Асуджаны на 13 год зняволення дырэктар “Гарадзейскага цукровага камбіната” стаў дырэктарам агракамбіната “Холмеч”

by ZB

На сайце Рэчыцкага райвыканкама пазначана, што дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Агракамбінат “Холмеч”  – Крыштаповіч Міхаіл Васільевіч. Чалавек абсалютна з такім жа прозвішчам, імем і імем па бацьку ў 2021 годзе быў асуджаны на 13 год калоніі за хабар у асабліва буйных памерах. Для затрымання прызначэнца ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтны крок па прымусовай пасадцы самалёта, у якім ён спрабаваў уцячы за мяжу. Паводле інфармацыі “Наша ніва”, былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч выйшаў на волю ў ліпені 2023 года.

Яшчэ ў чэрвені на сайце Рэчыцкага райвыйканкама з’яўлялася інфармацыя, што абавязкі дырэктара агракамбіната “Холмеч” часова выконвае Аляксей Чэркас, які ўдзельнічае ў праекце “Школа маладога кіраўніка”.

Дарэчы, менавіта ў ліпені ў Рэчыцкім раённым судзе на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму пакалі папярэдняга дырэктара агракамбіната Марыю Ламанос. 6 верасня ў Гомельскім абласным справа будзе абскарджаная. Экс-кіраўнічку абвінавацілі паводле артыкула 426 ч. 3 КК РБ “Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў”, які прадугледжвае пакаранне ад трох да дзесяці год.

Марыя Ламанос

Агракамбінат “Холмеч” – найбуйнейшая гаспадарка ў Рэчыцкім раёне, якая мае свінакомплекс і 12 тысяч гектараў зямлі. Менавіта са свіннямі і не пашанцавала Марыі Ламанос. Яшчэ ў 2019 падчас абласных “Дажынак” Марыю Ламанос, якая на той момант выконвала абавязкі кіраўніка “Холмеч”, узнагародзілі Ганаровай граматай за высокія паказнікі і актыўны ўдзел у працы абласнога аграпрамысловага комплексу. У 2020 годзе афіцыйныя СМІ спявалі дыфірамбы кіраўнічцы агракамбіната. У 2021 годзе сайт “Беларусь Сегодня” размяшчаў матэрыял, што першую тысячу зерня намалацілі ў агракамбінаце “Холмеч” і з гэтай нагоды размяшчаў фота Марыі Ламанос, якая віншавала маладых камбайнёраў. Аднак у 2022 годзе на агракамбінат прыйшла праверка. Спецыялісты з Гомельскага аблвыканкаму палічылі свінняў і вызначылі, што на комплексе іх меней. Паводле папераў, іх было 26 тысяч, а насамрэч колькасць свінняў за тры гады скарацілася на 9 тысяч. Чыноўнікі з аблвыканкама высветлілі, што ў справаздачах былі прыпіскі, дзякуючы якім можна было выплачваць супрацоўнікам прадпрыемства павышаныя заробкі. Паводле дзяржаўных СМІ, у 2020 годзе сярэдні заробак на агракамбінаце “Холмеч” складаў 1039 рублёў. У 2022 годзе спецыялісты з Гомельскага аблвыканкама высветлілі, што супрацоўнікам свінакомплексу беспадстаўна налічылі заробкі на суму каля 70 тысяч рублёў. Калі мор скаціны назіраўся тры гады, то за год сума беспадстаўна налічаных заробкаў склала ўсяго 23 тысячы. То бок у месяц пераплачвалася менш чым на 2 тысячы рублёў. Калі раскінуць на супрацоўнікаў свінакомплексу, то атрымліваецца не такая ўжо і вялікая сума.

Міхаіл Крыштаповіч (першы справа) з новым калектывам з Рэчыцкага раёна

На дадзены момант дырэктарам агракамбіната “Холмеч” з’яўляецца былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч. Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, Крыштаповіч папрасіў памілавання ў Лукашэнкі.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png