Беларускія настаўнікі вучацца сучасным метадам лічбавай педагогікі

by ZB

Адукацыйны праект  “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” падрыхтаваў першы выпуск настаўнікаў, якія засвоілі асновы анлайн-навучання і даведаліся, як стварыць уласныя інавацыйныя курсы для беларускіх школьнікаў. Цягам 2 тыдняў 24 педагогі з Беларусі і замежжа пад кіраўніцтвам дасведчаных метадыстаў вывучалі новыя фарматы лічбавай адукацыі. Усяго на месцы на навучанне прэтэндавалі каля 50 педагогаў.

Паводле выкладчыц інтэнсіву-практыкуму “Шлях героя да стварэння анлайн курса”, яны імкнуліся стварыць атмасферу супрацоўніцтва і талерантнасці, каб кожны з удзельнікаў навучання мог не толькі атрымаць новыя веды, але і падзяліцца ўласным досведам. 

“Гэта быў выдатны курс і выдатны досвед.  Я даведалася пра цудоўныя методыкі, інструменты. Было прыемна ўзаемадзейнічаць з куратаркамі і ўдзельнікамі. Адчула падтрымку, што я не адна такая настаўніца-эмігрантка, якая марыць выкладаць беларусам і яшчэ каб па-беларуску). Паверыла, што ў мяне асабіста і ў нас агулам усё атрымаецца. Дзякуй)”, — дзеліцца ўражаннямі ад навучання настаўніца інфарматыкі Вольга.

“Я вельмі хвалявалася наконт таго, ці адбяруць мяне на курс. І мая задума падавалася невыканальнай. Але дзякуючы камандзе куратараў, якая пісьменна дапамагла мне разабрацца з заданнямі, зваротнай сувязі, падтрымцы ўсіх у групе, я змагла зразумець шляхі ўвасаблення ідэі! Было вельмі здорава, што ў кожнага педагога, які задумаў курс па прадмеце, была магчымасць падвучыцца!.. Я веру, што калі сярод нас ёсць такія людзі, то адукацыя не страчаная, нас чакае новы і лепшы этап…”, — гаворыць іншая ўдзельніца курсаў Надзея

Як паведамляюць прадстаўнікі адукацыйнай ініцыятывы, у бліжэйшы час “Васьміног” пачне збіраць заяўкі на размяшчэнне курсаў на анлайн-платформе. Настаўнікі змогуць падаць заяўку і атрымаць дапамогу ў стварэнні ўласнага курса, у тым ліку метадычную і тэхнічную. У прыярытэце “Васьмінога” наступныя прадметы: Беларуская мова і літаратура, Культура і гісторыя Беларусі, Геаграфія Беларусі і краязнаўства. 

Штодзень
Інфармацыя падрыхтаваная паводле прэс-рэліза

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png