На сцежцы здароўя ў Мазыры, якая праходзіць ад Баброўскага да Прымаставой, вечарам няма асвятлення. На праблему звярнуў увагу мясцовы жыхар, які зняў відэа ў абсалютнай цемры каля васьмі вечара.
“Як тут бегаць? Сцежка здароўя, напэўна, каля васьмі вечара. Летам, калі было светла, тут ліхтары гарэлі. Восенню, калі стала цёмна, ліхтары вырашылі вырубіць”, — кажа бягун.
Гэта не нейкі глухі завулак, а маршрут, прызначаны менавіта для прагулак і заняткаў спортам. У цемры ён ператвараецца ў патэнцыйна небяспечнае месца: не відаць няроўнасцяў, іншых пешаходаў, веласіпедыстаў. Жыхар падкрэслівае, што гаворка не аб неабходнасці ўключыць усе ліхтары ў горадзе: “Хаця б парачку гарэла ліхтароў”. Але ўвечары ў панядзелак, паводле яго словаў, “ніводнага не гарыць”.
Праблема начнога асвятлення для Мазыра хранічная. Пра яе “Штодзень” пісаў яшчэ вясной, калі жыхары звярталіся да новага кіраўніка раёна Аляксандра Верамеева са сваімі чаканнямі. Тады адзін з чытачоў адзначаў, што пасля першай ночы ў горадзе цалкам выключаюць ліхтары, у выніку чаго Мазыр выглядае “як хутар”. Асабліва небяспечнымі застаюцца перакрыжаванні і пешаходныя пераходы: кіроўцам даводзіцца ехаць з дальнім святлом, каб не заўважыць чалавека занадта позна.
Іншая жыхарка распавядала, што сама ледзь не прапусціла пешахода на неасветленым пераходзе. Яна лічыла, што асвятленне трэба перагледзець прынамсі ў цэнтры горада. На гэтым фоне просьба ўключыць некалькі ліхтароў на сцежцы здароўя выглядае не завышаным патрабаваннем, а мінімальнай умовай бяспекі.
Мазырцы чакалі, што пасля змены кіраўніцтва раёна будуць вырашацца такія штодзённыя праблемы: разбітыя дарогі, ЖКГ, азеляненне, медыцына і асвятленне. Аднак нават там, дзе не патрабуюцца вялікія будоўлі ці шматгадовыя праграмы, зменаў пакуль не відаць.
Затое Дзень горада ў Мазыры адзначылі шырока. Да 871-годдзя падрыхтавалі канцэрты, гандлёвыя кропкі, забавы ў парку. Вечарам над Прыпяццю было лазернае шоу і феерверк, пасля — дыскатэка. На свята, танцы і агні ў небе рэсурсы знаходзяцца. А вось каб на сцежцы здароўя пасля надыходу цемры гарэла хоць некалькі ліхтароў, мясцовым жыхарам пакуль даводзіцца нагадваць асобна.