157
У 1917 годзе ў Гомелі праходзіў конкурс куплетыстаў. Яго пераможцам стаў тады яшчэ нікому не вядомы Леанід Уцёсаў.
У якасці ўзнагароды ў конкурсе малады выканаўца тады атрымаў залаты партабак, які ў дні “спаборніцтваў” быў выстаўлены для ўсеагульнага агляду ў вітрыне Гомельскай гасцініцы “Савой” (сёння на гэтым месцы стаіць наш стары ўнівермаг). Круглыя суткі гэтую вітрыну ахоўвалі паліцыянты. Пасля перамогі ў конкурсе Леанід Уцёсаў адправіўся ў Маскву і пачаў свой яскравы творчы шлях.
А на наступны год зноў вярнуўся Гомель. Гэтым разам яго сюды ўжо запрасілі для падрыхтоўкі праграмы адкрыцця рэстарацыі “Кажан” (“Летучая мышь”). І гэтым разам Гомель падарыў Уцёсаву знаёмства з журналістам і пісьменнікам Аркадзем Аверчанкам. Так атрымалася, што для апошняга ў той самай гасцініцы “Савой” не хапіла месца. І тады Уцёсаў запрасіў Аверчанку пажыць у сваім пакоі. На памяць пісьменнік падарыў Уцёсаву свой партрэт з надпісам: “Таленавітаму Уцёсаву з удзячнасцю за цёплы, ласкавы прыём і вечаровыя песні. Аркадзь Аверчанка”.