На сайтах гомельскіх дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў з’явіліся новыя іконкі — “кітайская мова”. Цяпер аўтаматычны пераклад на кітайскую можна ўбачыць нават на старонках Галерэі Вашчанкі, БМЗ, кандытарскай фабрыкі “Спартак” і Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Падобна, што гэта не лакальная ініцыятыва, а вынік цэнтралізаванага рашэння.
Паводле эканамічнай логікі, такі крок цалкам прадказальны: Кітай — другі гандлёвы партнёр Беларусі пасля Расеі, і ягоная роля ў рэгіёне няспынна расце. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ў адным з інтэрв’ю адзначаў, што за апошнія пяць гадоў тавараабарот Гомельскай вобласці з Кітаем вырас больш чым удвая, а 20 прадпрыемстваў рэгіёна ўжо акрэдытаваныя для паставак прадуктаў харчавання ў КНР. Аснову экспарту складаюць цэлюлоза, мясная, малочная, кандытарская і спіртавая прадукцыя, у той час як імпарт з Кітая — гэта прамысловыя тавары: рухавікі, станкі, распыляльныя і іншыя механічныя прылады.




