Гамяльчанкі Анастасія Сасыкбаева і Дар’я Белановіч, выехалі з Гомеля ў снежні 2021 года і цяпер жывуць у польскім Уроцлаве. За мяжой яны стварылі моладзевы клуб «Спадчына», куды беларускія дзеці і падлеткі ідуць з вялікай ахвотай.
У вас завяршыўся важны этап. Падтрымка «Спадчыны» ў межах Магістратаў Беларускай рады культуры, якая працягвалася 9 месяцаў. Якія вынікі? Ці пайшла падтрымка на карысць?
У магістрат мы прыйшлі з такім запытам, што ў нас былі дзеці, але не было ніякіх сродкаў, каб арганізаваць дзейнасць. Нават паўставала пытанне, каб купіць гарбаткі, печыва. Спачатку ў «Спадчыне» была маленькая групка, а пасля яна інтэнсіўна пачала расці, сваімі сродкамі мы папросту не спраўляліся. Тады была трохі цяжкаватая сітуацыя, мы не ведалі, што нам рабіць: ці мы гэта пацягнем і як рухацца далей, ці распускаць гэтую ініцыятыву.
Тады мы пазнаёміліся з Цімохам Акудовічам, ён прапанаваў нам Магістрат. У нас ён цягнуўся з красавіка 2023 па студзень 2024 года. Наш магістрат не змог сабраць вялізарную колькасць падпісантаў, але нават тая невялікая падтрымка, якая была, пайшла на карысць. Для нас яна была вельмі патрэбная, жыццёва неабходная.
Да нас за гэты час далучыліся 5 куратараў дзейнасці. З’явіліся правы чалавека і правы дзіця, этнаграфія, дзе мы вывучаем святы, традыцыі, асобна народныя спевы і традыцыйныя побытавыя танцы, рукадзелле. Беларуская мова была і засталася, практыкуем чытанне ў голас.
У бібліятэку змаглі перадаць асобнікі часопісу Pamyłka Zin, частку з тых, якія мы друкавалі для заняткаў. З’явіліся новыя настолкі.
Мы вельмі ўдзячныя і камандзе Магістрату і нашым падпісантам, якія нас падтрымлівалі. Гэта было вельмі важна. Мы змаглі для сябе выбудаваць сістэму, ад якой можам адштурхоўвацца і ісці далей.
Якія далейшыя планы? Ці маеце зараз падтрымку?
Традыцыйныя спевы як напрамак будзем спрабаваць далей развіваць, хочам стварыць дзіцяча-падлеткавы гурт, падобны на ўроцлаўскі «Летапіс». Таксама па правах чалавека мы бачым зацікаўленасць дзяцей, разумеем, як важна пра гэта гаварыць. Зараз ёсць падтрымка ад “Васьмінога”, але яе хапае на невялікую колькасць кірункаў. Таму шукаем сродкі, дзе толькі можна. Таксама плануем стварыць спонсарскі клуб. Да гэтага мы ўжо падрыхтаваліся, засталося вырашыць тэхнічныя праблемы.
Як змянілася праца пасля прызнання экстрэмістамі?
Пасля прызнання экстрэмістамі праца не змянілася. Хіба раней мы пыталіся ў бацькоў, хто хоча, хто не хоча ў сацсетках быць на фота, то цяпер усім замазваем твары. Нас жа, як аказалася ў той спіс уключылі, яшчэ калі «Спадчына» ў сацсетках была толькі 3 месяцы. Мы самі тады не разумелі толкам, ці будзе гэта жыць. А нас ужо ў спіс унеслі. Ніхто ж не даслаў паштоўкі з віншаваннямі.
Зараз стараемся больш на меры бяспекі глядзець. Калі далучаюцца новенькія, то мы больш грунтоўна з бацькамі размаўляем. А хто вы і адкуль, як пра нас даведаліся?
Тым больш, што ў нас цяпер памяшканне ў падземным пераходзе, і там шкляныя сцены. Людзі, якія праходзяць міма, у іх наша дзейнасць як на далоні. Ёсць вялікая шыльда «Клуб «Спадчына». Вялікі тэлевізар альбо праектар, дзе наш бел-чырвона-белы сцяг. Акрамя таго гаспадары памяшкання даюць рэкламу пра нас унутр перахода.
І гэта спрацоўвае, часам людзі, проста праходзячы міма – а гэта ў самым цэнтры горада – звяртаюць на гэта ўвагу трапляюць новыя людзі. І зразумела, што гэта людзі з вуліцы. Як мне адзін бацька сказаў: «У вас амаль што допыт». Але трэба пытацца, правяраць інфармацыю якасней.
Няма стомленасці ад працы ў «Спадчыне»?
Зараз атрымалася, што мы ўвогуле працуем без выходных. Ад панядзелка па пятніцу на звычайнай працы, а суботу і нядзелю – з дзецьмі. Але для мяне асабіста гэта гісторыя больш пра напаўненне. Мне так лягчэй. Я ўсё жыццё з дзецьмі працавала, з падлеткамі. Гэта такая аддушына, дзе я бяру энергію.
Дар’я Белановіч, з якой мы разам арганізавалі «Спадчыну», працуе як куратарка дзейнасці, на ёй некаторыя арганізацыйныя моманты: стэлефанвацца, спісацца, арганізаваць, тэхнічныя рэчы, падрыхтоўка сайта, магістраты на ёй былі. Яна пушыць тэму пра правы чалавека.
Мы сутыкнуліся з тым, што на гэтую складаную тэму амаль няма ніякіх матэрыялаў для працы з дзецьмі. Каб гэта было напісана па-беларуску і не праз прызму рэжыму і дыктатуры. Можна знайсці расійскія матэрыялы, але там шмат недакладнага расказваюць. Нельга ўзяць іх, проста перакласці і выкарыстоўваць. Трэба ўсё пераправяраць і перарабляць.
Мы разам пачыналі. Гэта нашае. Мы разам прыдумалі, і так яно пайшло. Дзеці яе вельмі любяць, зараз гэта любімая іх куратарка. Часам прызнаюцца ёй у любові ў чаце.
Колькі дзяцей наведвае заняткі? Якія яны, як апынуліся ў Польшчы?
Колькасць дзяцей за гэты час павялічылася. У нас прыкладна 85 чалавек у чаце, але дзяцей больш, якія прайшлі праз «Спадчыну», бо не ўсе сабраныя ў чаце. Можна казаць, пра агульную колькасць каля 100 чалавек. А за 9 месяцаў наведвалі заняткі 400 дзяцей з хвастом.
У клубе дзеці ад 7 да 16 гадоў. Яны ўсе з Беларусі. За ўвесь час нашай «Спадчыны» да нас прыходзілі два разы дзве ўкраінскія дзяўчынкі пацікавіцца, чым мы займаемся.
Нашы дзеці 98-99% прыехалі ў Польшчу па палітычных прычынах. Гэта дзеці, якія на сябе адчулі гэтыя рэпрэсіі, чые бацькі маглі праходзіць праз турмы, арышты і ператрусы. Гэта не проста дзеці. Можна сказаць, з псіхалагічнага боку цяжкія дзеці. У кожнага свая траўма.
Ёсць у нас некалькі дзяцей, якія не ведалі пра бчб. Калі мы малявалі сцяг, то яны малявалі чырвона-зялёны. Яны не ведалі пра пратэсты. Такім дзецям мы тлумачылі, расказвалі і паказвалі. Тлумачылі дзеці. Бо для тых дзяцей, якія ходзяць да нас у клуб, гэта вельмі балюча пабачыць, што нехта малюе чырвона-зялёны сцяг. Для іх гэта вельмі моцны трыгер.
Вельмі моцны трыгер, калі кажам пра пратэсты. «А што гэта?» Вайна ва Украіне… «Якая вайна?» Тут нават большую частку працы робяць дзеці. А нашая задача глядзець, каб гэта не перарастала ў нейкую агрэсію, было добразычліва. І гэтыя дзеці засталіся ў нашым клубе. Прынамсі, бацькі ў курсе, чым мы займаемся, пра што распавядаем.
Толькі адзін выпадак, калі бацька не вельмі лаяльны да нас. Гэта бачна па таму, як ён размаўляе. Ён нават амаль не размаўляе, да нас не заходзіць. Але дзіцёнку так тут падабаецца атмасфера, што ўжо яна сама: «Я пайду, я пайду. Адвядзіце мяне». І гэта не малое дзіцё, ёй 11-12 год.
Большасць дзяцей рускамоўных, але яны знаходзяцца ў беларускамоўным асяродку. Яны на занятках і на перапынках стараюцца размаўляць па-беларуску. Мы дазваляем «трасяніць». Ім не сорамна сказаць «ашчушчэнія» альбо «трапачка». Мы акуратна папраўляем, кажам, як гэтая рэч называецца па-іншаму. У той жа час у нас заўжды заняткі, маем метадычныя гульні, вывучаем назвы прадметаў, як апісаць свае пачуцці, схадзіць у краму. Пра такія, здавалася б, простыя рэчы.
Але ёсць і ў нас беларускамоўныя дзеці – і ў старэйшай, і ў малодшай групе. Там сем’і беларускамоўныя. Адзін хлопчык нядаўна прыйшоў і пачаў па-беларуску. І я кажу: «Ой ты так добра размаўляеш па-беларуску. Хіба ў вас сям’я беларускамоўная?» А ён кажа: «Бацькі рускамоўныя. Але ў нас у сям’і ёсць такое правіла, мы па выходных размаўляем толькі па-беларуску».
Ёсць выпадкі, калі дзеці нахапаўшыся тут беларускай мовы, вяртаюцца ў сям’ю, просяць бацькоў чытаць з імі і пісаць. Мы ж даем раздрукоўкі, кнігі пачытаць, гульні пагуляць. Бацькі паціхеньку… Я не ведаю, наколькі што яны ўжо прама пераходзяць на беларускую мову. Але некаторыя пісалі і тэлефанавалі і расказвалі, што дзеці казалі: «А што гэта ты па-расейску размаўляеш? Давай-ка па-беларуску. Мы ж беларусы».
Што б ты сказала бацькам-беларусам, чаму варта прывесці ў «Спадчыну» сваіх дзяцей?
Мы тут знаходзімся ў эміграцыі і пытанне, і тут праблема самавызначэння. Кім вы хочаце, каб вашы дзеці сябе адчувалі. Калі вам важна, каб дзіцё праз пяць год сказала: «Я беларус» – а не павісла такое пытанне ў паветры, калі спытаюцца: «А хто ты?» А ён такі: «А хто я? Жыву ў Польшчы, размаўляю на расейскай мове, на радзіму ўжо і забыўся. Дык хто я?»
«Спадчына» – гэта такое месца, дзе ёсць шанец праз нашых дзяцей захаваць наш культурны код, нашу ідэнтычнасць. Дзеці вельмі хутка растуць. Тыя дзеці, якія далучаліся на самым пачатку «Спадчыны», ім было па 16, ім па 17, праз год – 18. Ужо хіба дарослыя людзі.
Што яны перададуць сваім дзецям? Што яны будуць ім расказваць? А мы пры гэтым не ведаем, ці зможам мы вярнуцца ў Беларусь у бліжэйшы час. Гэта гульня на доўгую перспектыву.
Гэта глабальны, амаль філасофскі падыход. А калі прасцей, на бытавым узроўні, то гэта бяспечнае месца, абсалютна экалагічнае, дзе няма булінгу, дзеці вельмі добра ставяцца адзін да аднаго, мы выхоўваем самаарганізацыю, вучым дапамагаць адзін аднаму. Гэта месца нефармальнай адукацыі, дзе яны могуць не забыцца на родную мову, вывучыць традыцыі, танцы, даведацца пра правы чалавека.
Правамі дзіцяці, дарэчы, актыўна карыстаюцца. Бацькі пішуць, што права на асабістую прастору дзеці ўжо патрабуюць. А яшчэ гэта магчымасць бацькам вызваліць сабе суботу. Гэта цэлых 5 гадзін.
Таму запрашаем да нас у клуб.