Андрэй Шарэнда:
– Паліна не адзначала 8 сакавіка. І, ведаючы гісторыю гэтага “свята”, заўсёды з усмешкай адносілася да гэтай кветкава-падарункавай ліхаманкі. Але як дзень салідарнасці з жанчынамі, што змагаюцца за свае правы, гэты дзень можа існаваць. Для беларусаў гэта дзень, калі варта ўзгадаць нашых мужных жанчын, якія нават за кратамі працягваюць змаганне. І гэтае змаганне не толькі за свае жыццё, гонар і годнасць, гэта барацьба за свабоду і незалежнасць Беларусі. Гэта барацьба за ўсіх нас.
А яшчэ сёння роўна два месяцы, як ад Паліны няма вестак. Два месяцы адсутнасці любой інфармацыі аб стане Паліны, толькі чорная цішыня. Трымайся, каханая! Верым, чакаем, молімся і робім усё магчымае.
Грамадская дзяячка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк была брутальна затрыманая 3 студзеня 2021. Ёй выставілі абвінавачванні паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія ўварваліся да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). За гэтыя артыкулы Паліну асудзілі на 3 гады. Падчас зняволення жанчыну неаднаразова змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск, збіццё.
6 жніўня 2023 года Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю, але супраць яе адкрылі новую крымінальную справу “за непадпарадкаванне” патрабаванням адміністрацыі калоніі. 9 кастрычніка 2023 г. суддзя Рэчыцкага раённага суда Станіслаў Іванюценка агучыў вырак: 1 год і 3 дні калоніі. У дадзены момант палітзняволеная знаходзіцца ў калоніі № 24 (Зарэчча, Рэчыцкага раёна).