Даследчыкі: «Беларусы і зараз знаходзяцца ў вострай комплекснай траўме, і вяртацца з яе будуць доўгія гады, як салдаты пасля вайны»

by ZB

Нямецкая асацыяцыя псіхасацыяльных цэнтраў для бежанцаў і ахвяр катаванняў (BAfF) і Цэнтр аналізу і прадухілення канфліктаў, якія аб’ядноўваюць актывістаў, праваабаронцаў і хэлпераў, што аказваюць падтрымку ў тым ліку беларусам, апублікавалі вялікую справаздачу пад назвай «Грамадзянская супольнасць у выгнанні. Псіхалагічная траўма беларускіх актывістаў, рэлакантаў і праца з яе вылячэннем».

Ілюстрацыйнае фота

Гэты даклад заснаваны на 89 сведчаннях беларускіх актывістаў, журналістаў і іншых грамадзянаў, вымушаных бегчы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ў Польшчу, Літву, Грузію і, да вайны, ва Украіну. У працы над гэтым дакладам працавалі і беларускія спецыялісты, у тым ліку псіхолагі. Многія з іх па меркаваннях бяспекі аддалі перавагу застацца ананімамі, некаторыя каментуюць сітуацыю ад свайго імя. Мы ўважліва вывучылі гэты даклад, разам з псіхолагамі склалі псіхалагічны партрэт беларусаў у выгнанні і паразважалі на тэму таго, як доўга і якім чынам беларусы будуць выходзіць з комплекснай траўмы.

«Пачынаючы з 2020 года, беларусы адчулі на сабе беспрэцэдэнтны гвалт, рэпрэсіі і ціск. У выніку ў рэлакацыі апынуліся дзясяткі тысяч беларусаў, прычым гэта прадстаўнікі найбольш актыўнай, думаючай, крэатыўнай, адукаванай і неабыякавай часткі беларускага грамадства. Усе яны перажылі вострую траўму, – распавядае псіхолаг, які ўдзельнічаў у даследаванні і падрыхтоўцы гэтага дакладу. – Але нават пасля рэлакацыі траўмы і стрэс не сышлі, а працягнуліся. Гэта было звязана з выклікамі, якія ўзніклі ў сувязі з адаптацыяй у новай краіне, разрывам сем’яў, стратай звыклага асяроддзя, дома, фінансавымі цяжкасцямі. Усё гэта стала прычынай дадатковага траўматычнага стрэсу, павышанай уразлівасці і часам дэзадаптацыі».

Потым пачалася вайна ва Украіне, і беларусаў накрыла новай хваляй траўмы.

«Гэта было ўжо пачуццё адказнасці за суагрэсію рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны, жах ад жорсткай вайны і спачуванне ўкраінцам плюс крушэнне надзей на хуткае вяртанне дадому, а таксама пачуццё вострай несправядлівасці і крыўды перад тварам дыскрымінацыі, якая стала часткай рэальнасці беларускіх рэлакантаў пасля пачатку вайны», – каментуе спецыяліст.

58% беларусаў у Польшчы і 59% беларусаў у Грузіі сутыкаліся з дыскрымінацыяй асабіста альбо чулі пра гэта ад сваіх сяброў і знаёмых. У Літве гэты адсотак прыкметна ніжэйшы – толькі 39% беларусаў сутыкаліся з гэтай з’явай. Такія лічбы прыводзяцца ў дакладзе.

«У рэлакантаў досыць высокая суіцыдальная рызыка»

«Добрая навіна заключаецца ў тым, што адказам на комплексную псіхалагічную траўму, НКА і ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам, запусцілі праграмы і праекты псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі актывістаў, – дзеляцца спецыялісты. – Калі мы працавалі з беларусамі, вельмі многія з іх апісвалі свой стан, як глыбокі шок. Псіхалагічныя траўмы і іх наступствы вельмі моцна адбіваліся на якасці жыцця нашых рэспандэнтаў, прычым не толькі на іх здароўі, светаадчуванні, адносінах у сем’ях, але і на іх здольнасці выжываць у новых умовах: шукаць працу, атрымліваць від на жыхарства, вырашаць праблемы дзяцей. Прафесійная і своечасовая дапамога псіхолагаў у гэтай сітуацыі вельмі дапамагае».

Ёсць і дрэнныя вынікі даследавання.

Фота: работа Уладзіміра Цэслера


«На жаль, у р
элакантаў досыць высокая суіцыдальная рызыка, – адзначыла ў фінальным дакладзе беларускі крызісны псіхолаг Алена Грыбанава. – Гэта звязана з цэлым шэрагам прычын: высокая рызыка ПТСР і аддаленых клінічных наступстваў траўмы (трывожна-дэпрэсіўныя, неўратычныя засмучэнні і інш.); позні зварот па псіхалагічную дапамогу, калі ўжо з’явіліся істотныя праблемы са здароўем; адсутнасць добра наладжанай сістэмы прафесійнай псіхалагічнай дапамогі, якая аказваецца бясплатна; недастатковая колькасць спецыялістаў, якія маюць сапраўды адпаведную кваліфікацыю і практычны досвед працы з траўмай і яе наступствамі, здольных своечасова распазнаць суіцыдальныя рызыкі. Мы (спецыялісты – Рэд.) пакуль ведаем пра два выпадкі суіцыдаў сярод беларускіх рэлакантаў, аднак нам не ўдалося наўпрост іх задакументаваць. Унутры Беларусі было зафіксавана больш такіх трагічных выпадкаў сярод актывістаў. Трэба разумець:калі пацярпелыя зацягваюць свой зварот па дапамогу, ім часцей за ўсё патрабуецца ўжо медыкаментозная дапамога ці нават шпіталізацыя. Самі яны не ачуняюць».

Беларусы вучацца выбірацца з псіхалагічнай ямы, дапамагаючы астатнім

Як адзначаюць у сваім дакладзе спецыялісты, гаючым лекам для многіх рэлакантаў у траўме стала магчымасць дапамагаць іншым. Такім вось чынам беларусы вучацца атрымліваць новыя сэнсы і адначасова пераадольваюць уласныя траўмы.

Паводле даследавання фонду Фрыдрыха Эберта, пасля пачатку вайны ва Украіне больш за 70% апытаных імі беларускіх перасяленцаў уключыліся ў валанцёрскую дзейнасць па падтрымцы ўкраінскіх бежанцаў. У Польшчы 84% беларусаў займаліся падтрымкай украінцаў, 76% у Літве і 73% у Грузіі.

«Аднак у некаторых выпадках непераадольная траўма выяўляецца нават у актывізме, прыводзячы да далейшага знясілення, – кажа псіхолаг. – Шмат каму падаецца, што яны ўжо пераадолелі траўмы, але насамрэч у іх вельмі высокі ўзровень трывогі, яны працягваюць жыць у стрэсе і часцяком адчуваюць сябе прыгнечанымі. Усё гэта таму, што многія да гэтага часу не могуць дазволіць сабе прафесійную псіхалагічную дапамогу. Яна беларусам будзе патрэбна яшчэ шмат гадоў, і над гэтым нам прыйдзецца шмат працаваць. Пакуль што мы назіраем, што такая дапамога, наадварот усе меней фінансуецца і скарачаецца. І гэта вельмі дрэнны сігнал».

Калі беларусы справяцца са сваімі псіхалагічнымі траўмамі і ці справяцца яны з імі ўвогулезадаем вельмі важнае для беларусаў пытанне спецыялісту.

Пакуль што псіхічную траўму працягвае атрымліваць амаль усё грамадства, уключаючы абодва полюсы канфлікту. Многія з ПТСР, вострымі рэакцыямі (напрыклад, на людзей у форме). У людзей да гэтага часу парушаны сон, свет дзеліцца на тых, хто быў з імі разам і перанёс усё гэта, і на тых, хто з гэтым не сутыкаўся. Выяўляецца адчужэнне ад жыцця. Часта гэта ўскладняецца злоўжываннем алкаголем, трывожнымі разладамі, паводзіннымі парушэннямі. Магчыма развіццё дэпрэсіі, залежнасцей. Прытым ва ўмовах Беларусі, хутчэй за ўсё, алкагольнай залежнасціУсё гэта вельмі падобна да сіндрому афганца або ветэрана в’етнамскай вайны. Толькі ў цэнтры там не баявыя дзеянні, а гісторыі катаванняў, збіванняў і пераследу. Гэта ўсё цяжкія наступствы. Адзін з сімптомаў гэтага сіндрому  адчуванне «віны выжыўшага». Напрыклад, людзі вяртаюцца з траўматычнай сітуацыі жывымі і кажуць: «я выжыў, а мой таварыш загінуў, іншыя людзі, якія былі са мной, загінулі». І пачынаюць адчуваць пачуццё віны за тое, што яны выжылі. Вось гэтае наша «не сядзеў – не беларус» – тая самая праява траўмы ў вялікім маштабе.


«
Выходзіць з траўмы будзем, хутчэй за ўсе, па рэцэпце Германіі пасля Другой сусветнай»

Па словах нашых суразмоўцаў, пакуль сітуацыя не прыйшла да завяршэння ні аб якім выздараўленні казаць нельга:

«Мы ўсё яшчэ ў вострай фазе. Працэс выздараўлення пачнецца, калі знікне пагроза жыццю. Тады можна пачынаць аднаўляцца. Мяркую, гэта зойме гады. Хутчэй за ўсё, з татальнай псіхічнай траўмы Беларусь будзе выходзіць доўга. І хутчэй за ўсе па рэцэпце Германіі пасля Другой сусветнай вайны. Зараз шмат хто са спецыялістаў праводзіць аналогіі паміж сітуацыяй у Беларусі з часамі сталінскіх рэпрэсій і фашызму. І ў гэтым ёсць логіка. Германія прайшла праз дэнацыфікацыю. Для нас рэцэпт той жа, які выкарыстоўвалі ў Германіі. Трэба назваць рэчы сваімі імёнамі, калі ўсё гэта скончыцца. Гвалт-гвалтам, пераслед-пераследам, непрымальнае – непрымальным. І яшчэ вельмі важна, каб суды, якія потым будуць адбываццца, былі не ў выглядзе помсты, а як праява законнасці».

 

– Ці можаце вы даць зараз хаця б нейкі прамежкавы рэцэпт: як падтрымаць і захаваць сябе зараз, калі ўсё гэта яшчэ працягваецца, а навіны з радзімы літаральна шакуюць?

Для пачатку трэба пазбавіць сябе фантазій і залішніх надзей, і акцэнтаваць увагу на тое, што сапраўды рэальна і знаходзіцца вакол васТак, дабро і праўда, без сумневаў, пераможа, але калі гэта адбудзецца, дакладна мы ведаць не можам. Няздольнасць прыняць рэальнасць такой, якая яна ёсць, выліваецца ў дэпрэсію і больш цяжкія дыягназыДалей  навучыцца жыць, як дзіўна гэта не гучыць. Многія беларусы зараз літаральна забараняюць сабе паўнавартасна жыць, бо іх блізкія сядзяць у турмах і пакутуюць. Яны лічаць, што гэта няправільна і што яны не маюць на гэта права. У такой сітуацыі трэба паспрабаваць хаця б на некаторы час замяніць «правільнае і няправільнае» на «карыснае і некарыснае». Да прыкладу, паехаць у адпачынак і ўбачыць карцінку, якая не выклікае сумненняў, то бок зноўку пазнаёміць свой мозг з тым, што такое нармальна. Да прыкладу, «улады могуць не караць, а дапамагаць», супрацоўнікі паліцыі не арыштоўваюць, калі вы не парушаеце закон». І потым паспрабаваць увесці свае новыя правільныя ўстаноўкі ў бяспечны сцэнар жыцця. Калі вельмі сцісла, то выжыве той, хто перш за ўсё бачыць сэнс у сваім жыцці, бо дапамагаць іншым і рабіць штосьці на карысць могуць толькі тыя, хто сапраўды жыве, а не робіць выгляд.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png