У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou Вэндзі Чэмберлен (ліберал-дэмакраты, Палата абшчын), Лорд Герман (ліберал-дэмакраты, Палата лордаў) абвясцілі сябе хроснымі палітвязняў з Гомельшчыны Ларысы Шчыраковай і Яўгена Глушкова, паведамляе праваабарончы сайт “Вясна”.
Вэндзі Чэмберлен, чалец Палаты абшчын ад ліберальных дэмакратаў, заяўляе:
“Ларыса Шчыракова — былая журналістка, і ёй былі прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса — дыскрэдытацыя Беларусі. Яна была асуджаная да 3,5 гадоў турэмнага зняволення, а яе сын быў змешчаны ў прытулак. У межах кампаніі #WeStandBYyou я заклікаю да неадкладнага вызвалення Ларысы Шчыраковай і ўсіх беларускіх палітвязняў, якія імкнуцца да свабоды і дэмакратыі”.
Лорд Герман, чалец Палаты лордаў ад ліберал-дэмакратаў і намеснік старшыні парламенцкай групы па Беларусі, выказаў падтрымку жыхару Зябраўкі Яўгену Глушкову:
“Мой беларускі сябар! Хоць цябе і акаляе цемра несправядлівага зняволення, памятай, што твой непахісны дух ззяе як маяк надзеі для ўсіх, хто прагне свабоды. Ты не самотны ў гэтай барацьбе, і ўвесь свет салідарны з табой. Твае самаахвяраванне і рашучасць натхняюць усіх нас імкнуцца да міру, дзе кожны голас пачуты і кожная душа вольная.”
Ларыса Шчыракова працавала журналісткай да свайго арышту 6 снежня 2022 года. Яна асвятляла пратэсты ў Беларусі анлайн і дзялілася інфармацыяй з іншымі апазіцыйнымі групамі. Ларысу асудзілі да 3,5 гадоў турэмнага зняволення паводле абвінавачвання ў “падтрымцы экстрэмісцкай дзейнасці” (арт.361-4) і “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь” (арт. 369-1). Улады змясцілі яе сына ў прытулак. Аднак цяпер дзіця знаходзіцца ў бяспецы са сваім бацькам.
Яўген Глушкоў быў арыштаваны 16 жніўня 2022 года за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (артыкул 361-4). Праз Telegram-канал Яўген дзяліўся фота з беларускага аэрадрома, з якога расейскія ВПС наносілі ўдары па Украіне. Суддзя прызнаў яго вінаватым у нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і асудзіў яго агулам да 9 гадоў зняволення паводле абвінавачвання ў “дзяржаўнай здрадзе” ў адпаведнасці з артыкулам 356.