Як пройдзе першы дзень “суда” над Святланай Кароль

by ZB

У будынку з шыльдаю “Гомельскі абласны суд” працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Сюды з следчага ізалятару прывязуць 64-гадовую гамяльчанку Святлану Кароль, якую ўтрымліваюць пад вартаю апошнія паўгода за паклёп на Лукашэнку.

Святлана Кароль, грамадская актывістка, педагог.

Паспрабую на асабістых успамінах распавесці, як пройдзе гэты дзень у палітзняволенай Святланы Кароль.

Якія там адчуванні перад судом? Ды ніякіх, таму што ўсім вядома – суда няма! Ёсць будынак з шыльдаю, ёсць людзі, пераапранутыя ў мантыю суддзі і ў пракурорскі мундзір, а суда па палітычных справах няма. Бо палітычных не чуюць, не ўспрымаюць аргументы невінаватасці, не ўлічваюць абставіны, якія змякчаюць адказнасць і нават не звяртаюць увагі на стан іх здароў’я. Там кожны настройвае сябе на максімальны тэрмін, бо так лягчэй успрымаць тое бязмежжа, якое адбываецца вакол цябе! Да таго ж, палітычныя расправы часцей адбываюцца закрытыя, на якія не пускаюць знаёмых ці родных, таму няма нават магчымасці пабачыць іх прыемныя ўсмешкі ды твары. І гэта таксама не дадае папярэдняга настрою.

Яшчэ з вечара прадольны перадасць у камеру адпаведны бланк, у якім трэба пералічыць асабістыя рэчы і скажа, у колькі раніцай трэба быць гатовым да каманды “з рэчамі на выхад”. З камеры забіраеш усё асабістае, уключаючы пасцельнае. Матрац, ці як яго там называюць “вата”, скручваецца ў рулон, папярэдне ўклаўшы ў яго падушку ды коўдру. Скручанае перавязваеш прасцінкай такім чынам, каб можна было несці яго як заплечнік. Бо рукі будуць занятыя асабістай торбай (кешарам). Дарэчы, з прадольным можна дамовіцца, каб “на выхад без рэчаў”, але гэта чалавечы фактар. Як пашанцуе…

Зранку тым, хто ў суд, сняданак (каша, кавалак хлеба і кружка гарбаты) падаюць асобна, амаль адразу пасля пад’ёма, бо недзе а 7.00 раніцы прыйдзе кантралёр, каб адвесці ў так званыя стаканы (асобны пакойчык з драўлянаю лаўкаю, дзе сядзіш як у шафе). Гэтыя стаканы бываюць і большых памераў, разлічаных на некалькі чалавек. Недзе каля гадзіны сядзіш тут і чакаеш, пакуль забяруць на асабісты дагляд. Прымушаюць распранацца, спускаць трусы да кален, каб некалькі разоў прысесці на кукішкі. Пасля перадаюць канвою, які тут жа зашпільвае рукі ў кайданкі. Не ведаю, чый гэта загад, але палітычным наўмысна зашпільваюць ззаду, мабыць, каб прычыніць як мага больш нязручнасцяў. Аднойчы з-за ціску ў мяне з носу пайшла кроў і я нічога не мог зрабіць, так і выйшаў з аўтазаку, адчуваючы на губах салёны смак сцякаючай з носу крыві…

З сабою канвой дазваляе ўзяць паперу і ручку для запісаў, усё астатняе пакідаюць на так званых “баксах” у спецыяльным пакойчыку. Далей выводзяць у шлюз, дзе грузяць у аўтазак. Пагружаюць усіх: і мужчын, і жанчын. Там ёсць і асобныя маленькія, на аднаго чалавека, адсекі, а ёсць і большыя, разлічаныя на некалькі чалавек. Мужчыны асобна, жанчыны асобна, на дзверы адсека вешаюць навясны замок. Тут можна перамаўляцца, я, напрыклад, вітаўся з сваёй памочніцай, з якой нас у будынак суда вазілі разам.

Выводзяць з аўтазака задам наперад, як толькі ступаеш на зямлю, адзін з канвойных прышпільваецца да кайданкоў металічным ланцужком, відаць, каб не збег. Адразу ставяць у позу тварам уніз і ў такім паўсагнутым становішчы, як асабліва небяспечнага злачынцу, двое канвойных вядуць па калідоры ў залю, дзе мае адбыцца палітычная расправа. Толькі пасля таго, як на дзверы металічнай клеткі павесяць навясны замок кайданкі здымаюць са знямелых рук…

Калі пасяджэнне адбываецца цэлы дзень, тады ў перапынак вязуць назад у ізалятар, каб даць ежу на абед. Працэдура тая ж самая: кайданкі, аўтазак, шлюз, прадольны, камера, халодны і хуткі абед, зноў прадольны, канвой, кайданкі, аўтазак і клетка ў будынку суда. Вечарам гэтая гісторыя зноў паўтараецца.

Калі справа невялікая, некалькі тамоў, тады часта ў будынак суда ездзіць не прыйдзецца, засудзяць хутка, за некалькі пасяджэнняў. У маёй справе следчыя назбіралі паперы на 82 тамы, таму давялося прайсці праз апісаныя выпрабаванні 24 разы! Спадзяюся, што ў Святланы Мікалаеўны гэтыя выпрабаванні скончацца хутчэй…

Сёння ў нас няма магчымасці дапамагчы ёй пазбегнуць рэпрэсій. Але ж наша салідарнасць дапамагае, каб яе слёзы і слёзы яе дзяцей, яе старэнькай маці і мужа з анкалагічнай хваробай не ўпалі на зямлю. Слёзы павінны падаць на плечы выканаўцаў усіх палітычных рэпрэсій, каб тыя ведалі, жылі і баяліся!

У нас ёсць магчымасць матэрыяльнай дапамогі. Пакуль жанчына не асуджана і не лічыцца экстрэмісткай, яна мае права атрымліваць грашовыя пераводы на асабісты рахунак без абмежаванняў. Грошы пойдуць далей за ёй у калонію, дзе пераводы дазваляюць выключна толькі ад блізкіх. Іншага выйсця ў нас няма, хто колькі можа. І канешне не забываць аб лістах падтрымкі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А – Кароль Святлане Мікалаеўне.

Штодзень

Аўтар: Леанід Судаленка

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png