Сям’я сына гомельскага палітвязня Андрэя Толчына просіць дапамогі: маленькай Лары трэба рэабілітацыя

by ZB

Былы гомельскі журналіст Андрэй Толчын за кратамі з верасня 2023 года, прызнаны палітвязнем. 21 сакавіка суд прызначыў яму пакаранне ў 2,5 гады калоніі. Ягоны сын Станіслаў даволі працяглы час жыве ў Польшчы, тут знайшоў каханне і стварыў сям’ю з Аляксандрай.

Палітвязень Андрэй Толчын

«Такога ў мяне ніколі ў жыцці не было. Як упершыню пабачыў фотаздымак будучай жонкі, я зразумеў, што гэта мой чалавек, – дзеліцца ўспамінамі Станіслаў Толчын. -Я тады яшчэ не вельмі гаварыў на польскай, мы стараліся размаўляць, але я казаў павольна, падбіраючы словы».

Вясельнае фота Стася і Аляксандры

«Я не выязджала ніколі з Польшчы на працу, ці неяк так. Але як я пазнаёмілася з Стасам, дык не мела для мяне значэння, адкуль ён», – дадала Аляксандра. «Мы з паўслова разумелі адно аднаго. Пасля стварылі сваю сям’ю, нарадзілася першая Марынка», – усміхнуўся Станіслаў. Паводле Аляксандры, «Марынка з’явілася таксама заўчасна, на 33-м тыдні, але яна была здаровай».

У сям’і таксама ёсць і трэцяе дзіцё – падлетак, сын Аляксандры ад першага шлюбу. «Вялікі ўжо хлопец», – усміхнулася яна.

Лара-Надзея

Іншая гісторыя была з Ларай, з Марынай яны пагодкі. Яна нарадзілася крайне неданошанай на 28-м тыдні цяжарнасці і з’явілася на свет пасля цяжкіх родаў. «У жонкі быў шокавы стан, вельмі доўга мы нараджалі», – прыгадвае Станіслаў сумесныя роды.

Паводле яго, лекары давалі несуцяшальныя прагнозы, і па тэрмінах жыцця Лары і па яе стане. «Урачы даследавалі яе мозг і казалі” безнадзейныя рэчы проста. У нас апускаліся рукі», – апісваў Станіслаў. У гэтыя часы бацькі вырашылі даць другое імя дзяўчынцы – Надзея.

У дзіця было некалькі кровазліццяў у мозг, ёй дыягнаставалі гідрацэфалію, але з гэтым атрымалася справіцца. Ёсць праблема са зрокам.

Таксама Лары паставілі дыягназ дзіцячы цэрэбральны паралюш. «Гэта хвароба, якая будзе да канца жыцця. Але яна не заўсёды азначае, што чалавек будзе прыкаваны да ложка. Будзе слабейшы адзін бок», – адзначыла Аляксандра.

Сястрычкі Марынка і Лара

Самі бацькі таксама былі не ў лепшым фізічным і псіхалагічным стане.

«Лары трэба рэабілітацыя. Рэчы для яе, гарсэты, спецыяльныя бацінкі, вертыкалізатар, каб яна змагла стаяць і вучыцца хадзіць», – апісаў Стас.

Як можна дапамагчы

У сям’і пасля нараджэння Лары пачаліся складаныя часы і ў фінансавым плане. Каб дапамагаць жонцы і бываць болей дома, Станіслаў быў вымушаны змяніць працу, бо з мінулай ён быў заўсёды ў раз’ездах. «Каб забяспечваць сям’ю ўсім, я вельмі многа працаваў. Калі нарадзілася Лара, мы прыйшлі да рашэння, што трэба змяніць працу, каб я мог болей дапамагаць. Бо Лару трэба завезці на рэабілітацыю, па ўрачах, каб быў побач, кожны дзень мог дапамагчы», – патлумачыў ён.

Цяпер ён на фірме працуе рабочым, кажа, што гэта часовае рашэнне. Ёсць дапамога ад дзяржавы, сям’я чакае сацыяльнае жытло, але на сёння арэнда і іншыя расходы ім аплачваць вельмі цяжка.

Дайшло да таго, што ў нейкі момант яны закладалі ў ламбардзе заручальныя пярсцёнкі.

Сям’я Толчыных просіць пра дапамогу неабыякавых людзей, для збору грошаў яны стварылі дзве старонкі.

 

Першая праз фундацыю Siepomaga.

Другая на сайце Zrzutka.

Трэці шлях дапамогі даступны для тых, хто афіцыйна плаціць падаткі ў Польшчы. Яны могуць пералічыць на рэабілітацыю Ларысы-Надзеі Толчынай 1,5% падаткаў.

 

Numer KRS 0000396361

Cel szczegółowy 1,5%

0291476 Larysa Nadia

Навіны пра Лару сям’я публікуе на старонцы ў Facebook і Instagram.

«Бываюць дні, калі мне цяжка ўстаць з ложка, бываюць ночы, калі я плачу ў падушку, але горкія моманты праходзяць, калі я гляджу на сваіх дзяцей, якія кожны дзень паказваюць мне, якія яны смелыя», – пісала Аляксандра ў апісанні збора.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png