Плюсы і мінусы ад казіно ў гістарычным будынку

by ZB

Навіна пра адкрыццё казіно ў будынку кінатэатра выклікала ў гомельцаў супярэчлівыя эмоцыі. “Штодзень” прааналізаваў, якія плюсы і мінусы прынясе гораду з’яўленне ўстановы з азартнымі гульнямі ў гістарычным будынку.

Ацэньваючы гэты факт, варта казаць пра пэўныя ўрбаністычныя, эканамічныя і сацыяльныя наступствы.

УРБАНІСТЫКА

Будынак, які гадамі не эксплуатаваўся, нарэшце пачне “жыць”. Гэта добра, бо закінутыя будынкі псуюць гарадскія краявіды і ствараюць дэпрэсіўны настрой. Будынак адрамантавалі. Само па сабе гэта выдатна, але што з якасцю рамонту? Адзінае, што можна адзначыць станоўча, гэта вытанчаны, складаных адценняў шэра-кісельны колер сцен. Толькі ён зусім не пасуе да зялёнага даху і кіслотна-жоўтых элементаў вонкавай рэкламы. Падобна, што жоўты колер абраны з-за прысутнасці побач такога ж колеру рэкламы кавярні “ПсеўдаМакдональдс”. (Страшна нават уявіць урбаністычныя наступствы для горада, дзе трэнды ў архітэктуры пачнуць задаваць месцы з фаст-фудам…)

Літары рэкламнай шыльды непрапарцыянальна вялікія і грувасткія. Падобная вонкавая рэклама была нормай у 1990-я, калі “чым больш, чым лепей” было папулярней, чым “суразмерна-гарманічна і з густам”. Нават калі ўласнік (ці той, хто рабіў праект) застаўся ў мінулым, вонкавая рэклама падлягае абавязковаму ўзгадненню ў адпаведнай структуры гарвыканкама. Як гэны праект узгаднілі – загадка. Дадайма танныя ніякаватую кафлю на падмурку і пластыкавыя вокны, прымітыўныя казыркі з полікарбанату, і становіцца зразумела, што ўзровень рамонту катастрафічна нізкі.

Страшна нават уявіць урбаністычныя наступствы для горада, дзе трэнды ў архітэктуры пачнуць задаваць месцы з фаст-фудам

На жаль, тое, што было запраектавана ў сталінскія часы, у Гомелі не мае ахоўнага статусу (гістарычных гмахаў у нас вобмаль, таму, на наш погляд, варта было б ахоўваць усю забудову дахрушчоўскай эпохі масавай панэлізацыі). Канешне, гомельскія будынкі, створаныя па праекце Зоі Брод, не пацярпелі настолькі, як, на прыклад, іх калега ў Нікелі (Мурманская вобласць), але першапачатковую эстэтыку яны цалкам згубілі.

Тыповы будынак кінатэатра ў г. Нікель, перароблены ў гандлёвы цэнтр у стылістыцы трэш-архітэктуры. Фота: wikipedia.org

ЭКАНОМІКА І САЦЫЯЛЬНЫ АСПЕКТ

Любая новая ўстанова – плюс для горада, бо гэта новыя працоўныя месцы і дадатковыя падаткі і бюджэт. Казіно таксама можа быць карысным для горада, пры пэўнай умове. Трэба разумець, што ў казіно ідуць, не каб зарабіць грошы, а каб прыгожа і з азартам іх пазбавіцца. Адзіная магчымасць зарабіць у казіно, гэта працаўладкавацца туды.

У Лас-Вегасе ці Манака гульнявы бізнес можна назваць горадаўтваральным, столькі ён дае грошай у бюджэт. Але гэтыя месцы арыентаваны на забяспечаных турыстаў, якім не шкада выдаткоўваць на забаўкі каласальныя грошы, і страта некалькіх дзясяткаў еўра не з’яўляецца для іх катастрофай.

Будынак казіно ў Монтэ-Карла (Манака). Фота: wikipedia.org

Тэарэтычна, улічваючы геапалітычныя фактары і абмежаванні на азартныя гульні ў суседняй краіне, у Гомелі можна было б адкрыць цэлы квартал казіно, і добра на гэтым зарабляць (каб засцерагчы гомельцаў ад спакусы, можна было б абмежаваць уваход асобам з беларускім пашпартам і весці актыўную прапаганду ўстрымання ад азартных гульняў). Але, каб прыцягнуць рэспектабельную публіку, патрэбна адпаведная інфраструктура: люкс-гатэлі, буцікі і г.д. У Гомель жа едуць пераважна бюджэтныя турысты (ды й іх небагата). Чым мы можам прывабіць бізнес-эліту? Дакладна, не танным рамонтам “Спартака” і таварамі беларускай вытворчасці ў “Новым універмагу”.

Значыцца, у новае казіно пойдзе тутэйшая кліентура, самыя звычайныя (па ўзроўні прыбыткаў) асобы. А значыцца, загалоўкаў навін кшталту “Супрацоўнік банка прайграў чужыя грошы ў казіно” паболее. Як і трагічна зламаных лёсаў і разбураных сем’яў. Тэарэтычна, асобе, хворай на гульняманію, уваход у казіно можа быць забаронены (як па ўласным жаданні, так і па рашэнні суда). Але сам чалавек можа не заўважаць хваробу, а родныя часцей за ўсё даведваюцца пра праблему з залежнасцю ад азартных гульняў толькі тады, калі пройгрыш ужо дасягнуў астранамічнай сумы.

Як бачна, з’яўленне новага казіно ў Гомелі мае невялічкую колькасць плюсаў, але мінусы пакуль істотна пераважваюць. Спадзяемся, у будучыні мы пабачым у “Спартаку” і нейкую новую ўстанову, і лепшы па якасці рамонт.

Штодзень 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png