Гаворка ідзе пра археалагічныя раскопкі пад Гарошкавым, што пад Рэчыцай. Там захаваўся помнік зарубінецкай культуры ІІІ ст. да нашай эры, якая лічыцца самай старой славянскай культурай. Раскопкі на ім вядуць у тым ліку і расійскія навукоўцы з “Эрмітажу”.
Раскопкі пад Гарошкавым пачаліся яшчэ ў 1960-ых, але тады дайшлі толькі да мілаградскай культуры VII—III стагоддзяў да нашай эры. Тады ж археолагі знайшлі там сляды больш позняй культуры — зарубінецкай, але не паглыбляліся ў вывучэнне гэтага перыяду. Яе пачалі вывучаць толькі 12 год таму: Веткаўскі музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава аднавіў Паўднёва-Беларускую экспедыцыю ў супрацы з расійскім Эрмітажам.
Чаму з Эрмітажам? Усё проста, па звестках дзяржСМІ, расіяне фінансуюць гэтыя раскопкі. Абодва бакі – і Веткаўскі музей, і прадстаўнікі Эрмітажа – пацвярджаюць, што знаходкі застаюцца ў Беларусі і нават у Ветцы.
Акрамя таго, адраджэнне цікавасці да экспедыцыі пад Рэчыцай звязана з даследчыкамі з Эрмітажа, якія вывучаюць зарубінецкую культуру.
Як распавёў веткаўскай раёнцы дырэктар беларускага музею Юрый Катляроў, у гэтым годзе блізкі да завяршэння асноўны этап: участак практычна раскапаны, цяпер дакопваюць пакінутыя пахаванні. Іх складана знаходзіць — магільныя плямы амаль не бачныя, пахаванні выяўляюць па артэфактах.
Сярод знаходак — плоскія міскі, фібулы з трохвугольнымі шчыткамі, серпападобныя нажы, зрэдку — наканечнікі коп’яў. Фібулы дапамагаюць датаваць пахаванні: іх форма характэрная для зарубінецкай культуры (III стагоддзе да н. э.). Асаблівую каштоўнасць мае бронзавае маніста: з-за крохкасці яго закансервавалі на месцы — забетанавалі пласт грунту. Падобныя знаходкі ў такім стане амаль не сустракаюцца.
У планах давесці колькасць раскапаных пахаванняў да двухсот.
Пры ўдзеле расійскага Эрмітажа ўдзельнікі ўсё роўна раёнцы скардзяцца на адсутнасць сучасных сродкаў для правядзення раскопак. Таму працуюць па старынцы: з колышкамі, лапатамі і прасейвацелямі.
Арганізатары раскопак шукаюць беларускіх валанцёраў. Пад Гарошкаў прыехаў і атрад расійскіх студэнтаў.
Штодзень
Фота: Голас Веткаўшчыны