Штодня”.

Рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ Гомельскай вобласці адсправаздачыліся пра вынікі форума “Бізнес-дні ў Гомелі”, які прайшоў у пачатку снежня ў горадзе над Сожам. У межах дадзенага мерапрыемства, арганізаванага Гомельскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, распавялі пра вынік супрацы беларускіх спецыялістаў з расейскімі калегамі з Бранскай, Смаленскай абласцей і Санкт-Пецярбурга. Гаворка ідзе пра вялікі транспамежны праект “Дарогамі Кацярыны”, згодна якому будуць пракладзеныя турыстычныя маршруты па гістарычных месцах Гомельшчыны, якія “наведвала расейская імператрыца”. У прыватнасці, паведамляецца, што прапрацоўваецца як турыстычная інфраструктура, так роварныя адрэзкі шляхоў, магчымасці наведвання аб’ектаў, стварэнне тэматычных сувеніраў і г.д. Інакш кажучы, рукамі беларускіх удзельнікаў праекту будзе фактычна адбывацца папулярызацыя расейскай імператрыцы, пры якой пачалася анексія беларускіх тэрыторый у 18 стагоддзі.

Абмеркаванне праекту “Дарогамі Кацярыны” ў межах гомельскага бізнес-форуму. У цэнтры здымка – першы сакратар амбасады РФ, кіраўніца Рускага дому ў Гомелі Вольга Бараненка. Фота: гомельскія ведамасці

 

Пакінем у баку міфалогію пра “частыя і эпахальныя візіты” Кацярыны ІІ на Гомельшчыну (вядома насамрэч пра некалькі транзітных падарожжаў гэтай расейскай царыцы праз нашую зямлю). Але акцэнтуем увагу на тым, што з першых дзён анексіі усходніх земляў ВкЛ у 18 ст. пачалася рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да мясцовых эліт. У прыватнасці, 16 жніўня 1772 года Кацярына ІІ стварыла маніфест аб далучэнні Усходняй Беларусі, у якім, дарэчы, утрымліваліся пункты, паводле якіх магла адбывацца канфіскацыя маёнткаў у людзей, якія адмаўляліся прысягаць рускай дзяржаве. Дарэчы, той жа Гомель быў адабраны ў законнага ўласніка, князя Міхала Чартарыйскага, і перададзены ва ўласнасць царскага служакі Пятра Румянцава. У далейшым канфіскацыя стала эфектыўным спосабам змагання з нелаяльнымі мясцовымі шляхціцамі. Пасля далучэння ўсходніх земляў ВкЛ царыца раздала каля 142 тысяч прыгонных сялян 200 расейскім землеўласнікам.

Прэзентацыя праекта “Дарогамі Кацярыны” ў Бранску ў пачатку 2023 года. Выступае аўтарка ідэі Ірына Багданец

 

Прэзентацыя праекту “Дарогамі Кацярыны” адбылася ў лютым 2023 года. Вось што распавядала пра ідэю праекту яго ініцыятарка, дырэктарка ўстановы “Тэрыторыя развіцця – 21 стагоддзе”, Ірына Багданец:
– Ідэя стварэння новых турыстычных аб’ектаў узнікла на аснове легенд і гістарычных фактаў пра падарожжа Кацярыны ІІ па тэрыторыі Гомельскага і Кармянскага раёнаў. Менавіта гэтыя два раёны сталі першымі падпісантамі Пагаднення паміж Кармянскім раённым Саветам дэпутатаў і Гомельскім раённым Саветам дэпутатаў па ўзаемадзеянні ў рамках рэалізацыі праекту “Дарогамі Кацярыны”.

Пошук інфармацыі пра нараджэнку казахстанскага Цалінаграду (назва цяперашняй сталіцы Казахстану Астаны з 1961 па 1992 гг.) Ірыну Багданец паказвае, што яна раней працавала ў структурах улады, якія адказваюць за ідэалогію: узначальвала аддзел адукацыі і была галоўным спецыялістам аддзелу ідэалогіі Гомельскага райвыканкама. Ад нядаўняга часу яна кіруе ўстановай “Тэрыторыя развіцця – 21 стагоддзе”. Наяўнасць зарэгістраванай арганізацыі і шырокія сувязі з мясцовымі чыноўнікамі, якія ўсталяваліся падчас працы ў апараце ідэалогіі, дазваляюць ёй засвойваць сродкі, якія накіроўваюць разнастайныя фонды РФ, адказныя за прасоўванне “рускага міру” ў Беларусі.

Ранейшыя месцы працы Ірыны Багданец. Скрыншот з асабістай старонкі гераіні матэрыяла ў Фэйсбук

“Асноўны праект, які мы сёння абмяркоўваем і які падтрымаў Рускі дом, – “Дарогамі Кацярыны” – цікавы для абедзвюх краін (…) Ведаю, што многія рэгіёны Расеі далучыліся да праекту, яго цікава пашыраць (…) Праект намагаецца аднавіць маршрут паездак імператрыцы, якая любіла падарожнічаць (…) Маршурт не выпадкова пачынаецца з Гомельскай вобласці, на гэтай зямлі Кацярына бывала не раз і менавіта тут шлях вырашылі паўтарыць”, – заўважыла ў каментары “ГВ” нядаўна прызначаная кіраўнічка Рускага дому Вольга Бараненка.

З гэтай фразы вынікаюць, як мінімум, дзве высновы. Па-першае, РФ выдзяляе і будзе выдаткоўваць грошы на праслаўленне царыцы Кацярыны, якая паставіла крыж на дзяржаве нашых продкаў – Рэчы Паспалітай. Па-другое, для рэалізацыі дадзенага праекту будуць прыцягвацца чыноўнікі розных узроўняў, у выніку чаго ў іх будзе фармавацца лаяльнае стаўленне да расейскіх імперскіх наратываў, якія аспрэчваюць легітымнасць існавання незалежнай Беларусі ў цяперашніх межах.

Фантазійная гравюра ХІХ ст., у якой нібыта адлюстраваныя абставіны падарожжа Кацярыны ў 18 ст.

 

Заўважым, што дзякуючы “кіпучай дзейнасці” Ірыны Багданец да праекту ўжо далучаныя ўстановы адукацыі Гомельскага і Кармянскага раёнаў, мясцовыя чыноўнікі,“дэпутаты” і студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны.

Гомельскі праект “Дарогамі Кацярыны” ўжо займеў падтрымку ў РФ, мае ўзнагароджанні ў намінацыі “За захаванне адзінай саюзнай культурнай спадчыны” ў намінацыі “Найлепшая ідэя турыстычнай падзеі”, фінал якой праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе. А ў пачатку 2024 года стартуе міжнародны конкурс на лепшыя ідэі “Сувеніры ад Кацярыны”, вынікі якога будуць падведзеныя ў траўні на форуме “Вясна ў Гомелі”.

Такім чынам, мы назіраем дзіўную сінергію высілкаў расейскіх фондаў, дзяржструктур Беларусі і мясцовых праваднікоў “рускага міру”, якія садзейнічаюць усяляк усталяванню культу магільшчыцы Рэчы Паспалітай Кацярыны ІІ. Дадзеная тэндэнцыя супадае з узмоцненым змаганнем апалагетаў рэжыму з усімі праявамі карэннай беларускай культуры, зачысткай нацыянальна арыентаваных арганізацый і СМІ, ліквідацыяй надпісаў на лацініцы і барацьбой з іншымі прыкметамі еўрапейскай гісторыі Гомельшчыны.

Штодзень 

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png