Гомель — горад для жыцця? Нечаканы вынік сацыялагічнага даследавання

by ZB

У рэйтынгу беларускіх гарадоў, прадстаўленым незалежнай аналітычнай арганізацыяй  “Цэнтр новых ідэй”, горад над Сожам заняў 6-ую пазіцыю, саступіўшы Берасцю і Гародні, затое абагнаўшы Віцебск і Магілёў.


Гомель і сярэднія гарады вобласці (Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца і іншыя) аднесены да катэгорыі “горад для жыцця”. У дадзенай групе населеных пунктаў знаходзяцца гарады, умовы жыцця ў якіх і ацэнка іх гараджанамі параўнальна высокія.

Як зазначаюць арганізатары даследавання, “Барометр беларускіх гарадоў варта разглядаць як своеасаблівы суб’ектыўны дадатак да аб’ектыўнага Рэйтынгу беларускіх гарадоў”. Калі аб’ектыўны рэйтынг складаецца са статыстычных дадзеных, то суб’ектыўны грунтуецца на меркаваннях жыхароў населеных пунктаў. Даследаванне праводзілася метадам анлайн-апытання з 20 па 23 траўня 2023 года. Агулам у апытанні ўзялі ўдзел 1966 чалавек.

Фота: “Цэнтр новых ідэй”

Знаходжанне ў рэйтынгу ў катэгорыі “Горад для жыцця” азначае, што жыхары гэтых месцаў збольшага пазітыўна ўспрымаюць свае гарады. А вось катэгорыя “месца роспачы”, дзе апынуліся малыя гарады Гомельшчыны, сведчыць пра тое, што гарады ўспрымаюцца жыхарамі не надта добра.

Зрэшты, нягледзячы на суб’ектыўны характар даследавання, Гомелю варта вывучыць вопыт Берасця і Гародні, якія, на думку тамтэйшых жыхароў, лепей арганізаваныя з пункту гледжання магчымасцей для адукацыі дзяцей, адпачынку, кавярняў і рэстаранаў.

Штодзень

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png