Чым жывуць гомельскія кнігарні, ці адпавядаюць яны патрабаванням ХХІ ст.

by ZB

Пры неверагоднай разнастайнасці крыніц інфармацыі і форм яе падачы, слоган “Кніга – лепшы падарунак”, бясспрэчна, даўно не мае былой актуальнасці. Тым не менш, попыт на папяровыя кнігі (хутчэй для ўласнага карыстання, але часам і на прэзент) існуе дагэтуль. Чым жывуць гомельскія кнігарні, ці адпавядаюць яны патрабаванням ХХІ ст. і ці лёгка знайсці ў нашым горадзе добрыя выданні, вывучаў “Штодзень”.

Кнігарня “Шэкспір і кампанія” у Парыжы Фота: mazzottibooks.co.uk

 

У час, калі даведацца пра ўсё на свеце можна з тык-тока (седзячы дома на канапе), кнігарні па ўсім свеце мусілі трансфармавацца з звычайнай крамы ў культурніцкае асяроддзе. Тут павінен адчувацца кантраст паміж сусветам маскультуры з нікім не кантраляванай якасцю кантэнту і элітарнай, створанай адмыслова для інтэлектуалаў, атмасферы.

Сучасная кнігарня – гэта пляцоўка правядзення творчых імпрэз, напрыклад, прэзентацый новых выданняў ці творчых сустрэч з аўтарамі. Сюды прыходзяць на працяглы час, каб пагартаць нешта за кубачкам кавы (міні-буфет у кніжнай краме даўно стаў цалкам звыклай рэччу, як і вайфай з прыбіральняй). Акрамя папяровых на сайце прадаюцца і электронныя версіі кніг.

 

 

З развіццём інтэрнэту панізіўся попыт не толькі на папяровыя кнігі, але і на музыку на дысках. Таму цалкам лагічна спалучыць два кірункі гандлю, каб абодвум бізнесам было прасцей выжыць.

Кнігарня “Белкніга” па пр. Леніна

Аналіз стану гомельскіх кнігарань лагічна пачаць з іх колькасці. На дадзены момант іх 11: 9 філіялаў “Белкніга”, 2 крамы OZ. Для параўнання, у Кракаве – каля 80. Што лагічна: у краінах, дзе няма крадзеных пірацкіх копій, якія можна спампаваць задарма, попыт на папяровыя кнігі будзе большы.

Выбар кніг у “Белкнізе” неблагі, але памяшканні маленькія, палічкі забітыя так, што цяжка знайсці неабходнае. Выкладка не сучасная (мерчандайзераў – спецыялістаў, што размяшчаюць тавар так, каб яго захацелася набыць – тут бракуе). У розных крамах сеткі выбар адрозніваецца. Таму лепей выбраць кнігу на сайце (вельмі марудным, з сістэмай пошуку, далёкай ад ідэальнай, але з магчымасцю пераключэння на родную мову) і замовіць самавываз у бліжэйшай краме.

У тых памяшканнях, што маюць гомельскія кнігарні “Белкнігі”, ледзьве хавае плошчы, каб пакупнік падышоў да палічкі. Пра правядзенне тутака нейкіх імпрэз і гаворкі няма. Гэта не месца каб прыемна правесці некалькі гадзін. Няма дзе прысесці і пагартаць нейкае выданне, ніякай табе кавы і іншых паказчыкаў камфорту. На жаль, самы буйны ўдзельнік кнігагандлю не здолеў адаптаваць свае крамы да сучасных стандартаў (нават у інтэр’еры мала што змянілася з савецкіх часоў).

Кнігарня “Белкніга” па вул. Савецкай

Сумяшчэння кніжных і музычных крам у Гомелі таксама не адбылося (пірацтва амаль цалкам вынішчыла ў Беларусі гандаль дыскамі, а меламанаў, ахвочых да вінілу, у нас няшмат). “Белкніга” пайшла па шляху “Белпошшты”: каб павялічыць продажы, пакупнікам прапануюцца розныя дадатковыя тавары, сярод якіх найбольш кідаюцца ў вочы разнастайныя партрэты самі ведаеце каго, сцяжкі і іншыя артэфакты дзяржідэалогіі.

З аднаго боку, радуе наяўнасць на ўваходзе стэндаў з навінкамі беларускіх выдавецтваў (якія па аб’ектыўных прычынах не могуць канкурыраваць з расійскімі і патрабуюць падтрымкі). Часам на іх трапляюць годныя выданні, але значная частка адведзена пад “сацыяльна значную” макулатуру, ад якой робіцца сумна.

Зніжкамі “Белкніга” абдорвае пакупнікоў рэдка (у асноўным калі выдавецтва па сваёй ініцыятыве паніжае кошты). Затое праз невялікую колькасць пакупнікоў выданні могуць залежвацца па палічках без пераацэнкі, таму праз вялікую інфляцыю можна знайсці годную кнігу па адэкватным кошце.

Значная частка асартыменту – для школьнікаў. Мастацкай літаратуры выбар неблагі. Багата выданняў пра Беларусь. Навукова-папулярная літаратура прадстаўлена больш сціпла, кніг па некаторых дысцыплінах – напрыклад, урбаністыка ці антрапалогія, тутака не пабачыш (выбар на сайце трохі лепшы), бо і попыт невялікі – вузка спецыяльныя выданні гомельцы часцей замаўляць у расійскіх анлайн-крамах ці на маркетплэйсах. За апошнія гады істотна пашырыўся асартымент падручнікаў замежных моў, нават рэдкіх, кшатлту японскай, арабскай ці партугальскай. Добра, што ў гомельцаў прачнулася такая прага да самаадукацыі. Шкада, што падручнікі з вялікай долей верагоднасці набываюцца не з мэтай самаразвіцця, а як падрыхтоўка да эміграцыі. Электронныя кнігі ў інтэрнэт-краме “Белкнігі” не прадаюцца.

Раней калі адна і тая ж кніга прадавалася і ў “Белкнізе”, і на маркетплэйсах, у апошніх кошт быў ніжэйшы. Зараз такога правіла няма, але не ўсе гэта ведаюць. Раман У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” у дзяржгандлі каштуе 45,89 руб., пры гэтым на Вайлдберыз, дзе цана 59,18 руб., шмат хто пакінуў каментарый “Тут танней, чым у кнігарнях”.


 

Прыемна адзначыць, што кніга карыстаецца попытам. Знайсці на маркетплэйсе тавар, які набылі б больш за 450 асоб, пры гэтым адзнака была б на ўзроўні 5 зорачак, амаль немагчыма. Дарэчы шмат хто каментуе па-беларуску, і гандляр адказвае па-нашынску. І гэта ўсё на сайце расійскай крамы!

Кнігарні OZ выглядаюць цалкам сучасна. Але яны таксама невялічкія і працуюць хутчэй як пункт выдачы анлайн-заказаў. Спадарожных тавараў – канцылярыі, настольных гульняў ці сувенірных вырабаў – на палічках больш, чым кніг. На культурніцкае асяроддзе, на жаль, гэтыя крамы таксама не прэтэндуюць. У адрозненне ад “Белкнігі”, тутака можна набыць электронную кнігу, але асартымент невялікі.

 

 

Кнігі можна набыць таксама ў асобных неспецыялізаваных крамах, але выбар там малы – максімум пару дзясяткаў найменняў, з вельмі таннай паліграфіяй – кніга можа разваліцца ў руках падчас чытання. Пакуль існавалі шапікі “Белдрук”, там таксама прадавалі кнігі – пераважна прымітыўныя жаночыя раманы і дэтэктывы. Але большасць з іх у Гомелі зачынена. Як і крамы сеткі “Букваежка”, што не дзіўна – асартымент не цешыў вока, пераважна прасцюткія выданні для дзетак. Кніг для інтэлектуалаў (а хто яшчэ ходзіць па кнігарнях?), добрай навукова-папулярнай літаратуры там было вобмаль.

Раней кнігі прадавалі розныя дробныя ІП (напрыклад, на рынках), але яны спынілі сваю дзейнасць пасля таго, як для гандлю кнігамі стала неабходна рэгістравацца ў рэестры распаўсюджвальніка выданняў у міністэрстве інфармацыі (фактычна гэта тая ж ліцэнзія, толькі з іншай назвай). Зроблена гэта выключна ў ідэалагічных мэтах, бо з’яўленню на кніжным рынку графаманіі ды калянавуковых выданняў з безліччу недарэчнасцяў гэта, на жаль, ніяк не супрацьдзейнічае. Адзінае, што добра ў гэтай сітуацыі: на рынках прадавалася выключна расійская літаратура, у той час як у паўнавартасных кнігарнях значная частка тавару ад айчынных выдаўцоў.

Такім чынам, у другім па велічыні горадзе Беларусі пакуль немае нават адзінай паўнавартаснай сучаснай кнігарні. Набыць добрыя кнігі можна і анлайн, але, па-першае, у значнай ступені гэта будуць кнігі не беларускіх выдаўцоў (значная частка з якіх працуе зараз за мяжой), а па-другое, гэта ніяк не спрыяе стварэнню ў Гомелі культурніцкага асяроддзя.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png