Чалавекам 2023 года па версіі Financial Time названы Ларс Ёргенсэн, стваральнік Ozempic, пры дапамозе якога зараз худнее ўвесь свет. Ці сапраўды прэпарат, першапачаткова прызначаны для лячэння дыябету 2 тыпу, з’яўляецца цудадзейным сродкам для зніжэння вагі, ці мае ён пабочныя эфекты і ці ёсць магчымасць карыстацца прэпаратам у беларусаў, вывучаў “Штодзень”.
У апошнія гады медыйныя персоны не стамляюцца хваліцца добрымі фігурамі і дзякуюць за гэта Wegovy і Ozempic – прэпаратам, якім спецыялісты швейцарскага банка UBS далі тытул “найлепшых лекаў і гісторыі”. А іх стварэнне навукоўцы параўноўваюць з рэвалюцыяй у медыцыне, аналагічнай адкрыццю антыбіётыкаў.
Прэпараты былі распрацаваныя для паніжэння ўзроўню глюкозы ў крыві ў выпадках, калі арганізм не дае з гэтым рады (гаворка пра дыябет 2 тыпу). У адрозненне ад ужо даўно існуючых пігулак, ін’екцыі не ствараюць дадатковую нагрузку на страўнікавую сістэму. Але выпадкова высветлілася, што пры прыёме лекаў у пацыента назіраецца памяншэнне апетыту – можна адчуць сябе сытым, з’еўшы толькі палову звычайнай порцыі.
То-бок прэпараты дазваляюць мала есці і не пакутаваць ад голаду, добра выглядаць без фізічнай актыўнасці. Улічваючы гэта, шалёны ўзровень іх папулярнасці не здзіўляе – у адных толькі ЗША каля 75% насельніцтва мае залішнюю вагу, у Арабскіх эміратах – 31-44%. Усяго ў свеце налічваецца 1,1 млрд асоб, хворых на атлусценне, 1,6 млрд мае лішнюю вагу. І гэта праблема не столькі знешняга выгляду, колькі істотнай пагрозы звышвагі для здароўя.
Ці мае Ozempic, калі ўжываць яго не па прызначэнні, пабочнае ўздзеянне на арганізм? На дадзены момант гэтае пытанне застаецца адкрытым. Адпаведныя даследаванні яшчэ не завершаны, прэпарат новы, назіранні вяліся толькі на працягу кароткага перыяду. У сеціве хапае абвінавачванняў прэпарату ў правакаванні сур’ёзных хвароб ці набліжэнні старэння арганізма, але навуковых дадзеных, якія б гэта пацвердзілі ці абверглі, няма.
Відавочныя недахопы ў Ozempic усё ж маюцца:
- Стэрэатыпная думка, што можна выкарыстоўваць гэты лек і есці ўсё, што пажадаеш, памылковая. Калі не прытрымлівацца дыеты з мінімумам хуткіх вугляводаў, сілкавацца, як большасць з нас прывыкла, хутка і шмат, праблемы з са страўнікам (ваніты, дыярэя і г.д.) гарантаваныя.
- Ozempic трэба прымаць увесь час. Пацыенты, якія спынялі ін’екцыі, імкліва вярталіся да папярэдняй, ці нават большай, вагі.
- Атлусценне можа быць звязана з нейкай сур’ёзнай праблемай у арганізме, лек прыбірае сімптом – вагу, але не чыннік. З-за гэтага можна згубіць пільнасць і запусціць хваробу.
- Не стымулюе ўжыванне прапарату і да фізічнай актыўнасці, якая не толькі дазваляе схуднець, але і з’яўляецца добрай прафілактыкаў ад безліччу захворванняў.
Варта памятаць, што за апошнія дзесяцігоддзі на фармацэўтычным рынку неаднойчы з’яўляліся прэпараты, якія дазвалялі б паменшыць вагу. Але пасля кароткага часу звышпапулярнасці ўсе яны адыходзілі ў нябыт як вельмі шкодныя. Таму, калі магчыма, лепей усё ж зніжаць вагу бясспрэчна бясшкоднымі метадамі: фізічнай актыўнасцю і карысным харчаваннем.
Калі негатыўнае фізіялагічнае ўздзеянне Ozempic пакуль застаецца дыскусійнай тэмай, “пабочныя” сацыяльныя” эфекты відавочныя. Бізнес зацікаўлены ў інвеставанні ў лекі і продаж нізкаякаснага харчавання, укладвацца ў здаровы лад жыцця ахвотных брак. Зараз Данія (там знаходзіцца кампанія Novo Nordisk, вытворца Ozempic) мае бюджэтны прэфіцыт, але ў перспектыве рызыкуе пераўтварыцца ў краіну адной фірмы (як калісьці Фінляндыя з Нокіа), бо бізнес з розных куткоў планеты набывае кроны, каб імпартаваць Ozempic, курс дацкай валюты ад гэтага расце, і іншыя тавары мясцовай вытворчасці становяцца занадта дарагімі для знешняга рынку.
Пакуль селебрыці спаборнічаюць у тым, хто больш схуднее, звычайным людзям здабыць прэпарат не так ужо і проста. Паколькі паўнавартасныя даследаванні па ўздзеянню Ozempic на зніжэнне вагі яшчэ не завершаныя, у паказаннях да прымянення маецца толькі лячэнне дыябету. У некаторых краінах дактарам дазволена выпісваць яго і для зніжэння вагі (ЗША, Германія, Данія, Брытанія), у іншых – не. Таму быў створаны іншы лек, Wegovy, у ліцэнзіі да якога прапісана зніжэнне вагі (складнікі яны маюць аднолькавыя), але прадаецца ён не паўсюль. У Польшчы, напрыклад, дыябетыкі могуць набыць Ozempic, а ахвотныя паменшыць вагу – не. А продаж Wegovy плануецца распачаць толькі ў 2024 годзе.
Пры гэтым Novo Nordisk не мае магчымасці задаволіць попыт. Сам лек можа вырабляцца ў большай колькасці, але гэта не таблеткі, а раствор, для якога патрэбны адмысловыя ін’ектары. А іх бракуе. Таму ў адрас схуднелых сыплюцца папрокі, маўляў, яны прыгожа выглядаюць у інстаграм, а ў гэты час нейкі дыябетык пакутуе, бо не можа дастаць лек. Праз крытыку вытворца нават быў вымушаны спыніць рэкламу Ozempic як сродку пазбаўлення вагі і абмежаваць пастаўкі ў некаторыя краіны, напрыклад, у Канаду (у дзяржавах з ніжэйшым узроўнем жыцця натуральным чыннікам, што абмяжоўвае продажы, з’яўляецца цана – ад 80 да 200 еўра штомесяц).
На дадзены момант Wegovy і Ozempic у беларускіх аптэках няма. Па дадзеных tabletka.by, прэпарат у Беларусі не зарэгістраваны. Але жыхары нашай краіны маглі набываць іх у суседняй Расеі да канца 2022 года, пакуль Novo Nordisk не спыніў пастаўкі праз антываенныя санкцыі.
Па дадзеных Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, каля 26% беларусаў хворыя на атлусценне. І калі ў часткі гэтай катэгорыі насельніцтва (калі набор вагі не звязаны з нейкімі спецыфічнымі захворваннямі) застаецца магчымасць знізіць вагу праз рацыяналізацыю ўласнага харчавання і фізічную актыўнасць, то ў дыябетыкаў магчымасць нармалізаваць стан арганізму без лекаў адсутнічае.
У Беларусі больш за 300 000 асоб хворыя на дыябет 2 тыпу. З іх у Гомельскай вобласці каля 40 000. І калі самы прагрэсіўны лек стане ім даступны (і па наяўнасці, і па кошце), невядома.