Улады спрабуюць прымусіць працаваць усіх. Як у вёсцы ў Светлагорскім раёне намагаліся змагацца з беспрацоўем

by ZB

У Мікалаеўскім сельсавеце Светлагорскага раёна без афіцыйнай працы жывуць больш за 100 чалавек. Гэта выклікае непаразуменне і ва ўладаў, якія прыехалі туды цэлай камісіяй, і ў мясцовай раёнкі, якая не ацаніла жаданне людзей мець працу з высокім заробкам і каля дома.

Фота: Светлагорскія навіны

Камісія, якая прыехала ў Мікалаеўку, афіцыйна называецца камісіяй па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Светлагорскага райвыканкама, яе ўзначальвае «спікер» рэгіянальнага савета дэпутатаў Людміла Вялічка.

Праўда, ахапіць усіх 100 беспрацоўных у чыноўнікаў не атрымалася: участковы ўгаварыў прыйсці на пасяджэнне толькі 11. Перад імі і прэзентавалі наяўныя вакансіі.

Як вынікае з рэпартажу «Светлагорскіх навінаў», зацікаўленым працаўладкаваннем аказаўся адзін чалавек. Ён нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі (не ўдакладняецца, ці гэта была палітычная справа) і прасіў дазволіць яму працаваць у начныя змены, каб днём рамантаваць дом. Яму адмовілі да моманту, калі яго здымуць з уліку.

Пра астатніх раёнка піша з незадавальненнем: «Кожнаму была прапанавана работа па наяўнай спецыяльнасці на сельгаспрадпрыемствы, аднак большасць з іх знаходзілі мноства «прычын», каб адкласці працаўладкаванне: стан здароўя, згуба дакументаў, магчымасць мець выпадковыя заробкі, аказваючы дапамогу суседзям, сезонныя заробкі – збор грыбоў і ягад. Жадання працаваць адказна і ўвесь час не назіралася: працу ўсё жадалі высокааплатную і паблізу ад дома. А ўзровень адукацыі, кваліфікацыя, вопыт такімі суіскальнікамі ў разлік не прымаюцца».

Такога ж погляду прытрымліваецца і кіраўніца камісіі Вялічка: яна падкрэсліла, што, калі б у людзей было жаданне працаваць, яны б знайшлі куды працаўладкавацца, бо вакансій на рынку працы дастаткова.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png