Навіны горада

Маркі з совамі і народнымі рамёствамі – навінкі беларускай філатэліі

Выйшлі ў абарачэнне дзве паштовыя маркі на тэму “Народныя рамёствы” з серыі “Сумесны выпуск Беларусі і Азербайджана”. На марках – саломапляценне Беларусі (знакаміты беларускі саламяны павук) і меднае мастацтва горнага паселішча Лагіч у Азербайджане. І беларускае саломапляценне, і азербайджанскае меднае мастацтва Лагіча ўключаныя ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Над дызайнам марак працавала Марына Віткоўская.
belpost.by

 

30 лістапада выйшлі ў абарачэнне адразу восем паштовых марак з совамі з серыі “Птушкі Беларусі”. Над імі працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Віткоўская. Героямі серыі сталі восем відаў соваў. На малым лісце яны размешчаны адпаведна розным сезонам. Пералётныя на левым баку на вясновым фоне, аселыя – на летнім і восеньскім, зімнія госці – зімой. Тэлеграм-канал “Дзікая прырода побач” распавядае, што гэта за віды:

– Соўка-сплюшка, якая атрымала сваю назву праз песню “сплю… сплю”.

– Балотная сава, якая гняздуецца на зямлі.

– Сыч-сіпель, які часта гняздуецца ў плітах перакрыцця прыпынкаў.

– Пугач – самая вялікая сава Еўропы.

– Даўгахвостая кугакаўка, якая гняздуецца толькі на поўначы краіны.

– Вераб’іны сычык – самая маленькая сава Еўропы, ён крыху большы за вераб’я.

– Сава-бярозаўка, што звычайна гняздуецца ў тайзе.

– Белая сава, якая гняздуецца ў тундры.

 

Фота: belpost.by

 

Маркі выпусціла Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі.