Участковы педыятр Мая Тэрэкулава апублікавала допіс у сацыяльнай сетцы ў фэйсбуку наконт адмены так званага правіла “пяці дзён”. Нагадаем, у кастрычніку 2021 года Мінздароўя і Мінадукацыі прынялі сумеснае рашэнне, паводле якога школьнікам і студэнтам можна было не прадастаўляць даведкі пры адсутнасці па хваробе цягам 5 дзён. Цяпер дадзеная норма адмененая. “Штодзень” прыводзіць у скарочаным варыянце тэкст участковага педыятра Маі Тэрэкулавай пра праблемы, якія цяпер узніклі ў лекараў.
“У нас ёсць норма, 12-15 хвілін на пацыента, у залежнасці ад першасны/другасны/нованароджаны. То бок на сваю стаўку за чатыры гадзіны я павінная прымаць 16-18 пацыентаў. А я прымаю 50-70. Як так выйшла, чаму, абслугоўваючы адзін участак, я вяду прыём нібыта працую за чацвярых? Няўжо дзеці сталі так шмат хварэць з тых часоў, як ствараўся нарматыў, няўжо ім усім патрэбная медыцынская дапамога? Чаму, адлюстраваны ва ўсіх журналах і ведамасцях, запіс на прыём да лекара не раз на 15 хвілін, а кожныя 5 хвілін, плюс дадатковыя талоны, плюс без запісу ў нас тэмпература, толькі спытаць? Адкуль бяруцца ўсе гэтыя людзі? А гэта – прывітанне Міністэрству адукацыі. “Ніводнага дня школы нельга прапусціць без медыцынскай даведкі аб хваробе”. Вы хоць адзін званок у Мінздароўя зрабілі, перад тым, як вось такое загадваць? Як да вас, Мінадукацыі, дагрукацца? Дык вось, 2/3 маіх пацыентаў цяпер – з насмаркам па даведку ў школу. Таму што з насмаркам у школу не пускаюць і самастойна ачуняць нельга, цяпер насмарк у нас лечаць толькі лекары, пра што ў дзіцяці павінная быць даведка.
Я хачу, каб чыноўнікі абслугоўваліся ў дзяржпаліклініцы. Аднойчы на дзіця аднаго з высокіх чыноў мінадукацыі ў лекара не хопіць часу. Дзіцяці высокага чыну, калі яму спатрэбіцца медыцынская дапамога, як усім, пасля двух гадзін чакання ў чарзе, замест удумлівага агляду і рацыянальнага лячэння, за пяць хвілін выдадуць стандартную паперку з рэкамендацыямі і даведку ў школу. Але дзеці высокіх чыноў не ходзяць у дзяржпаліклінікі.
Так нельга. Сваімі “даведкамі ў школу” Мінадукацыі забраў час не толькі ў лекара – гэта час іншых пацыентаў, тых, каму сапраўды патрэбная дапамога. Такіх у дзень сапраўды, прыкладна 16-18. Хаця не, асабісты час лекара, які вы проста бясплатна забралі (прыкладна на дзве гадзіны ў дзень я, адказная, працую болей за аплочваемы час), мой час таксама вярніце.”
Штодзень https://t.me/shtodzien