Меркіс: «У Польшчы прызнаюць, што беларусы істотная сіла і мы розныя»

Гомельскі журналіст і экс-палітвязень Яўген Меркіс падзяліўся са «Штоднём» уражаннямі ад прыёму прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, у якой прымала ўдзел дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Фота: Штодзень

Мерапрыемства прайшло 13 студзеня ў Бельведэрскім палацы – рэзідэнцыі прэзідэнта Польшчы. Такія сустрэчы запачаткаваў у 2022 годзе папярэдні кіраўнік польскай дзяржавы Анджэй Дуда, а для Караля Наўроцкага гэта была першая сустрэча з беларусамі такога фармату.


Якія ўражанні ад прыёма?

У мяне вельмі пазітыўнае ўражанне ад прыёма. Усё было арганізавана на вельмі годным высокім узроўні. Было месца таксама не толькі для самога прыёму, але і для выставы беларускай мастачкі мастачкі Кацярыны Еўдакімавай пра беларускіх палітвязняў. Далі таксама магчымасць праявіць сябе там гурту калядоўшчыкаў. Ьыло бачна, што гэта было ў пэўным сэнсе партнёрства, а не навязаны, умоўна кажучы, польскім бокам нейкі свой прыём. Не магу сказаць, што мяне нешта вельмі моцна ўразіла, прыём ёсць прыём, але ён на досыць высокім узроўні, гэта ўсё ж такі прэзідэнт Польшчы.

 

Чаму для беларусаў важныя такія мерапрыемствы?

Па-першае, таму што беларусаў прызнаюць як істотную сілу. У Польшчы прызнаюць таксама, што беларусы розныя: не толькі ёсць рэжым альбо рэжымныя беларусы, каторыя ў тым ліку падтрымліваюць там і расейскую агрэсію ва Украіне і настроены вельмі часта супраць Польшчы. Польскі бок, нягледзячы на гэта, нягледзячы на пагрозы, каторыя існуюць з боку рэжыму, каторы ўвесь час «Паланэзамі» лязгае раз пораз, працягвае дыялог. І гэты дыялог досыць пазітыўны. У такой сітуацыі няма такога, што вось мы тут цывілізацыя, культура! А вы так ужо да нас падніміцеся калі небудзь дасягнеце нас.

Для беларусаў гэты прыём таксама важны і для таго, каб прадэманстраваць сваю еднасць, таму што пад адным дахам сабраліся людзі з рознымі поглядамі з розных палітычных кірункаў. І, нягледзячы на ўсе сваркі, усё ж такі мы былі ў чарговы раз разам. Гэта была таксама файная магчымасць яшчэ больш палепшыць нефармальныя сувязі, паразмаўляць, абмяркоўваць нейкія праекты, актуальныя нейкіх падзей. Пэўныя чэргі былі не толькі да самога спадара Наўроцкага, але і таксама да Святланы Георгіеўны, напрыклад, што сведчыць аб тым, што пэўную ўвагу гэтыя людзі ўсё яшчэ маюць. Маю на ўвазе Святлана Георгіеўна. І гэта таксама станоўчы факт.

І трэці пункт, вельмі важная штука. Можна проста параўнаць з украінцамі. Наколькі мне сказалі, традыцыі такіх вось прыёмаў для іх няма. І гэта пры тым, што Украіна зараз у фокусе ўвагі, у Польшчы іх значна больш у колькасным складзе. Я думаю, і трэці сектар вялікі, таксама ёсць вялізная колькасць экспертных арганізацый і трэнераў і палітычных структур. І пры ўсім пры гэтым такога прыёму ў іх, напрыклад, няма. І пры тым, што для беларусаў гэта не першы прыём, а серыя з пэўнай традыцыяй.

На прыёме спадар Наўроцкі ў чарговы раз не проста агульныя прыгожыя словы, але выказаўся, што падтрымка незалежнай дэмакратычнай Беларусі будзе заставацца адным з пунктаў у палітыцы Польшчы.

 

Ці ёсць чаму нам павучыцца на такіх прыёмах ці, можа, прэзідэнт Польшчы нешта пабачыў пра беларусаў новае?

Я не ведаю, чаму нам павучыцца, ўзаемапавазе, салідарнасці. Я не ведаю, чаму. Беларусы вельмі добра і годна трымаюцца. А што прэзідэнт Польшчы пабачыў пра беларусаў, я да канца не ведаю. Яму надарылі вялізную колькасць самых розных падарункаў, мяркую, сказалі розных файных рэчаў. Я не ведаю, наколькі яму спадабалася калядная пастаноўка Шчодрыкі. Напэўна, нешта новае для сябе ён убачыў, бо гэта для яго быў такі першы прыём.

Штодзень

Слайдар пастоў