Гомельскія анархісты: пяць гадоў у зняволенні і новыя выпрабаванні

Палітвязень Сяргей Раманаў пасля аперацыі застаецца ў калоніі

Палітвязень з Гомеля Сяргей Раманаў трапіў у шпіталь, дзе яму зрабілі планавую аперацыю. Паводле інфармацыі тг-канала a_partisans, умяшанне прайшло без ускладненняў, і неўзабаве яго зноў павінны перавесці ў калонію. Пра праблемы са здароўем Раманава было вядома даўно, аднак падрабязнасцяў раней не паведамлялася.

Сёння ён адбывае 24 гады і 5 месяцаў пазбаўлення волі — гэта самы вялікі тэрмін сярод беларускіх анархістаў і антыфашыстаў у зняволенні.

Як усё пачалося: справа “гомельскіх анархістаў”

У ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года каля мяжы з Украінай, у Ельскім раёне Гомельскай вобласці, былі затрыманыя чатыры актывісты анархісцкага руху — Ігар Аліневіч, Дзмітрый Дубоўскі, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў.

Іх абвінавацілі ў падпалах дзяржаўных аб’ектаў і прызналі вінаватымі ў “акце тэрарызму” (ч.2 арт.289 КК) і “незаконных дзеяннях са зброяй і выбуховымі рэчывамі” (арт.295 КК).

Больш за год фігуранты справы ўтрымліваліся ў СІЗА КДБ у Мінску. Судовы працэс у Мінскім абласным судзе праходзіў у закрытым рэжыме. Абвінавачаных некалькі разоў выдалялі з залы суда за “парушэнне парадку”.

Сведчанні пра катаванні

Падчас следства і ў судах з’явіліся сведчанні пра катаванні, якія перажылі затрыманыя.

Сястра Дзмітрыя Дубоўскага распавядала, што пасля арышту брата “душылі пакетам, білі, падвешвалі са звязанымі рукамі, ён страчваў прытомнасць”. Паводле яе слоў, у Ігара Аліневіча “зрэзалі скуру на пятах”, а Сяргей Раманаў, спрабуючы спыніць здзекі, перарэзаў сабе вены. Нягледзячы на заявы пра катаванні, ніводнага расследавання ў дачыненні да сілавікоў не было распачата.

Фігуранты справы анархістаў. Фота: права на паўстанне

22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд агучыў прысуды:

Ігар Аліневіч і Сяргей Раманаў — па 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,

Дзмітрый Рэзановіч — 19 гадоў,

Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў.

Пяць гадоў пазней: жыццё за кратамі

Ігар Аліневіч адбывае тэрмін у мазырскай калоніі №20. Адразу пасля вяртання з турмы яго змясцілі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА). Паводле крыніц, ён трымаецца маральна, але мае праблемы са здароўем. Апошнія лісты ад яго перасталі прыходзіць у жніўні 2024 года.

Дзмітрый Дубоўскі адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4. Звестак пра яго вельмі мала. Раней ён пісаў сястры, што пасля катаванняў доўга не мог рухацца праз пашкоджаныя рэбры і рукі.

Дзмітрый Рэзановіч знаходзіцца ў гарадзенскай турме №1. У 2024 годзе яму дадалі яшчэ 9 месяцаў за нібыта “непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі” (арт.411 КК). Паводле праваабаронцаў, ціск на яго не слабее.

Сяргей Раманаў адбывае пакаранне ў горацкай калоніі. За апошнія два гады ён тройчы атрымаў дадатковыя тэрміны паводле таго ж артыкула 411. Цяпер яго агульны тэрмін складае 24,5 года. З-за праблем са здароўем яму нядаўна зрабілі аперацыю.

Праз пяць гадоў пасля затрымання “гомельскія анархісты” застаюцца ў самых цяжкіх умовах сярод усіх беларускіх палітвязняў. Як сказаў адзін з іх яшчэ падчас суда: “Мы не тэрарысты. Мы людзі, якія не пагадзіліся жыць у страху.”

 

Штодзень

Крыніцы:Радыё Свабода, Вясна, Права на паўстанне, a_partisans

Слайдар пастоў