Навіны горада

Манументальная забудова можа негатыўна паўплываць на здароўе жыхароў усяго раёна

Ушчыльненне Савецкага раёна Гомеля манументальнай забудовай абмяркоўваецца не адзін год. Падобна, што адзін з праектаў, два гмахі па вул. Косарава, неўзабаве пачне рэалізоўвацца. Наколькі задума з’яўляецца прагрэсіўнай, што важней – эстэтыка ці два туалеты, чытайце ў матэрыяле “Штодня”.

Праект новага дома па вул. Косарава

 

На паўкіламетровым кавалку вул. Косарава плануецца ўзвесці два дзесяціпавярховыя дамы. Першапачаткова (праект актыўна абмяркоўваўся ў 2018 г.) забудова павінна была складацца з рознавысокіх будынкаў (ад 5 да 10 паверхаў). Чаму праект быў зменены, зразумела: чым больш кватэр, тым больш грошай атрымае забудоўшчык (дзяржаўнае прадпрыемства Гомельскі домабудаўнічы камбінат). На першы погляд, гэта выгадна і пакупнікам: сабекошт аднаго метра будзе ніжэйшы. Але ў доўгатэрміновай перспектыве манументальная забудова можа негатыўна паўплываць на здароўе жыхароў усяго раёна.

На плане 2018 г. забудова мае чаргаванне ўзроўню вышыні

 

У жывой прыродзе амаль не сустракаюцца манументальныя аб’екты з нязменнай вышынёю. На розным узроўні знаходзяцца вершаліны дрэў у лесе, пагоркі чаргуюцца з раўнінамі, горы маюць пікі і нізіны і г.д. Таму псіхіцы чалавека цяжка адаптавацца да роўных штучных аб’ектаў, як вынік – псіхасаматычныя праблемы, якія, у сваю чаргу, выклікаюць непаладкі ў арганізме на фізіялагічным узроўні. Менавіта таму адным з паказчыкаў якасці архітэктуры ХХІ ст. з’яўляецца рознапавярховасць.

У тым, што доўгія маналітныя будынкі выклікаюць пачуццё трывогі і дыскамфорту, можна пераканацца, калі прагуляцца ўздоўж падобных гмахаў. Хапае шматпад’ездных дамоў, напрыклад, на Старым Аэрадроме, па вул. Кожара. Адчуванне прасторы ля дома-сценкі і побач, у дварах, забудаваных адносна невялікімі па памерах хрушчоўкамі, зусім рознае.

Вул. Кожара ў Гомелі

 

Штосьці дэпрэсіўнае адчуваеш і ля доўгіх гмахаў на скрыжаванні вул. Майсеенка і Пляханава. І справа не толькі ў занядбанасці фасадаў. У гэтым месцы застаецца толькі радавацца, што падобнай манументальшчынай не была забудавана большая прастора (быў такі праект у свой час).

Калі гэтыя прыклады не падаюцца пераканаўчымі, раім звярнуць увагу на дэкарацыі з нядаўняй экранізацыі рамана “Майстар і Маргарыта”. Гігантычна-манументальная цьмяная забудова, якая, замест таго, каб уражваць, наўпрост палохае, – не прыдумка аператараў ды сцэнарыстаў. У стужцы (хай і трохі ўмоўна) паказана, як бы выглядала Масква, каб праект татальнай перабудовы 1935 года быў рэалізаваны.

Хмарачосы, не толькі высокія, але і доўгія, выклікаюць пачуццё трывогі, ад іх хочацца схавацца. Як кантрасна выглядае невялічкая хаціна з утульным дворыкам, дзе жыве Майстар! (А колькі такіх хатак было знесена ў Гомелі за апошнія дзесяцігоддзі, каб саступіць месца бяздушным бетонным няўклюдам?..). Хадзіць пешкі па такіх кварталах было б нязручна, бо маналітнасць забудовы рабіла б шлях занадта доўгім. Замест зеляніны – граніт. Няма цяністае алеі, дзе Берліёз мог бы схавацца ад спёкі.

Дарэчы, а дзе будуць хавацца ад спёкі жыхары новых дамоў па Косарава? Падземныя гаражы ў 10-павярховым гмаху праектам не прадугледжаны, значыцца, усё магчымае месца зойме паркоўка (ні дзіўна, што замест тэрас са свежым паветрам мы маем ашклёныя балконы: на што дзівіцца, на бязмежны асфальт?).

Паркоўка замест зялёнай зоны

 

Праект прадугледжвае зялёную зону з адваротнага боку будынка. Але ніхто не гарантуе, што яна будзе рэалізавана. Падобна, што дзеля гэтага спатрэбілася б зносіць частку прыватнага сектара, што істотна павялічыла б кошт. Да таго ж, як перадаюць словы дзяржаўныя СМІ, забудоўшчык адразу казаў, што “з тылу будзе добраўпарадкаваная зялёная прагулачная прастора для дзяцей і дарослых, хоць і яе часткова размецяць пад паркоўку”. Цалкам магчыма, што зялёная зона застанецца такім жа папяровым элементам праекта, як школа і дзіцячыя садкі ў Шведскай горцы.

Усе вышэйпералічаныя недахопы забудоўшчык прапануе кампенсаваць некалькімі “бонусамі”. Наяўнасць дзвюх прыбіралень, канешне, рэч камфортная. Але, па-першае, мець іх пашчасціць толькі ўладальнікам трохпакаёвак, па-другое, псіхалагічны ціск ад манументальнасці і суцэльнага асфальту замест зялёнай зоны ніякія прыбіральні не заменяць. Тое, што дзверы ў пад’езды будуць адчыняцца і з боку вуліцы Косарава, і з боку двара, зручна. Але толькі для тых, хто мае чып ад дамафона, астатнім давядзецца абыходзіць даўжэнны будынак (больш за 200 м). Бо аркі ў косараўска-“кітайскай” сцяне не прадугледжаны. Корабы на фасадзе для кандыцыянераў, гэта добра. Але ёсць значна лепшыя рашэнні азначанай праблемы. Пра гэта “Штодзень” пісаў тут

Бадай, адзінае, за што хочацца пахваліць праект, гэта забудова першага паверха на мінімальна магчымым узроўні. Патрапіць у пад’езд можна будзе непасрэдна з ходнікаў, без прыступак і пандусаў.

Нельга назваць сучаснай і саму ідэю ўзвядзення жылля, якое істотна памножыць шчыльнасць насельніцтва, у спальным макрараёне. Офісаў ці прадпрыемстваў побач няма. Большасці новых жыхароў давядзецца ездзіць на працу ў іншыя часткі горада, што павялічыць напружанасць на дарогах. Спальныя мікрараёны актыўна будавалі ў ХХ ст., а потым прыйшло разуменне таго, што кожная частка горада павінна быць аўтаномнай, каб за 10-15 хвілін можна было пешкі дайсці да ўсяго: працы, жылля, крамы, паліклінікі і г.д. Тэрыторыя паміж Косарава і 70 год БССР, зараз забудаваная пераважна прыватным сектарам, дае магчымасць як раз такой забудовы. Ці хаця б размяшчэння тутака таунхаусаў і іншых малапавярховых дамоў з прылеглымі зялёнымі зонамі. Але, на жаль, такія варыянты асваення гарадской прасторы ў Гомелі пакуль не разглядаюцца.

Штодзень