“Душа абаронцы” без гледачоў: як у рэгіёнах ратавалі пракат фільма Азаронка

Новы прапагандысцкі дакументальны фільм Рыгора Азаронка “Душа абаронцы”, зняты разам з Мінабароны і памежнікамі, выйшаў у шырокі пракат — і адразу прадэманстраваў, што галоўная драма разгортваецца не на экране, а ў глядзельнай зале. Нягледзячы на масіраваны піяр у дзяржаўных СМІ, кінатэатры рэгіёнаў сустрэлі “прэм’еру” паўпустымі шэрагамі.

Квіткі прадаваліся па сімвалічных 3 рублі, але нават такі кошт не стаў стымулам. Паводле звестак з гарадоў Гомельшчыны, на многія сеансы залі заставаліся амаль пустымі. Фотаздымкі з паказаў дэманструюць старанна выбраныя ракурсы, каб не было відаць маштабу правалу.

Там, дзе глядач усё ж з’явіўся, ён, як правіла, не з’явіўся сам. У Жлобіне, паводле мясцовых тэлеграм-каналаў, на “прэм’еру” масава накіроўвалі школьнікаў і навучэнцаў каледжаў. А ў Хойніках дзяржаўнае выданне фактычна пацвердзіла арганізаваны характар яўкі.

“У першы дзень сюды прыехалі вучні гарадскіх школ”, — паведамляюць “Хойніцкія навіны”. Настаўніца гімназіі шчыра прызнаецца: “А ў нас прагляд замест класнай гадзіны”. Іншымі словамі, замест урока — сеанс патрыятычнага дакументальнага кіно. Каб усё выглядала яшчэ больш пераканаўча, супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання выступілі “спонсарамі” і арганізавалі бясплатны прагляд для маладых людзей з інваліднасцю. Так бюджэтная сістэма падтрымала бюджэтнае кіно.

Чыноўнікі і сілавікі таксама не засталіся ўбаку. Намеснік начальніка хойніцкага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях адзначыў, што “такія фільмы важныя для ўсіх нас”, і выказаў упэўненасць, што калегі абавязкова прыйдуць. Відавочна, пытанне было не ў тым, прыйдуць ці не, а ў тым — па ўласнай волі ці паводле разнарадкі.

Каб стварыць атмасферу “падзеі”, арганізатары ў галоўным гомельскім кінатэатры імя Калініна дадалі аўтограф-сесію з героямі стужкі, магчымасць прымерыць форму і каскі, а таксама прадставілі беларускага аналага ўкраінскага пса Патрона. Калі ўжо не ўражвае кіно, трэба ўражваць антуражам.

Пры гэтым у большасці гарадоў вобласці анлайн-продаж квіткоў наогул быў недаступны — імаверна, каб не фіксаваць рэальны ўзровень цікавасці. Фактычна адзіная катэгорыя гледачоў, якая забяспечыла хоць нейкую “яўку”, — школьнікі, бюджэтнікі і тыя, каму прапанавалі бясплатна.

У выніку маем класічны прыклад пустой траты дзяржаўных сродкаў. Фільм знялі, прарэкламавалі, арганізавалі “масавасць” — але натуральнага попыту не адбылося. “Душа абаронцы” так і не знайшла водгуку. Затое бюджэт — асвоены.

Штодзень

 

 

Related posts

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Ад крытыкі “збеглых” — да тэкстаў пра сяброўства аленя і каня. Як кар’ера гомельскага прапагандыста Галкоўскага пайшла пад адхон

Першы вядомы запіс назвы “Гомель”? Доказ знайшоўся на таямнічым залатым пярсцёнку 1565 года