Ціхі куток горада vs “тусовачнае месца”: гарвыканкам мае планы на набярэжную

by ZB

Гомельская набярэжная – унікальнае месца, якое смела можна аднесці да аднаго з галоўных сімвалаў горада. Гомельскі гарвыканкам вырашыў заняцца пашырэннем яе турыстычнай інфраструктуры і прапануе ўсім ахвотным дасылаць свае прапановы на гэты конт. Не застаўся ў баку ад абмеркавання і “Штодзень”.

Нягледзячы на тое, што ідэя яшчэ толькі распрацоўваецца, агульная канцэпцыя зразумелая: размясціць тут розныя аб’екты, каб прыцягнуць больш турыстаў. Ужо агучаны прапановы адкрыцця гандлёвых кропак, атракцыёнаў, правядзення розных мерапрыемстваў і г.д. Калі нешта падобнае будзе рэалізавана, ціхае месца ля ракі ператворыцца ў гаманліва-віруючую зону.

Вельмі падобна, што гэткая ініцыятыва нарадзілася як пабочны эфект незакрытага гештальта адсутнасці ў Гомелі пешаходнай вуліцы, пра якую шмат размаўлялі, але нічога не зрабілі. Бо на гэта бракуе сродкаў, творчай думкі і энергіі. Пераўтварыць набярэжную ў тусовачнае месца (калі, канешне, не будаваць праз кожныя сто метраў залатыя па кошце, падобныя на маўзалеі ў стылі бруталізм камуністычных краін, туалеты) можна адносна нядорага.

І тутака праяўляецца праблема, якая існуе ў Гомелі ўжо даўно: адсутнасць разумення таго, што ў горадзе павінны быць розныя па функцыяналу месцы адпачынку. Нікому б не прыйшло ў галаву сумяшчаць, на прыклад, цырк з бібліятэкай, бо гэтыя ўстановы выкарыстоўваюцца па рознаму. Але ва ўрбаністыцы Гомеля такіх дзіўных спалучэнняў хапае.

Зялёныя зоны – гэта месцы, куды прыходзяць для рэлаксу, свежага паветра і цішыні. Усё, што тут неабходна, гэта шмат зеляніны і біяразнастайнасць, лавы для адпачынку, добра ландшафтны дызайн. З інфраструктуры неабходны мінімум: хопіць прыбіральні і міні-кавярні, каб набыць вады ці выпіць кавы. Прыкладам таго, як не павінна выглядаць паркавая зона, з’яўляецца сквер ім. Грамыкі. Чаго там толькі няма: “арт-аб’екты” сумнеўнай эстэтычнай якасці, гіганцкія аркі з падсветкай над сцежкамі, забаўкі для дзетак. Ёсць усё, акрамя цішыні і спакою. Штучных аб’ектаў больш, чым натуральным.

Не нашмат лепш становішча ў парку Фестывальным. Лавы “з фантазіяй”, на якіх немагчыма сядзець. Міні-павозкі з гучнай музыкай. Адны і тыя ж сцежкі прызначаны і для дзіцячых аўто, якія даволі хутка імчаць, і для мам з маленькімі дзеткамі, і для пенсіянераў, што прыйшлі сюды падыхаць паветрам. У разуменні гомельскіх праектантаў зона адпачынку павінна выглядаць як “усё ў адным флаконе”. Пры тым, што ў 80-гадовай асобы, бацькоў з малымі дзеткамі і маладзёнаў актыўнага ладу жыцця зусім розныя патрэбы.

Калі на набярэжнай размясціць стацыянарныя месцы гандлю і забаў, то праблема сумяшчэння несумяшчальнага паўторыцца. Пры гэтым пешаходную вуліцу цалкам гэтая зона не заменіць: вялікі людскі паток тут будзе толькі ў добрае надвор’е (значыцца, большую частку года тэрыторыя будзе прастойваць) і пераважна ў выходныя, бо да цэнтральных вуліц і прыпынкаў далёка, сюды трэба ісці надоўга і мэтанакіравана і г.д. Але на адзін суцішны, набліжаны да прыроды, куток дакладна стане менш. Атрымоўваецца, што страціць горад больш, чым набудзе.

Набярэжная ў сённяшнім яе выглядзе ўжо мае разнастайную інфраструктуру. Есць тутака і вялікая дзіцячая пляцоўка, і трэнажоры на вольным паветры, і кавярні (як стацыянарныя, так і сезонныя), ну і, канешне ж, слынныя прыбіральні. Падаецца, гэтага цалкам дастаткова.

На наш погляд, на набярэжнай можна праводзіць нейкія імпрэзы (тыя ж дні горада ці калядныя кірмашы) і на гэты час размяшчаць тут нейкія мабільныя кропкі гандлю і паслуг. У звычайны ж час лепей радавацца таму, што гомельская прысожавая вуліца не стала транспартнай магістраллю, як у большасці гарадоў з ракою ў цэнтры, і атрымоўваць асалоду ад цішыні, вады і зеляніны.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png