Беларускі дабіліся зняцця чырвона-зялёнага сцяга з медычнага кангрэсу ва Уроцлаве

Чырвона-зялёны сцяг, вывешаны на XIII Кангрэсе медыцынскай Палоніі ва Уроцлаве, прыбралі пасля хуткай адвакацыйнай кампаніі беларускіх актывістак. Яна ўключала публічны зварот, лісты арганізатарам ад дыяспары, флэшмоб з бел-чырвона-белай сімволікай і падрыхтоўку афіцыйнага пікету.

Наста Сасыкбаева. Фота: FB аўтаркі звароту

Спачатку дзяржаўную беларускую сімволіку на міжнароднай медычнай канферэнцыі заўважыла адна з удзельніц беларускай каманды фундацыі “Спадчына”. Пасля гэтага актывісткі пачалі каардынаваць дзеянні. Яны вырашылі зрабіць сітуацыю публічнай, адшукалі электронны адрас Federacja Polonijnych Organizacji Medycznych — арганізацыі, што праводзіць кангрэс, — і заклікалі беларусаў ды беларусак пісаць арганізатарам наўпрост. У лістах прасілі патлумачыць, чаму чырвона-зялёны сцяг быў выкарыстаны як сімвал Беларусі і чаму менавіта ён прадстаўляў краіну на міжнароднай падзеі. Паралельна беларусаў заклікалі публікаваць здымкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і расказваць, чаму чырвона-зялёная сімволіка не з’яўляецца для іх сваёй.

Адзін з публічных зваротаў апублікавала кіраўніца “Спадчыны” Анастасія Сасыкбаева. Яна падкрэсліла, што чырвона-зялёны сцяг асацыюецца для яе з рэпрэсіямі, турмамі і страхам, а бел-чырвона-белы — з годнасцю і свабодай. Анастасія таксама прапанавала асабіста прывезці арганізатарам бел-чырвона-белы сцяг, каб яны маглі выкарыстоўваць яго на наступных мерапрыемствах. У адказ Federacja Polonijnych Organizacji Medycznych заявіла: “Паважаем Вашую пазіцыю, таму сцяг будзе прыбраны”.

Беларускі таксама паспелі ўзгадніць на суботу афіцыйны пікет. Аднак ужо ў сераду, калі арганізатары адрэагавалі на кампанію, акцыю адмянілі. Для гэтага ініцыятарка звязалася з гарадскімі ўладамі і даслала афіцыйны ліст пра адмову ад пікету: падстаў для яго правядзення пасля рэакцыі арганізатараў ужо не было.

Цяпер каманда рыхтуе адкрыты ліст да прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. Аўтары хочуць, каб яны выпрацавалі рэкамендацыі пра этычнасць выкарыстання афіцыйнай сімволікі РБ на міжнародных падзеях і разаслалі іх польскім міністэрствам ды іншым дзяржаўным установам.

“Такі крок будзе лагічным завяршэннем нашай адвакацыйнай кампаніі. Гэта не тое, што я ішла па вуліцы, заўважыла, напісала пост у ФБ, а яны адрэагавалі. Гэта так не працуе. Калі б гэта быў такі зварот, на яго не звярнулі б увагу ”, — падсумоўвае кіраўніца “Спадчыны” Анастасія Сасыкбаева.

Штодзень

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя