Для беларусак, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту, уводзяцца дадатковыя кансультацыі

by homieldays

Паводле дадзеных даследавання Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, у Беларусі 16,9% апытаных жанчын сутыкаюцца з сексуальным гвалтам на працягу жыцця. З іх – 6,5% паведамілі пра сексуальны гвалт з боку інтымных партнёраў.

“Сексуальны гвалт унутры сям’і ці адносінах – гэта частка праблемы хатняга гвалту, якая часта замоўчваецца. Важна разумець, што сексуальны гвалт, у тым ліку прымус да сексу праз так званыя “шлюбныя абавязкі”, з’яўляецца формай хатняга гвалту. Яно таксама адбываецца ўнутры сям’і/пары, у блізкіх стасунках і нават у шлюбе. Гэты від гвалту не абмяжоўваецца фізічнымі дзеяннямі і нясе разбуральнае ўздзеянне на пацярпелую”, – распавядае каманда oliviahelp.org.

Анлайн-лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org можа прадставіць большую колькасць кансультацый і падтрымку для тых, хто сутыкнуўся з сексуальным гвалтам. Спецыялісты лініі надаюць асаблівую ўвагу ананімнасці і павагі да кожнай пацярпелай.

Спецыялісты oliviahelp.org нагадваюць, што сексуальныя стасункі пад прымусам – таксама гвалт.

Па выніках праведзенага oliviahelp.org даследавання, 3% жанчын заявілі, што партнёры прымушалі іх да сексуальных стасункаў супраць волі або да дзеянняў, якія з’яўляюцца прыніжальнымі ці абразлівымі для іх. 4,8% жанчын прызналіся, што іх прымушаюць да палавога акту праз пагрозы і прымяненне фізічнай сілы. Яшчэ 5% апытаных адзначалі, што ўступалі ў палавую сувязь супраць волі праз страх перад дзеяннямі партнёра ў выпадку адмовы.

З пачатку года спецыялісты лініі oliviahelp.org аказалі больш за 500 кансультацый беларускам, якія апынуліся ў сітуацыі хатняга гвалту. Каманда заклікае ўсіх, хто аказаўся ў бядзе, не маўчаць і не жыць у страху. У кейсах, з якімі працавалі спецыялісты лініі, агрэсарамі ў 37% быў партнёр, з якім жанчына жыве цяпер, у 41% – былы партнёр, у 17% – член сям’і (не партнёр), у 5% – некалькі чалавек.

Каб пазваніць на анлайн-лінію, неабходна зайсці на сайт: https://oliviahelp.org/

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png