Гамяльчане пабудуюць ферму ў Манголіі, але ёсць нюансы

«У выніку візіту мы заключылі кантракт на будаўніцтва малочна-таварнай фермы на 600 галоваў», – сказаў дырэктар інстытута ААТ «Гомельаграпрампраект» Вадзім Чэкан у эфіры рэгіянальнага тэлеканала.

Дадаткова гамяльчане бяруцца будаваць два кароўнікі, цялятнікі і ўсю неабходную інфраструктуру.

Прадпрыемства, якое зоймецца рэалізацыяй праекту, ён не называў, але ўлічваючы, што ззаду бачны фасад і шыльда «Гомельагракамплекту», размова, найхутчэй ідзе пра яго.  Яшчэ ў 2020 годзе прадпрыемства было на мяжы банкруцтва. У тым жа годзе да яго далучылі яшчэ адно таварыства з катастрафічнай эканамічнай сітуацыяй ААТ «Насенне траваў». Прадпрыемства па стане на пачатак года было прыбытковым, змагло нават выплаціць дывідэнды. Што праўда, за 2022 год і будзе аплачваць абавязальніцтвы да канца гэтага.

Таксама манголы праяўляюць цікаўнасць да мяса-малочнай прадукцыі вытворчасці нашай краіны, сцвярджае супрацоўніца рэгіянальнага тэлеканала. «Наша краіна гатова прапанаваць сухое малако і мясную прадукцыю, навучанне супрацоўнікаў сельскай гаспадаркі», – дадае яна.

Што праўда, планы па экспарце ў Манголію мяса выглядаюць утапічна. На 2021 год увесь Еўразійскі саюз у асноўным экспартаваў туды нафтапрадукты, пшаніцу, грузавыя вагоны і шакаладкі (улічваючы, што Беларусь большасць сваёй статыстыкі засакрэціла, каб не трапляць пад санкцыі). Акрамя таго, гэта сельскагаспадарчая дзяржава, адна з вядучых у свеце па колькасці жывёлаў на жыхара краіны.

Пры гэтым, цікаўнасць да беларускага сухога малака, па звестках амбасады Беларусі ў Манголіі, не з’яўляецца нечым новым. Таму пра планы можна казаць колькі заўгодна. Варта ўлічыць, што інфармацыі пра поспехі ў гэтым напрамку няма.

Пастаўкі з нашай краіны ў Манголію ў 2021 годзе склалі 43 млн 540 тысячаў даляраў, паказаўшы падзенне па ўзроўню з 2020 годам. Больш новых паказчыкаў няма.

Прапаганда адсправаздачылася пра выключныя, доўгатэрміновыя і прарыўныя вынікі паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію. Але насамрэч, кожную такую заяву варта разбіраць пад мікраскопам. І такі разбор паказвае, што паездкі звычайна збольшага асабісты піяр кіраўніка рэжыму, якія слаба адлюстроўваюцца на эканамічных паказчыках Беларусі.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць