«База даносаў»: Пра што скардзіліся КДБ жыхары Гомельшчыны пасля 2020 года

«Штодзень» дагартаў базу зваротаў у КДБ ад жыхароў Гомельскай вобласці, адшукалі палітычныя даносы пасля 2020 года і сабралі самыя цікавыя з іх. Першую частку глядзіце тут.

 

Ілюстрацыйнае фота

«Пільныя грамадзяне» нашага рэгіёну скардзіліся на «супрацьпраўныя заклікі для змены ўлады ў краіне», злівы звестак сілавікоў, тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга», людзей, якія ўдзельнічаюць у акцыях за мяжой Беларусі, тых, хто «вярбуе» людзей для ўдзелу ў вайне з боку Украіны.

У КДБ скардзіўся «народны дэпутат» і фермер Юрый Ганцэвіч, колішні прыхільнік Сяргея Ціханоўскага. У 2022 годзе яго паказалі ў клетцы ў залі суда ў сюжэце пра суд з прыгаворам у 15 год пазбаўлення волі. Крыніцай былі дзяржмедыя, але скардзіўся ён на незалежныя СМІ.

«Прашу вас пракантраляваць і правесці праверку работнікаў міліцыі (…), паколькі некаторыя СМІ, прызнаныя экстрэмісцкімі, зняславілі мой гонар, годнасць і рэпутацыю не толькі як палітыка, але і фермера і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Загадзя вам удзячны за тое, што вы справядліва і па законе абароніце мяне, мой гонар і годнасць», – пісаў Ганцэвіч.

«У прымацаваным файле інфармацыя па мэтам працы агентаў уплыву “трэціх краін”, у асяроддзі прэзідэнта. А таксама, копія ліста ў адміністрацыю прэзідэнта (ад 14.10.2020) па неабходных мерах для зніжэння пратэстнай актыўнасці ў РБ», – пісаў Валерый Чарноў з Веткі.

Ён жа сабраў «інфармацыйныя ўкіды, нагнятанне сацыяльнай напружанасці, мэтанакіраваную працу па зніжэнні ўзроўню сацыяльнай падтрымкі прэзідэнта».

«Скарга пра штучнае фармаванне апазіцыйных шэрагаў шляхам вакханаліі права» паступіла ў КДБ ад Наталлі Чуевай з Мазыра.

На гамяльчаніна скардзіўся расіянін Андрэй Бабоўскі. Ды вось бяда, пераблытаў кіраўніка рэжыму, Лукашэнку: «Дадзены грамадзянін працаваў у нас у РФ і выказваў вельмі негатыўныя словы пра дзейнага прэзідэнта Мікалая Лукашэнку паліваў яго бруднымі словамі і ўсяляк хацеў звязацца з польскімі, паводле ягоных словаў, дыверсантамі і ўчыніць тэракт».

На іншага гамяльчаніна скардзіўся жыхар Брэсцкага раёна Андрэй Шчурскі: «Мною быў знойдзены ў сацыяльнай сетцы ВК вельмі радыкальны экстрэміст, русафоб і бчбшнік», а палачанін Васіль Рабчанка на яшчэ аднаго за тое, што той «у Аднакласніках выкладвае абразы і фотажабы на прэзідэнта Лукашэнку».

Жыхар Гомеля Андрэй Дзедаў скардзіўся ў КДБ на Google.

«Праглядаючы Youtube, падчас прагляду ролікаў даводзіцца праглядаць рэкламныя ўстаўкі ад гэтай кампаніі, валодае якой карпарацыя Googlе. І вось сёння падчас прагляду ролікаў я быў шакаваны, што так званая «рэклама» – была «рэкламай» незаконных зборышчаў пад кіраўніцтвам даволі вядомага Ціханоўскага (хоць іх асобы былі пад маскамі)», – пісаў ён.

Ён лічыць, «што ў карпарацыі Google працуюць не дурні, і падобная «рэклама» з’явілася спецыяльна» і просіць далажыць пра гэта Лукашэнку.

А Валянцін Луцко з Гомеля напісаў, найхутчэй, данос на «Тэлеграм», дзе на адзін час памянялі беларускі сцяг з афіцыйнага на бел-чырвона-белы: «Жадаю атрымаць тлумачэнне з нагоды змены колеру сцяга ў адлюстраванні сеткавага гаджэта, з чым гэта злучана і як працуе наогул».

Жанчына, якая назвалася Жаннай Івановай з Гомеля, скардзілася, на жанчыну, якая «праводзіць антыпалітычную агітацыю». А Уладзіслаў Васільеў з Рэчыцы на падрыўную, апазіцыйную і рэвалюцыйную дзейнасць двух братоў са свайго горада.

Ірына Савіч са Жлобіна спрабавала выкарыстаць тое, што новая жонка яе мужа рабіла мыла для крамы «Адметнасць», каб адсудзіць апеку над дзіцём. Бо ён выхоўваецца «ў сям’і, у якой супрацьстаяць, галоўным чынам ідэалагічна, пануючаму ўраду, адміністрацыі, што нясе небяспеку для маленькага дзіцяці».

Алег Іванкоў з-пад Брагіна данёс на аднасельчаніна, які «збірае інфармацыю аб знаходжанні войскаў, тэхнікі і перадае ўкраінскаму боку». Ананім з Жыткавічаў пералічыў таго, хто, паводле яго меркавання, арганізаваў мітынгі ў горадзе.

Прыхільнікі Лукашэнкі скардзіліся ў КДБ не толькі на палітычных апанентаў і незалежныя СМІ. Але і на сістэму і раздавалі парады.

Ева Піскун са Жлобіна напісала скаргі на мясцовых міліцыянераў. «Нам з вамі трэба захаваць нашу моцную Беларусь, а ўсім пералічаным у маіх зваротах, мы не дазволім разваліць Беларусь. Знайдзіце на іх пасады годных кандыдатаў», – заклікала яна КДБ. Жанчына патрабавала навесці парадак, каб яны з спецслужбай «былі ў поўнай бяспецы».

«Калі баіцеся прымаць меры, то далажыце прэзідэнту. Ратацыю кадраў міліцыі, пракуратуры, судоў Гомельскай вобласці і Жлобіна ўсё роўна трэба рабіць», – перакананая прыхільніца дзеючай улады.

«І вось на месцах, некаторыя чыноўнікі ЖКГ, раённых адміністрацый, судоў цынічна і груба законы, падпісаныя прэзідэнтам ігнаруюць, перакручваюць у шкурных інтарэсах адзін аднаго. Тым самым падрываючы аўтарытэт Вярхоўнай улады і прэзідэнта. Вядучы краіну да хаосу і распаду. Вы не лічыце, часам, што падобныя чыноўнікі, суддзі і інш. наўмысна праводзяць антыдзяржаўную дзейнасць?» – пытаўся ў спецслужбы Міхаіл Падажэцкі з Гомеля.

Уладзімір Барсукоў з абласнога цэнтра напомніў КДБ, што Лукашэнка хутка сыдзе.

«Хлопцы, для нас не сакрэт, што людзі з узростам старэюць. І Аляксандр Рыгоравіч з часам сыдзе. Прашу вас, калі ласка, знайдзіце ў сваіх шэрагах дастойнага пераемніка на пасаду прэзідэнта», – пісаў ён.

Ён прапануе абараніць Беларусь і высяліць тых, каму тут не падабаецца жыць. «Няхай наш новы прэзідэнт будзе з юрыдычнай адукацыяй, а не нейкая санітарка, або блогер», – марыць Барсукоў.

Сярод тых, хто пісаў у КДБ знайшліся і тыя, хто хацеў працаваць у гэтай арганізацыі. Асабліва ўразілі выпускнікі педагагічных вузаў.

«Ёсць вялізнае жаданне працаваць у КДБ. Мне 32 гады, сканчаю педагагічны ўніверсітэт. Ці магу я паступіць на службу?» – спытаў Яўген Вакуліч з Мазыра.

«У мяне вышэйшая педагагічная адукацыя. Што мне трэба яшчэ, каб працаваць у вас? І яшчэ: ці бяруць у вас на службу людзей з татуіроўкамі?» – спытаў Андрэй Фёдараў з Кармы.

Некаторыя аўтары зваротаў самі здавалі сябе ці сваіх сваякоў. «Мой дзядзька знаходзіцца ў Данецкай вобласці ўжо 2 тыдні па кантракце на баку апалчэння. Ці можна яму вернуцца ў назад у нашу краіну?» – спытала Марына Дзямко з Жыткавічаў.

«Нядаўна мне паказалі фота са мной, дзе я трымаю «бчб»-сцяг. Як (ці хто) фатаграфаваў, я не памятаю. І на той момант я не ўсведамляў, што гэты сцяг азначае і каму належыць. Пазней уступіўшы ў клуб рэканструктараў і пачытаўшы гісторыю я шматлікае зразумеў», – напісаў жыхар Жлобіна, указаўшы свае дадзеныя. У КДБ ён запытаўся, што яму цяпер рабіць.

Штодзень

Related posts

Гомельская мытня правярае ўсе пасылкі, якія прыходзяць з Расіі і іншых краінаў ЕЭАС. Шукаюць дроны

На прыступкі да мемарыялу “Дзецям – ахвярам вайны” пойдзе болей грошай, чым на аздараўленне ветэранаў у Гомельскай вобласці

Добраахвотніка з Гомеля «Волата» просяць пасмяротна ўганараваць званнем Героя Украіны