Conte прызнала беларускую мову адной з найпрыгажэйшых, але размаўляць са спажыўцамі на ёй адмовілася

У адказ на зварот моўнага інспектара Ігара Случака пра тое, што беларускую мову незаслужана пазбягаюць на этыкетках прадукцыі і на афіцыйных сайтах кампаніі, у Conte далі “тыповую” адпіску.

Фота: Павел Берасьнёў

Ігар Случак ужо не першы год змагаецца з беларусафобіяй і выступае за папулярызацыю беларускай мовы. З гэтай нагоды юрыст і праваабаронца напісаў гігабайты зваротаў беларускім чыноўнікам у самыя розныя ведамствы і кіраўніцтвам самых розных кампаній і арганізацый. Кожны раз праваабаронца робіць акцэнт на тым, што беларуская мова, якая ў Беларусі мае статус адной з афіцыйных, выкарыстоўваецца выключна рэдка. Здараецца, чыноўнікі даюць вельмі дзіўныя адказы. Але часцей за ўсё абыходзяцца класічнымі адгаворкамі.

Дарэчы, прыкладна таксама здарылася і з кампаніяй Conte, у якую нядаўна Случак адправіў чарговы зварот. Адказ, на шчасце, прыйшоў на беларускай мове. Але вось змест яго аптымізму не выклікае:

“Пытанне аб размяшчэнні інфармацыі на беларускай мове на этыкетках тавару, які выпускаецца нашай кампаніяй па вашым папярэднім запыце было разгледжана на нарадзе кіраўніцтва і супрацоўнікаў кампаніі. Па выніках нарады вызначана, што цяпер такой магчымасці няма, улічваючы абмежаваны памер этыкетак і неабходны склад інфармацыі аб тавары на ўпакоўках і этыкетках у адпаведнасці з заканадаўствам”.

То бок, віной – невялікі памер этыкеткі, якую, мяркуючы па ўсім, замяніць вельмі праблематычна?

Ідзём далей:

“Канстытуцыяй Беларусі дзяржаўнымі мовамі прызнаныя беларуская і руская мовы, таму размяшчэнне інфармацыі аб тавары не з’яўляецца парушэннем з нашага боку, як і з боку многіх іншых айчынных вытворцаў”, – пішуць у адказе.

Ну, тут наогул “класіка жанру”, якой апелююць большасць арганізацый. Але надзея, хоць і маленькая, усё ж цепліцца. Таму што хоць дзесьці беларуская мова ўсё ж прысутнічае.

“У сапраўдны момант афіцыйны сайт кампаніі Контэ прадстаўлены на рускай і англійскай мовах, а на аптовых платформах В2В, у залежнасці ад настроек асабістага кабінета карыстальніка, на 7 мовах, уключаючы беларускую”.

Ну і вішанька на торце:

“Аб стаўленні да беларускай мовы – безумоўна, гэта адна з найпрыгажэйшых усходнеславянскіх моў, якая з’яўляецца роднай для беларусаў і прызнаная дзяржаўнай нацыянальнай мовай нароўні з рускай. У нашай кампаніі налічваецца немалая колькасць работнікаў самай рознай нацыянальнасці, таму ўсё справаводства вядзецца на рускай мове”.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць