Пешаходны мост праз Сож у Гомелі, збудаваны яшчэ ў 1960-х, стаў галоўным героем тэлеграм-канала старшыні гарвыканкама Уладзіміра Прывалава. З моманту адкрыцця пасля рамонту чыноўнік узгадаў пра яго 26 разоў — у розных кантэкстах: то пра “новую плітачку”, то пра “падсветачку”, то пра “даступнасць для ўсіх”.

З афіцыйных пастоў відаць, што банальную рэканструкцыю ператварылі ў эпапею пра “мост, які натхняе”:
«Пешеходный мост через Сож, обновлённый в рамках капитального ремонта, продолжает оставаться магнитом для жителей и гостей нашего города».
«Мост, который вдохновляет».
«Вчерашнее открытие обновлённого пешеходного моста через реку Сож стало не просто важным событием, но и настоящим праздником для Гомеля».
«С момента открытия обновлённого пешеходного моста через реку Сож по улице Баумана он стал заметным элементом городской среды, вызывающим живой интерес у жителей и гостей Гомеля».
Насамрэч гаворка ідзе не пра новабудоўлю, а пра адзіны ў горадзе пешаходны мост, які не бачыў капітальнага рамонту больш за шэсць дзесяцігоддзяў. Падчас яго закрыцця гомельцам прапаноўвалі “альтэрнатыву” — цеплаход, што пераадольвае 130 метраў за 15 хвілін па цане 2 рублі за квіток. Пры гэтым улады з ахвотай дэманструюць “турботу пра людзей”, але рэальны стан рэкрэацыйнай інфраструктуры на Сожы сведчыць пра іншае: некамфортныя пляжы, мінімум зручнасцяў і нулявы прагрэс у развіцці зарэчнай зоны.
Такім чынам, рамонт старога моста выдаюць за “новую эпоху гарадскога развіцця”. Але калі адрамантаваны мост — галоўная падзея дзесяцігоддзя для паўмільённага горада, гэта хутчэй не поспех, а дыягназ.

