“Я трымаў галадоўку 12 дзён”. Ілля Міронаў распавёў пра клапоў у ІЧУ і сукамернікаў

by ZB

Валанцёр Ілля Міронаў пасля разгрому кватэры і знікнення маці паехаў у суд, каб падтрымаць роднага чалавека, але сам ізноў апынуўся за кратамі. Канфіскацыя нядаўна набытага мабільнага, перапоўненыя камеры з клапамі — Ілля распавядае пра акалічнасці апошняга арышту “Штодню”.

Ілля пасля 15-суткавага арышту

Пра затрыманне

17 сакавіка з самай раніцы я паехаў у суд Савецкага раёна, дзе мелася адбыцца судовае паседжанне над маёй мамай Валянцінай Міронавай, затрыманай міліцыяй напярэдадні, 16 сакавіка, у сябе ў кватэры.

Разгромленая сілавікамі кватэра Міронавых. 16 сакавіка 2023 года.

Увогуле, так і не заснуўшы ў ноч пасля разгрому кватэры і затрымання маці, ужо з самай раніцы я быў у судзе. Але там мне адказалі, што маці яшчэ не даставілі ў ІЧУ. Я купіў ёй паесці, ведаючы, што ў ізалятары асабліва не кормяць. Я чакаў да самага абеду, але яе так і не ўбачыў. На абед я схадзіў у КFC, пасля чаго вярнуўся да суда. У нейкі момант я пра нешта задумаўся і бакавым зрокам заўважыў, што да мяне набліжаецца знаёмы ўжо па папярэднім маім затрыманні супрацоўнік міліцыі. Ён папярэдзіў мяне, каб я не рабіў лішніх рухаў і папрасіў мяне прайсці з ім у машыну, якая размяшчалася побач. Пасля мяне даставілі ў Савецкае РАУС. Калі спытаў, ці надоўга забіраюць, атрымаў адказ, што, маўляў, толькі правядуць гутарку аб недапушчальнасці адміністрацыйных правапарушэнняў.

Даволі хутка я падпісаў паперу аб недапушчальнасці здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, але мяне ўсё роўна затрымалі, бо яшчэ нехта з супрацоўнікаў захацеў са мной паразмаўляць. Дачакаўшыся, пачуў незадаволенасць з нагоды аднаго майго ранейшага выказвання ў СМІ, у якім я выказваў здагадку, што некаторыя “лайкі” ад майго імя былі пастаўленыя міліцыянтамі, якія маглі атрымаць доступ да майго смартфона. Мне сказалі, што гэта ўсяго толькі мае здагадкі, а яны ніяк не маглі гэтага зрабіць. У 16.45 на мяне быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, паводле арт. 19.11 ч.2 КоАП РБ (за некалькі відэа, датаваных жніўнем-вераснем 2020 года ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”).

Прабыўшы пару гадзін у аддзяленні, быў адпраўлены ў ІЧУ Гомель увечары пятніцы. Мяне даставілі яшчэ з 4-ма такімі ж затрыманымі ў гэты ж дзень. Людзі былі затрыманыя ўпершыню, за такое ж адміністрацыйнае правапарушэнне. Нас закінулі ў двухмесную камеру з клапамі.

У панядзелак я быў дастаўлены ў суд Савецкага раёна, дзе, пасля абеду, адбылося судовае пасяджэнне ў дачыненні да мяне, якое пастанавіла мне 15 сутак адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй нядаўна набытага мабільнага тэлефона. У чаканні канвою ў ІЧУ я паспеў напісаць апеляцыйную скаргу ў абласны суд, бо я не быў згодны з пастановай, прасіў адмяніць у тым ліку канфіскацыю тэлефона як “сродка правапарушэння”.

Назад ехаў яшчэ з адным хлопцам, асуджаным па такім жа артыкуле, а ў ІЧУ быў змешчаны ў двухмесную маленькую камеру, з 3-ма асуджанымі.

Пра ўмовы адбывання арышту

Усё было, як і раней: пасцельнай бялізны не выдаваалі, у душ вадзілі адзін раз за 15 сутак, ручнікі і сподняе не перадавалі. Ежа была вельмі дрэнная: кашы, макароны, рыс — усё нейкае пераваранае, таму я цягам 12 сутак выліваў усё ва ўнітаз, трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць прававога сваволля. Харчовыя перадачы (сала і печыва) выдалі толькі аднойчы мне і аднаму хлопцу, які заехаў упершыню на 15 сутак. У камеры было даволі халодна і брудна. Кожны дзень мы бралі венік і шуфлік і наводзілі парадак.

З забаваў былі: гульня ў словы, у гарады. Радыё амаль ва ўсіх камерах адсутнічала. Спартовыя практыкаванні праз адсутнсаць свабоднай прасторы было праблематычна рабіць. “Палітычным” курткі выдаваліся толькі пасля адбою, у 22:00. Днём супрацоўнікі ІЧУ сачылі, каб мы не спалі, нават не клалі галаву на стол. Ноччу будзілі двойчы, выводзілі на паверку чатыры разы на дзень у кайданках. Так і праходзіў час.

Клапоў пастаянна ціснулі, заўважыўшы, што яны выпаўзаюць аднекуль з-за батарэй, якія сталі больш грэць, паколькі тэмпература паветра панізілася.

Асабіста мне вытрымаць “суткі” дапамагло тое, што ў мяне быў вялікі вопыт. Гэта быў 12 арышт за апошнія неклькі год. Я адчуваў сябе як рыба ў вадзе, у адрозненне ад тых, хто трапіў туды ўпершыню. Кантынгент арыштантаў быў на ўзроўні: юрыст, начальнік дзяржаўнага прадпрыемства, дырэктар прыватнай кампаніі — спрэс людзі з некалькімі вышэйшымі адукацыямі і шырокім кругаглядам. Мне падаецца, яны ўсе трапілі пад зачыстку з нагоды Дня Волі. Магу памыляцца, але ў ІЧУ на момант майго арышту знаходзілася каля 20-25 “палітычных”.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png