Навіны горада

Адкуль эфект Мандэлы ў гомельцаў? Чаму мясцовыя забыліся на назву рэгіёна Падняпроўе

“Эфектам Мандэлы” называюць выпадкі калектыўнай памылковай памяці, калі шмат асоб адначасова ўпэўнены ў чымсьці, што не адпавядае рэчаіснасці. Якая памылка яднае гомельцаў з паўднёваафрыканскім палітыкам, разбіраўся “Штодзень”.

Тэрмін “Эфект Мандэлы” ўзнік у 2010 годзе пасля распаўсюду фэйкавай навіны пра смерць Нэльсана Мандэлы. Тысячы асоб па ўсім свеце былі ўпэўнены, што дзеяч не перажыў выпрабаванне вязніцай і памёр яшчэ недзе ў 1980-х, хапала і тых, хто “дакладна памятаў”, што чытаў некралогі ў прэсе трыццацігадовай даўніны. Насамрэч палітык выйшаў з турмы ў 1990 і дажыў да 2013 года.

Нельсан Раліхлехла Мандэла. Фота: wikipedia.org

Эфект Мандэлы даволі часта сустракаецца ў штодзённым жыцці. Праверце сваю памяць. Якой фразай Барыс Ельцын абвясціў аб завяршэнні сваёй кар’еры? Шмат хто адкажа “Я стаміўся, я сыходжу”, мо нават узгадае, як асабіста чуў гэтыя словы. Але насамрэч была прамоўлена “Я сыходжу, я зрабіў усё, што мог”. Вось вам і эфект Мандэлы.

Алё ёсць замацаваная ў масавай свядомасці большасці Гомельцаў памылка (ці блытаніна?), прысутная толькі ў нас. Звязана яна з тэрмінам “Палессе”.

На запыты “Гомель палескі” Гугл выдасць 14 700 старонак і яшчэ 394 000, калі напісаць па-руску. Гэты тапонім карыстаецца ў гомельцаў вялікай папулярнасцю. Турніры “Кубак Палесся” праводзяцца ў абласным цэнтры ў разнастайных дысцыплінах (плаванне, хакей, трыятлон, фрыстайл, інтэлектуальныя гульні і нават чырлідынг). Фірмавыя цукеркі ад “Спартака” носяць назву “Дары Палесся”. Вакацыйныя агенцтвы запрашаюць у тур “Гомель – жамчужына Палесся”. А колькі паэтаў назвала Гомель палескім горадам – і не падлічыць!

Матч паміж ФК “Гомель” і ФК “Славія” акрэслены як “Палескае дэрбі”.
Фота: sport5.by

І калі ў сярэднестатыстычнага гомельца запытацца, да якога гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна належыць Гомель, з вялікай доляю верагоднасці атрымаеце ўпэўнены адказ “Да Палесся, бо ўвесь поўдзень Беларусі – гэта Палессе”. Але гэта не так. Па гэнай класіфікацыі горад над Сожам адносіцца да Падняпроўя. Як бачна, Гомель не адносяць нават да памежнай тэрыторыі (палосы іншага колеру бачым на стыках усіх рэгіёнаў).

Фота: wikipedia.org

Чаму жыхары нашага горада ўпарта асацыююць Гомель з Палессем? Хутчэй за ўсё, з-за двух чыннікаў.

Тэрмін “Палессе” стаў паўнавартасным беларускім брэндам. І як сама назва (пагадзіцеся, выраз адметны, гучны, вымавіць прасцей, чым “Падняпроўе”). І з-за этнічнай своеасаблівасці палешукоў, замацаванай як у фальклоры, так і ў сучаснай свядомасці. Калі чуеш “палескі”, у галаве адразу паўстае шэраг асацыяцый і вобразаў. Са словам “падняпроўскі” гэтага не адбываецца. Стварыць нешта сваё і забрэндзіраваць выразам “пасожскі” куды складаней, чым па-ціхаму далучыцца да фармаванага стагоддзямі славутага вобраза палешука.

Ёсць і іншы момант. Акрамя гісторыка-этнаграфічнага, ёсць яшчэ і фізіка-геаграфічны падзел. І тут мы сустракаемся з рэгіёнам “Гомельскае Палессе”, у які горад над Сожам уваходзіць. Гэта, сапраўды, можа заблытаць. Але трэба памятаць, што фізіка-геаграфічны падзел, акрамя некалькіх навуковых дысцыплін, мала дзе выкарыстоўваецца. І азначанае ў ім Палессе не ва ўсім супадае зямлёю, што нарадзіла слынных, амаль міфалагічных, істот – палешукоў.

 

Зразумела, што любы падзел – гэта створаная навукоўцамі ўмоўнасць. Межы розных рэгіёнаў – рэч непастаянная. Таму кідацца ў крайнасці і прыдумляць новыя назвы ўсім гомельскім “Кубкам Палесся” няма патрэбы – хай застаюцца, раз склалася такая традыцыя. Але памятаць, да якога гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна належыць наш горад, усё ж варта.

 

Штодзень