У Мазыры невядомыя за адну ноч паламалі 88 маладых дрэваў. Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 18 на 19 траўня ў скверы каля школы №9, але паведамілі пра праблему толькі цяпер.
У гэтым месцы ў лістападзе 2025 года высадзілі больш за 1800 дрэваў. Клёны паламалі за адну ноч. Камунальнікі звярнуліся ў міліцыю.
Сілавікі пакуль не знайшлі вінаватых, але ўжо палічылі ўрон – каля 3000 рублёў. Кваліфікавалі “флоравандалізм” як хуліганства, завялі крымінальную справу.
Яшчэ адна падобная сітуацыя адбылася ў Мазыры на тэрыторыі каля вуліцы Інтэрнацыянальная: невядомы спачатку вырваў саджанцы, а пасля засыпаў у лункі для іх соль.
Восем дрэваў пасадзілі чыноўнікі, “дэпутаты” і дзеці з дзіцячага садка у ваенных пілотках ў красавіку гэтага года. Пасля святаў знайшлі, што кожнае з іх невядомы засыпаў соллю, якая забіла карані. Прапаганда тут знайшла за што зачапіцца: “у год жанчыны пасадзілі ліпу, якая сімвалізуе жаночы пачатак”.
Ідэалогія не толькі не абараніла дрэвы, а, можа быць, ім і нашкодзіла: выжылі толькі два дрэвы.