Паводле Пастановы Міністэрства адукацыі Беларусі, сёлета ўпершыню расейскія абітурыенты змогуць паступаць на бюджэт у беларускія ўніверсітэты па выніках адзінага дзяржаўнага іспыту, які быў здадзены ў Расеі. Дарэчы, у адрозненне ад беларускіх выпускнікоў грамадзянам РФ, хутчэй за ўсё, не давядзецца адпрацоўваць пасля сканчэння беларускіх ВНУ за кошт рэспубліканскага бюджэту.
Паводле Кодэксу аб адукацыі, змяненні ў які Палата прадстаўнікоў прыняла ў снежні 2021 года, беларускія выпускнікі ўніверсітэтаў, якія скончылі поўны курс навучання на дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскіх ці мясцовых бюджэтаў, мусяць абавязкова адпрацаваць па размеркаванні два гады. Аднак паводле Закону, “месца працы шляхам размеркавання не прадстаўляецца выпускнікам з ліку замежных грамадзян, якія не маюць дазволу на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь”.
Бясплатныя месцы для расейскіх абітурыентаў прадставілі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. Шамякіна, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Сярод спецыяльнасцяў, якія прадстаўляюць універсітэты Гомельшчыны, — гэта “Філалагічная адукацыя”, “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”, “Сучасныя замежныя мовы”, “Руская філалогія”, “Біялогія”, “Прыкладная фізіка”, “Арганізацыя дарожнага руху”, “Сістэмы кіравання інфармацыяй” і іншыя.
Усяго Беларусь прадставіла 826 бюджэтных месц для расейскіх абітурыентаў.