Слупы замест дрэў: поўнае знішчэнне кроны – неабгрунтаваная шкода для экалогіі

by homieldays

Краніраванне, арбарыстыка ці наўпрост абрэзка. Шмат тэрмінаў, аднолькавы вынік: голыя няўклюдныя ствалы без зеляніны. Падобную карціну можна пабачыць па ўсёй Беларусі. Чаму камунальныя службы прымяняюць татальны спіл галля, і што кажуць пра гэта эколагі, вывучаў “Штодзень”.

Самотная шпакоўня на голым ствале на адной з гомельскіх вуліц

 

Гомельцы неаднойчы выказвалі абурэнне скалечаным выглядам дрэў. Але камунальнікі спасылаюцца на неабходнасць гэткай працэдуры.  Абрэзка галля жывога дрэва робіцца ў некалькіх выпадках.

У МЭТАХ БЯСПЕКІ і камфорту

На прыклад, калі галлё знаходзіцца побач з лініямі электраперадачы ці не прапускае сонечнае святло ў памяшканне. Але ў такіх выпадках дастаткова было б прыбраць частку галінак ці прарэдзіць іх.

ПАЛЯПШЭННЕ ЭСТЭТЫКІ

Дзеля прыгожага фармавання кроны. Зразумела, гэтая тактыка прымяняецца не да ўсіх дрэў і не патрабуе татальнага знішчэння ўсяго галля.

Ілюстрацыйнае фота

 

У ЯКАСЦІ САНІТАРНАЙ ПРАЦЭДУРЫ

Спілоўваць галлё хворае альбо сухое, якое ўжо нічога не дае расліне, але можа ў любы момант абрынуцца і нанесці шкоду мінаку ці прыпаркаванаму аўтамабілю, неабходна. Але існуе меркаванне, што татальная абрэзка спрыяе амаладжэнню дрэў.

З апошнім сцвярджэннем не згодныя эколагі. Яны, у сваю чаргу, прыводзяць шэраг аргументаў супраць поўнага знішчэння старой кроны.

Татальная абрэзка – вялікі стрэс для дрэва, які можа дрэнна адбіцца на стане расліны. Самая галоўная праблема – парушэнне абмену рэчываў, выкліканае несуразмернасцю памеру каранёвай сістэмы лістоце (прыродай прадугледжаны пэўны баланс, які нельга парушаць). Да таго ж узрастае верагоднасць атрымання сонечнага апёку, цяжэй атрымаць неабходныя карысныя рэчывы і супрацьстаяць атакам розных мошак. Ад усяго гэтага дрэва можа пачаць гніць і не дачакацца, пакуль новая крона адрасце.

Да таго ж, таполі-мужчыны не маюць пуху і, адпаведна, не нясуць пагрозы алергікам. Пасля поўнай страты галля расіна можа змяніць пол і пачаць выпрацоўваць пух. Да таго ж краніраванне актывізуе распаўсюджванне амелы і г.д.

Ілюстрацыйнае фота

 

Такім чынам, калі разумная абрэзка дрэў з’яўляецца неабходнай часткай дагляду за раслінамі ў гарадской прасторы, то поўнае знішчэнне кроны – неабгрунтаваная шкода для экалогіі як асобна ўзятай расліны, так і агульнай. На шчасце, глабальнае краніраванне дрэў у Гомелі ў апошнія гады сустракаецца ўсё радзей. Спадзяёмся, што ў будучыні гэтая практыка назусім знікне з гомельскіх вуліц і шпакоўні будуць вісець выключна сярод зялёнай лістоты.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png