Скаргі – галаўны боль і мясцовых гомельскіх уладаў, і прапаганды, якая іх абслугоўвае. Недзе там у кабінетах, перакананыя, сядзяць чыноўнікі, якія напружана думаюць, як назаўсёды забараніць людзям скардзіцца. «Штодзень» прачытаў новы праграмны артыкул «Гомельскай праўды» – асноўнага абласнога рупара прапаганды – і разабраўся, чым цяпер не падабаюцца скаргі.
Скардзіцца нельга
Пасля 2020 года, калі ўдалося задушыць грамадскі сектар, які шмат у чым трымаў чыноўнікаў у тонусе, тыя сталі больш востра рэагаваць на скаргі. З тымі, хто да іх звяртаўся сталі змагацца не толькі адмовай ад перапіскі (гэта ўжо старая практыка), але і, напрыклад, пакараннямі.
Мэта відавочная – навучыць людзей маўчаць, не скардзіцца, не пісаць, не перашкаджаць працаваць вечна занятым чыноўнікам.
У нейкі момант уладам падалося, што хваля збітая, трэці сектар і «надакучлівыя» апазіцыйныя палітыкі ці ў эміграцыі, ці вымушаныя маўчаць. Тады запрацавалі чаты сувязі з райвыканкамі, можна было пісаць у вайберы і паведамляць пра праблемы. Гэтыя праблемы нават вырашалі, за нязручнасці прасілі прабачэння і справаздачыліся, калі ўсё будзе добра.
На гэтыя чаты звярнулі ўвагу незалежныя СМІ. І цярплівасці чыноўнікаў і прапаганды хапіла ненадоўга. Немагчыма трываць, гэтай публічнасці – вырашылі ў пыльных кабінетах.
Ананімныя скаргі
Ананімныя скаргі заўсёды былі ў горшым становішчы перад афіцыйнымі. Але пасля 2020 года іх яўна стала болей: скардзіцца стала страшна. Асноўная заслуга ў гэтым сілавікоў і саміх чыноўнікаў, якія адчулі сябе самымі галоўнымі, здатнымі не толькі не рэагаваць на звароты, але яшчэ і помсціць. Ва ўмовах прававога дэфолту, хто ведае, за што можна патрапіць на суткі ці ў турму? Адкуль прыляціць данос.
І вось, ананімных скаргаў яўна стала так шмат, што ў чарговы раз цярпенне чыноўнікаў і прапаганды прыйшло да канца.
«У нашай краіне любы жадаючы можа падзяліцца сваімі праблемамі з прадстаўнікамі ўлады. Для гэтага дастаткова запісацца на прыём грамадзян або патэлефанаваць на прамую лінію. Магчыма адправіць электронны або пісьмовы зварот, у тым ліку ананімна. Чым часцей за ўсё і карыстаюцца тыя, хто аддае перавагу хлусіць, не рызыкуючы панесці адказнасць», – піша аўтар «Гомельскай праўды» Ягор Гаўрыленка.
Паводле яго звестак, у асноўным такія скаргі паступаюць праз сістэму зваротаў «обращения.бел» ці нават папяровымі лістамі без указання сваіх звестак, часам пішуць горад ці чужую асабістую інфармацыю. Камісіі ствараюцца, праверкі праходзяць, і калі звесткі не пацвярджаюцца, то на другі зварот аналагічнага зместу ўжо рэагаваць чыноўнікі не будуць. Але даводзіцца працаваць, калі ў лісце распісаны новы эпізод гісторыі.
Усяго 71 зварот за 9 месяцаў
Напружванне ў чыноўнікаў і прапаганды выклікалі ўсяго 71 ананімных скаргі за 9 месяцаў – амаль 8 скаргаў на месяц ці 1 скарга ў тры працоўныя дні. І дарэчы, не варта думаць, што скаргі пішуць на суседзяў людзі, якім сумна жыць. У Беларусі за «ананімкамі» стаяць працоўныя адносіны, што ўскосна пацвярджае праблему прававога дэфолту.
Большая частка скаргаў, якія супрацоўнік «Гомельскай праўды» не саромеецца называць даносамі, датычылася дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Часцей за іншых заставацца інкогніта аддаюць перавагу жыхары абласнога цэнтра — ад іх прыйшло 27 ананімак. Следам ідуць Калінкавіцкі, Гомельскі, Буда-Кашалёўскі, Рэчыцкі і Мазырскі раёны.
Скардзяцца на кіраўнікоў райвыканкамаў, прамысловых прадпрыемстваў і сельгасарганізацый. «Прычым нярэдка гэта скаргі на кіраўнікоў, якія зусім нядаўна ўступілі ў пасаду і прад’яўляюць да супрацоўнікаў высокія патрабаванні», – раскрывае асаблівасці працы ў дзяржструктурах прапагандыст.
«Апошнім часам актуальныя лісты ад бязыменых «працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў», якія не згодныя з далучэннем да больш моцных гаспадарак. І не важна, што гэта адбываецца з-за даўгоў і слабых вытворчых паказчыкаў. У такіх паперках патэнцыйны кіраўнік моцнага прадпрыемства звычайна называецца узурпатарам і ілгуном, які ўсё жыццё краў і рабіў прыпіскі», – дадае аўтар матэрыялу.
Чыноўнікі прызналіся, што знайшлі пацвярджэнне 7% ананімных зваротаў (у абсалютных лічбах гэта 5 скаргаў за 9 месяцаў). Яны тычыліся гандлю, дзе былі пратэрмінаваныя прадукты, і адукацыі.
Масавая высечка у райцэнтры
У пачатку 2025 года за два месяца ў адным з райцэнтраў высеклі ажно 1168 дрэваў (на жаль, назва райцэнтра не паведамляецца, але хацелася б ведаць, дзе вырашылі такім чынам пазбавіцца ад зялёных насаджэнняў). Неназваныя мясцовыя жыхары адзначылі, што вырубілі не толькі аварыйныя, але і маладыя здаровыя расліны.
Камісія з Мінпрыроды і абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, аховы навакольнага асяроддзя і камунальшчыкаў, з якімі масавая высечка не ўзгаднялася, натуральна, праблемы не знайшла. Па іх звестак, высечаныя дрэвы ўсе былі ці хворыя ці аварыйныя.
Скарга на кепскі эканамічны стан раёна
Яшчэ адна ананімка ад жыхара неназванага гарадскога пасёлка тычылася кепскага эканамічнага стану раёну: «Вы што робіце? Хопіць знішчаць раён. Замест таго каб падымаць раён, вы займаецеся прасоўваннем сваіх сваякоў бліжэй да дзяржаўнай кармушкі».
Што ж знайшла праверка: «Аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за адзначаны ў звароце перыяд пацвердзіў, што большасць мэтавых паказчыкаў і прагнозных заданняў мясцовай уладай выконваецца. Якіх-небудзь парушэнняў, звязаных з працаўладкаваннем і налічэннем зарплаты асобам, чые імёны фігуруюць у скарзе, не выяўлена. Тое самае датычыцца і астатняй інфармацыі ў звароце». Але праверкі пра працаўладкаванне сваякоў кіраўніцтва рэгіёна яўна не было.
Пах і стан паветра
Ананімны жыхар аграгарадка пад Гомелем скардзіўся на кепскі пах ад Гомельскай ЦЭЦ-2: «Мы, жыхары, вымушаны штодня нюхаць шкодныя выкіды ад ЦЭЦ-2, размешчанай па вуліцы Энергабудаўнікоў д. 2. ЦЭЦ-2 труціць нас і нашых дзяцей, парушаючы ўсялякія экалагічныя нормы, правілы і законы».
На месца адправіліся чыноўнікі. Яны і самі нюхалі паветра і, кажуць, апыталі ананімных мясцовых жыхароў – паху не адчулі. Хоць некаторыя ўсё ж знайшлі храбрасць прызнацца, што часам ноччу адчуваюць пах мазуту. За месяц да звароту быў таксама праведзены маніторынг якасці паветра (не ўдакладняецца, ці планавы), які паказаў адсутнасць перавышэння шкодных рэчываў у паветры.
Хабар дырэктара школы ў Буда-Кашалёве
Настаўнікі напісалі скаргу на новага дырэктара «установы адукацыі» ў Буда-Кашалёве: «Змяніўся маральна-псіхалагічны клімат, расце агрэсія паміж выкладчыкамі, адбываецца збіванне калектыву ў асобныя кучкі на ўгодных і няўгодных яму людзей. Назіраецца адток выкладчыкаў і абслугоўваючага тэхнічных персаналу». Аўтар звароту кажа, што ёсць размовы, што дырэктар прапануе «пасады за добрую аплату» знаёмым.
Расследванне тут адбывалася такім чынам: намеснік старшыні райвыканкама апытаў супрацоўнікаў школы. І, аказалася, што ніхто прэтэнзіяў да дырэктара не мае.
Можа хопіць?
Аўтар запытваецца ў канцы матэрыялу: «Можа хопіць?» – і прапануе падумаць, ці трэба рэагаваць на «кляўзы» ад невядомых людзей.
У сваю чаргу хочацца спытаць чыноўнікаў: «Можа хопіць запужваць жыхароў вобласці так, што яны вымушаныя пісаць ананімныя звароты?»