Якія раёны ў Гомелі самыя “перагрэтыя”

by ZB

Эколаг Дзмітрый Янкоў разважае ў блогу на сваёй старонцы ў ФБ пра “самыя спякотныя плямы ў Гомелі” і прапаноўвае рашэнні  на па паніжэнні тэмпературы ў горадзе ў летні перыяд.

 

Дзмітрый Янкоў. Фота: ФБ-акаўнт аўтара

Дзмітрый Янкоў:
На здымку – Гомель у інфрачырвоным спектры па стане на 20 чэрвеня 2022 года. Вадаёмы самыя халодныя – амаль чорныя, пурпуровыя зоны – даволі прахалодныя, аранжавыя – цёплыя, і самыя гарачыя – цёмна-зялёныя.

Фота: Дзмітрый Янкоў

Адразу адзначаецца эфект выспы цяпла – гэта калі тэмпературы ў горадзе на некалькі градусаў перавышаюць тэмпературы наваколля. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ўночы. Такія анамаліі не толькі змяняюць мясцовы мікраклімат, але і ўзмацняюць хвалі спякоты, павялічваючы дадатковую смяротнасць. Вядома, што дадатковая смяротнасць ад спякоты ў Еўропе ў 2022 годзе склала каля 61 тысячы чалавек, а ў адной Маскве ў 2010 годзе – 10 тысяч чалавек.

Калі больш падрабязна разгледзець наш горад, то можна пабачыць відавочныя заканамернасці. Самыя гарачыя вобласці – гэта прамзоны і асабліва буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў іх. Таксама перагрэтыя вялікія транспартныя артэрыі і цэнтр гораду без азелянення. Не зусім відавочнымі, прынамсі для мяне, гарачымі аб’ектамі аказаліся новыя мікрараёны. Як правіла, гэта бетонныя каробкі сярод пяску, пазбаўленыя хоць якой зеляніны.

У Гомелі самымі спякотнымі плямамі з’яўляюцца Цэнтраліт, ЗЛін, Хімзавод, Сельмаш і Завод самаходных камбайнаў. У цэнтры гораду вылучаюцца кластары: СтанкаГомель-ГомельХлебПрам-Камінтэрн, 8 сакавіка-Труд, Спартак-Сударамонтны, а таксама раён вакзалу.

З самых няўтульных па тэмпературы мікрараёнаў у Гомелі бачацца Шведская Горка, Клёнкаўскі і Мельнікаў Луг. Зразумела, што лесапаркі, паркі і скверы ахалоджваюць тэрыторыю. Нават двары з добрым азеляненнем робяць жыццё ў іх больш камфортным. Гэта бачна на прыкладзе Старога Аэрадрома.

Што трэба рабіць, каб захаваць жыцця і здароўе гараджан? Так, ствараць больш шчыльную комплексную сетку азелянёных тэрыторый. Акрамя гэтага, неабходна пачаць ствараць у гарадах “зялёныя дахі”, абараняючы будынкі ад перагрэву. З тэхнічных метадаў можна адзначыць выкарыстанне фасадных і дарожных матэрыялаў больш светлых тонаў.

 

Штодзень
Аўтар: Дзмітрый Янкоў

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png