Частковае перакрыццё на святы галоўнай плошчы Гомеля стварыла нязручнасці дла гомельцаў

by homieldays

Якія нязручнасці стварыла частковае перакрыццё на час калядных свят галоўнай плошчы Гомеля, аналізаваў “Штодзень”.

З чатырох наземных пераходаў на скрыжаванні пр. Леніна і вул. Інтэрнацыянальнай цяпер працуюць толькі тры. Адзін быў закрыты, як сцвярджаецца, часова, на перыяд калядных свят і частковага перакрыцця плошчы Леніна. Але, паколькі замест лёгкіх пераносных канструкцый (якія дакладна былі б часовымі і каштавалі б танней) у гэтым месцы з’явіліся ўмантаваныя ў зямлю і тратуарную плітку паўнавартасныя металічныя агароджы, можа стацца, што так застанецца і надалей.

 

Ці стане гэта сур’ёзнай перашкодай для каго-небудзь? Каб адказаць на гэтае пытанне, перш за ўсё варта прааналізаваць накірункі пешаходнага руху і склад яго ўдзельнікаў. Па гэтым баку пр. Леніна знаходзіцца Белтэлекам, галоўная сядзіба Белпошты, адно з буйных аддзяленняў Беларусбанка, тэатр. Трохі далей – манумент “Вечны агонь”, Стары ўнівермаг, розныя кавярні. Усе гэтыя месцы звычайна поўняцца людзьмі. З іншага боку скрыжавання, акрамя шматлікіх офісаў, крам і кавярань, знаходзіцца важная рэч – прыпынак, з якога можна даехаць да вакзала. Хтосьці вырашыць, каб не хадзіць кругамі, сесці на аўтобус ці тралейбус на прыпынку “СтанкаГомель”. Але ад “Вул. Сялянская” значна больш транспарту ідзе ў бок чыгуннага і аўта вакзалаў (той, што паварочвае з Кірава і Трудавой). Катэгорыі асоб, якія карысталіся гэтым пераходам, самыя розныя. Гэта і сем’і, што вырашылі прагуляцца па парку. І пенсіянеры-дачнікі з клумкамі ці студэнты з валізамі, якія жадаюць патрапіць на вакзал. І асобы, якім трэба вырашыць нейкае пытанне ў арганізацыях, што месцяцца побач.

пр. Леніна. Фота: wikipedia.org

 

Тысячы гомельцаў штодзённа карысталіся гэтым скрыжаваннем (не кажам ужо пра турыстаў, якія, вяртаючыся з парка, могуць не памятаць, што прайсціся напрамкі да чыгункі ў іх не атрымаецца, і пяройдуць на гэты бок праспекта на самым яго пачатку). Наколькі даўжэйшым стаў для іх шлях, пакажа простая арыфметыка. Чырвонае святло для пешаходаў гарыць па 56 сек на пераходах ля Моладзевага тэатра і на вул. Інтэрнацыянальнай, ля Беларусбанка – 96 сек. Спадзявацца на тое, што вы пяройдзеце адзін святлафор і адразу патрапіце на зялёнае святло на ўсіх па чарзе, не даводзіцца (так сістэму ніхто не выстройваў, бо ў праекціроўшчыкаў былі ў прыярытэце аўтамабілі, а не тыя, хто ходзіць пешкі). Максімум, што можна “сэканоміць” – гэта 20 сек. чакання з 56 на адным са скрыжаванняў. Калі хто вымушаны хадзіць гэтым шляхам кожны дзень, ён будзе штораз губляць недзе па 2 хв. свайго жыцця на пустое чаканне.

Ёсць і іншыя нязручнасці. Зялёнае святло для пешаходаў доўжыцца 20 сек. пры даволі вялікай шырыні дарогі. Здаровы чалавек у добрае надвор’е дасць рады з пераходам. Але асобы з фізічнымі праблемамі, матулі з дзіцячымі вазкамі, сталыя людзі ці нават жанчыны на высокіх абцасах (у месцы, напоўненым офіснымі будынкамі, іх заўсёды багата) будуць мець праблемы. У непагадзь на трох пераходах з чатырох хутка ўтвараюцца лужыны такой глыбіні, што абутак (за выключэннем высокіх жаночых ботаў) цалкам пагружаецца ў ваду, і абысці лужыну немагчыма. І адзін раз прамачыць ногі непрыемна і рызыкоўна, а калі гэта давядзецца рабіць яшчэ раз, бо праз закрыты пераход трэба дадаткова пераходзіць дарогу ў іншых месцах, як гэта вытрымаць?

 

Плошча Леніна падчас калядных свят

 

Як бачна, клопатаў закрыты пераход стварае багата. Наколькі было апраўдана яго закрыццё і ці можна было б зрабіць неяк па іншаму? Па-першае, не было неабходнасці закрываць пераход на ўвесь дзень. Праблемы з трафікам маглі ўзнікнуць у гадзіны пік, калі людзі едуць на працу і потым з яе вяртаюцца, выключна ў будныя дні. Можна было б часова перакрываць пераход толькі на гэтыя гадзіны (расстаўляць і прыбіраць пераносныя агароджы не цяжка). А ўвесь іншы час гомельцы маглі б карыстацца звыклым маршрутам. Па-другое, можна было зусім б не перакрываць плошчу Леніна. Канешне, калядныя гулянні на плошчы – гэта сімвалічна і традыцыйна. Але, калі ў горадзе не вырашаныя глабальныя транспартныя праблемы і на плошчу прыпадае вялікі транспартны рух, чаму  б не ладзіць святочныя мерапрыемствы ў іншым месцы? Калядны кірмаш можна было б размясціць на Кіеўскім спуску ці  набярэжнай – парк вялікі, месцаў хапае.

Хочацца спадзявацца, што закрыццё перахода – сапраўды часовая з’ява, і хутка ўсё вернецца на свае месцы. А ў наступным годзе было б добра пабачыць іншыя, больш удалыя рашэнні, пры планіраванні святочнага ўпрыгожання Гомеля.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png