Творы са школьнай праграмы па літаратуры варта пазней перачытваць, бо бачыш у іх зусім іншыя рэчы. Наўрад ці хто з дзетак зверне ўвагу на наяўнасць у галоўнага героя Уладзіміра Караткевіча з “Чорнага замку Альшанскага” кававага апарата. Дарослы ж здзівіцца, адкуль у савецкія часы не турка, а менавіта кавамашына? Як жылі каваманы за жалезнай заслонай, вывучаў “Штодзень”.
У першыя дзесяцігоддзі пасля бальшавіцкай рэвалюцыі імпарт кавы ў СССР скараціўся, бо напой меў занадта “буржуазную” рэпутацыю. Кававае адраджэнне пачалося ў часы адлігі 1960-х. Дэкаланізаваныя краіны бачылі ў камуністах хаўруснікаў і ахвотна абменьвалі каву на зброю.
Першай краінай сацлагера, якая пачала выпускаць кававыя апараты, стала Венгрыя. У 1963 г. гэтая машына была завезена і ў СССР. Трохі пазней вытворчасць эспрэса-кававарак распачалася на маскоўскім заводзе “Дынама”. Падобна, што якасць напою, прыгатаванага ў такой прыладзе, была даволі нізкай. Але хто тады ведаў, якія смак і водар павінны быць у сапраўднага эспрэса?
У 1960-я можна было набыць гейзерную кававарку вытворчасці Варонежскага авіяцыйнага заводу альбо кастрамскога “Тэкстыльмашу”. У 1970-х пабачыла свет кававарка для аўтамабіляў. Але шалёнага попыту на яе было, бо колькасць аўтамабілістаў у СССР была не такой ужо і вялікай. У 80-х з’явіліся кропельныя кававаркі “Бадзёрасць”, вельмі падобныя на сучасныя (пластыкавы корпус, шкляны імбрычак).
Ручныя млыны для кавы з’явіліся ў СССР яшчэ ў 1950-я. Яны былі падобныя на мясарубкі і таксама прымацоўваліся да стала. Пазней з’явіліся і электрычныя кавамолкі.
Такім чынам, герой Караткевіча ў 1960-х сапраўды мог мець і свежазмолатую каву, і нейкі апарат для яе прыгатавання.
А ці былі ў вашай сям’і нейкія савецкія прылады для кавы?