Cтала вядома, што ў Гомелі плануюць распрацаваць гарадскі дызайн-код. Мяркуючы па першых абмеркаваннях, многія ўжо ўяўляюць сабе чарговы дакумент пра ўніфікацыю шыльдаў, рэкламы і афармлення вітрын. Але калі звесці дызайн-код толькі да гэтага, будзе ўпушчана самае галоўнае, піша ўрбаніст Дзмітрый Янкоў у блогу Мова Гомель.
Памятаеце ліст Дзядзькі Фёдара бацькам з Прастаквашына? Спачатку яго пісаў сам Дзядзька Фёдар, потым сваю частку дадаў Матроскін, пасля — Шарык. Кожная частка паасобку выглядала цалкам лагічнай, але ў выніку ўвесь ліст ператварыўся ў бязглуздзіцу.
Здаецца, што менавіта так сёння выглядае архітэктурная гісторыя Гомеля. Кожная эпоха перакройвала горад паводле ўласных уяўленняў пра тое, якім ён павінен быць. Зносіліся асобныя будынкі, перапланоўваліся цэлыя кварталы. Мноства архітэктурных перлін было страчана не толькі праз знос, але і ў выніку няўдалых рэканструкцый і рамонтаў фасадаў. Будынкі ў межах гістарычнай забудовы знікаюць і сёння, саступаючы месца пабудовам, якія абсалютна чужыя навакольнаму асяроддзю. Кожнае такое рашэнне разглядалася асобна. Кожны праект меў уласную логіку і абгрунтаванне. Але горад існуе не асобнымі праектамі. Горад — гэта адзіны тэкст. І калі кожны аўтар піша сваю главу, не чытаючы папярэдняй, вынік пачынае нагадваць той самы ліст з Прастаквашына.
Менавіта на гэтае пытанне і павінен адказваць дызайн-код. У сваім першапачатковым сэнсе гэта зусім не дакумент пра рэкламу або колеравую гаму фасадаў. Дакладней, не толькі пра гэта. У большасці еўрапейскіх гарадоў патрабаванні да шыльдаў займаюць толькі невялікую частку падобных рэгламентаў і найчасцей датычацца гістарычных раёнаў. Галоўная задача дызайн-кода — вызначыць прынцыпы развіцця гарадскога асяроддзя і захаваць яго характар.
Бо ў кожнага горада ёсць свой твар. Ён складаецца не толькі з асобных помнікаў архітэктуры. Ён жыве ў прапорцыях вуліц, сілуэтах будынкаў, дэталях фасадаў, матэрыялах, азеляненні, плошчах і дварах. Усё гэта стварае асаблівую атмасферу месца, якую немагчыма вымераць лінейкай, але якую людзі адчуваюць кожны дзень.
Для Гомеля гэтая размова асабліва важная. За апошнія дзесяцігоддзі горад страціў значную частку гістарычнай забудовы. Многія будынкі зніклі, іншыя былі перабудаваны да непазнавальнасці. Але сёння праблема заключаецца не толькі ў зносах. Не меншую пагрозу ўяўляе ўшчыльненне гістарычнага цэнтра будынкамі, якія існуюць самі па сабе і ніяк не звязаныя з навакольным гарадскім асяроддзем.
Прыкладна так магла выглядаць забудова на месцы драўлянай забудовы ў раёне вуліц Валатаўской і Парыжскай камуны
Асобнай размовы заслугоўвае лёс традыцыйнай драўлянай забудовы. Менавіта драўлянае дойлідства на працягу многіх стагоддзяў фармавала аблічча старога Гомеля не менш, чым мураваная архітэктура. Разьбяныя ліштвы, дэкаратыўныя элементы фасадаў, прапорцыі дамоў стваралі той унікальны мясцовы каларыт, які немагчыма ўзнавіць сучаснымі тыпавымі рашэннямі. Сёння многія такія дамы знікаюць. Нярэдка краязнаўцам даводзіцца літаральна ратаваць асобныя элементы драўлянага дэкору, а часам і цэлыя зрубы. Ужо шмат гадоў гучаць прапановы стварыць у Гомелі скансэн — музей пад адкрытым небам, які мог бы захаваць хаця б частку гэтай спадчыны. Але нават калі такі праект калісьці будзе рэалізаваны, важна разумець: традыцыя жыве не толькі ў музеі. Яна павінна знаходзіць адлюстраванне і ў сучаснай гарадской палітыцы, і ў прынцыпах развіцця гарадскога асяроддзя.
Гаворка не пра тое, што новае будаўніцтва павінна быць забаронена. Горад — не музей і не дэкарацыя. Ён павінен развівацца. Пытанне толькі ў тым, як і дзе менавіта адбываецца гэтае развіццё.
Добры прыклад можна ўбачыць у Гданьску. Горад быў амаль цалкам разбураны падчас Другой сусветнай вайны. Аднак жыхары і ўлады прынялі рашэнне максімальна аднавіць страчаную архітэктурную спадчыну. Сёння мільёны людзей прыязджаюць у Гданьск не дзеля гандлёвых цэнтраў ці сучасных жылых кварталаў, а дзеля таго гістарычнага асяроддзя, якое горад здолеў аднавіць. Больш за чатыры мільёны турыстаў штогод наведваюць гістарычны цэнтр горада. Але не менш важнае і іншае: сучаснае развіццё Гданьска па-ранейшаму імкнецца захоўваць пераемнасць гарадскога асяроддзя. Новыя будынкі тут не капіруюць старыя літаральна, але працягваюць іх мову. Яны пераймаюць маштаб вуліц, характар фасадаў, формы дахаў і рытм забудовы. У выніку горад успрымаецца як адзіная прастора, а не як выпадковы набор аб’ектаў розных эпох.
Гістарычны цэнтр Гомеля таксама мог бы сёння выглядаць інакш, калі б пасля вайны існавала палітычная воля да яго аднаўлення.
Але і цяпер нашаму гораду ёсць на што абаперціся. У Гомеля існуе ўласная архітэктурная традыцыя. Ёсць спадчына Станіслава Данілавіча Шабунеўскага, дзякуючы якому сфармаваліся многія пазнавальныя рысы старога горада. Яго будынкі былі не проста асобнымі пабудовамі. Яны стваралі гарадскі вобраз — той самы, які і сёння робіць гістарычны цэнтр пазнавальным і непадобным да іншых гарадоў Беларусі.
А так магла б выглядаць забудова па матывах С. Шабунеўскага
Таму сапраўдны дызайн-код павінен ставіць значна больш сур’ёзныя пытанні, чым памер і колер рэкламных канструкцый. Што можна будаваць у гістарычным цэнтры? Якім павінен быць новы будынак побач са старой забудовай? Якія элементы гарадскога ландшафту варта захоўваць? Як забяспечыць пераемнасць паміж рознымі пакаленнямі архітэктараў і горадабудаўнікоў? Як зрабіць так, каб кожная новая старонка гарадской гісторыі працягвала папярэднюю, а не перакрэслівала яе?
Па сутнасці, дызайн-код — гэта дакумент не пра знешні выгляд горада. Гэта дакумент пра гарадскую памяць.
Бо горад губляе сябе не тады, калі на фасадзе з’яўляецца лішняя шыльда. Значна часцей ён губляе сябе тады, калі знікае сувязь паміж мінулым і будучыняй. Калі кожнае новае пакаленне пачынае пісаць свой уласны ліст, не чытаючы таго, што было напісана раней.
І тады замест цэльнага аповеду атрымліваецца той самы ліст з Прастаквашына — шакуючы для адрасатаў і пазбаўлены агульнага сэнсу.
Хочацца верыць, што будучы дызайн-код Гомеля стане не чарговым зборам забаронаў, а спробай нарэшце дамовіцца пра тое, якую гісторыю наш горад хоча расказваць сваім жыхарам, яго гасцям і наступным пакаленням. Бо добры горад адрозніваецца ад ліста з Прастаквашына не тым, што яго піша адзін аўтар. А тым, што ўсе аўтары прытрымліваюцца аднаго сюжэту.
Штодзень
Аўтар: Дзмітрый Янкоў, спецыяльна для Мова Гомель