Беларусы пасварыліся праз снег

by homieldays

Камунальнікі на Гомельшчыне не спраўляюцца з прыборкай снега. Маршруты некаторых прыгарадных аўтобусаў аказаліся скасаваныя праз непачышчаныя дарогі. Чыноўнікі спрабуюць мабілізаваць бюджэтнікаў і дзяцей на прыборку снега. А ў тэматычных чатах самых розных гарадоў не суціхаюць спрэчкі, хто мусіць прыбіраць вуліцы ад снегу: самі жыхары ці камунальнікі. “Штодзень” вывучыў аргументы абодвух бакоў.

Так выглядаюць ходнікі ў Рагачове. Фота: інтэрнэт-карыстальнікі

 

“Вуліца Леніна. Вы лічыце гэта нармальна? Не праехаць не прайсці! Трактар забыўся, відаць, даехаць!!!” — Піша маці з калыскай. Ёй адказвае нейкі мужчына з нікам Косця: “На санках трэба ездзіць, а не на калысцы. Вы б яшчэ веласіпед узялі і паехалі”. На што жанчына эмацыйна адпісвае: “Які разумны!! А калі дзіцяці 6 месяцаў? Якія санкі яму? Ці цяпер такім бацькам з дзецьмі 6-месяцовымі дома сядзець і ў краму не выйсці?!” Аднак Косця не спыняецца ў сварцы і размяшчае фотаздымак калыскі з палазамі і дадае, каб жанчына набыла сабе такую калыску і “не парылася”. Тут падключаецца іншая жанчына з допісам: “Мужчына, ужо ўсе зразумела, што дзеці і вы — гэта не сумяшчальна. Санкі вы знайсці на прасторах інтэрнэту змаглі, дык, можа, і набудзеце кожнай маці, і пытанне знятае. А што датычыцца хлопцаў, якія чысцяць снег, дык здыміце кароны, папрацуйце хоць узімку, яна не такая даўгая. Не станавіцеся на ўзровень жанчын, вы і так знікаючы від”.

З калыскай тут праехаць цяжка
Сварка ў сацыяльных сетках

Многія бюджэтнікі вымушаныя махаць лапатамі ў свае выходныя дні. Сярод іх — і медыкі. Аднак патрапіць на стаянкі да многіх бальніц таксама праблематычна. Напрыклад, карыстальніца з Рагачова напісала: “Пайшоў пяты дзень, як тут не ступала нага чалавека. Хацелася б даведацца, як пад’ехаць да бальніцы на яе стаянку???” На што ёй абурана адпісваюць, што медыкі самі ў свой выходны чысцілі тэрыторыю: “Дзякуй бы сказалі, а Вы прэтэнзіі свае медыкам выказваеце. Адрасат па дарогах, напэўна, іншы, а не прэтэнзіі да медыкаў”.

У некаторых чатах, якія мадэруюцца праўладнымі адмінамі, крытычныя каментары выдаляюцца, а застаюцца толькі адказы ў стылі “выйдзіце і самі пачысціце снег. Па ўсёй вобласці праводзяцца акцыі, калі грамадзяне дапамагаюць чысціць снег. Напрыклад, у Петрыкаве ў выходныя валанцёры і працоўны калектыў першай школы ачысцілі снег на вуліцах. На любую крытыку на непачышчаны снег з’яўляюцца адказы ў чатах: “У нас у двары мы самі выйшлі і пачысцілі паркоўкі”, “З акна глядзець і каментаваць заўжды лягчэй і зручней. Магчыма, у Вас больш мужыкоў у доме няма”.

 

А ў чаце “Рагачоў афіцыйны” з’явіўся цэлы допіс ад пенсіянеркі наконт тых, хто крытыкуе непачышчаны снег: “Не прыкрывайце сваю ляноту і непрыстасаванасць да жыцця дзіцёнкамі і пенсіянерамі. Дзеці яшчэ не разумеюць, а пенсіянеры перажылі і не такі снег і марозы. Гурбы былі па агароджы, а ў школу хадзілі па дахах калгасных пуняў. Дапамогі ні ад каго не чакалі, спадзяваліся толькі на сябе і працавалі. Не нагнятайце абстаноўку. Няма прычыны па гурбах штурхацца з малым дзіцём…” Гэтае паведамленне тыражуецца па ўсіх рэгіянальных чатах.

На адным з Мазырскім чатаў усе крытычныя каментары павыдалялі і напісалі прыміральнае: “Дарожныя службы і ЖКХ не спраўляюцца, дапамагайце адно аднаму ў дарозе. У каго выходны не палянуйцеся, выйдзіце і пачысціце двор.”

У Рагачове медыкі чысцілі тэрыторыю ў свой выходны дзень

 

Аднак у некаторых раёнах Гомельшчыны аўтобусы не могуць даехаць да канцавой станцыі праз непачышчаны снег на дарогах. Напрыклад, у Рагачоўскім раёне аўтобус Рагачоў-Навасёлкі не змог даехаць да канцавой станцыі менавіта па гэтай прычыне.

“Учора набыла квіток на вечаровы рэйс Рагачоў — Навасёлкі. Усё было добра, пакуль, пад’язджаючы да Заполля, кіроўца не сказаў, што далей не павязе, у Навасёлкі ён не паедзе, Высадзіўшы пасажыраў, паехаў далей. Прабачце, але хто мне будзе кампенсаваць страты? Я з велічэзным чамаданам, па небяспечнай дарозе ішла пешшу да ДСРУ. Затым прыйшлося выклікаць таксоўку, каб даехаць да дому”.

Як патлумачыў аўтапарк Рагачова, аўтобус не мог далей праехаць менавіта праз непачышчаную праезную частку.

Паводле тэлеграм-канала Nadvorie, у снежні на поўдні Беларусі чакаецца болей ападкаў: 10-20 мм, што на 30-50% болей за норму. Ці будуць камунальнікі і ўлады Гомельшчыны падрыхтаваныя да такіх умоў надвор’я, альбо зноў будуць прапаганадаваць думку, што грамадзяне самі павінныя чысціць снег.

Штодзень 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png