Навіны горада

Падлеткавы клуб уроцлаўскіх беларусаў занеслі ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”

Заснавальніца папулярнай ініцыятывы, гамяльчанка Анастасія Сасыкбаева, пракаментавала “Штодню” інфармацыю пра “экстрэмісцкі статус” сацсетак падлеткавага клуба “Спадчына”.

Анастасія Сасыкбаева


Анастасія
 Сасыкбаева:

Мы даведаліся пра тое, што знаходзімся ў рэспубліканскім экстрэмісцкім спісе насамрэч выпадкова. Адзін чалавек у асабістыя паведамленні напісаў, што вымушаны адпісацца ад мяне асабіста і ад акаўнтаў “Спадчыны”, таму што пабачыў назву нашага клуба ў “экстрэмісцкім спісе”. Мы, канешне, не паверылі, пачалі ўсё гэта пераправяраць. І аказалася, што сапраўды… Гэта інфармацыя была апублікаваная не толькі ў тг-канале ГУБАЗа, але і на сайце Міністэрства інфармацыі і друку РБ, дзе дадзеныя пра нашыя сацсеткі ўсе выпісаныя да апошняй лічбачкі і літаркі. Ніхто нам не паведамляў, што прайшоў суд, які, дарэчы, адбыўся яшчэ ў ліпені 2023 года.

Чаму ад нас ніяк не адчэпяцца? Мы працуем з дзецьмі, а дзеці – гэта будучыя пакаленні, ад якіх шмат чаго залежыць. Нашым падлеткам праз два гады будзе 18. Як мінімум, галасаваць яны змогуць. І, вядома, яны гэтым правам могуць скарыстацца. І нашая задача, усіх куратараў клуба “Спадчына”, зрабіць так, каб дзеці і падлеткі, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі, каб яны разумелі, што адбываецца, каб ведалі сапраўдную гісторыю, каб ведалі родную мову. Між іншым, мы вучым таксама дзяцей правам чалавека, распавядаем пра Канстытуцыю, грамадазнаўства. То бок выкладаем усё, без чаго не справіцца ў сучасным свеце.

Яшчэ трэба дадаць тое, што мы, канешне, шакаваныя, што апынуліся ў гэтым спісе. Не таму, што мы там ёсць, а таму што нас туды занеслі так хутка. На пачатак ліпеня наш клуб існаваў толькі 4 месяцы… Мы займаемся працай, плануем пашыраць дзейнасць у іншых польскіх гарадах. З цягам часу будзем выходзіць і за межы, каб мага больш людзей далучалася да ініцыятывы, каб хапіць як мага больш падлеткаў. Калі ў нас няма магчымасці выхоўваць сапраўднымі беларусамі дзяцей на радзіме, то будзем рабіць гэта за мяжой. На жаль, мы вымушаныя так рабіць, каб па вяртанні ў Беларусь быў закладзены нейкі падмурак. Мы заклікаем усіх неабыякавых людзей, якія таксама хочуць лепшай будучыні, падтрымліваць нашую дзейнасць. Мы з задавальненнем падзелімся ўсімі нашымі методыкамі і напрацоўкамі.

Клуб “Спадчына” ва Уроцлаве быў створаны з ініцыятывы дыяспары, каб дзеці заставаліся і развіваліся ў беларускім кантэксце ды мелі месца для камунікацыі з аднагодкамі з такіх жа беларусаарыентаваных сем’яў. Падтрымаць клуб можна ТУТ.

 

Штодзень