Для каго на Палессі ў круіз адчальвае лайнер «Белая Русь», калі дазволіць яго сабе беларусы не могуць?

by ZB

Адна з апошніх навін у Нароўлі гучыць так: «Круізны цеплаход» Белая Русь» прышвартаваўся ў Нароўлі. Тур Брэст – Мазыр – Нароўля разлічаны на 8 дзён. Запланавана 11 прыпынкаў, у тым ліку ў Кобрыне, Пінску, Тураве, Ляскавічах. За гэты час па водах Мухаўца і Дняпроўска-Бугскага канала, рэк Піна і Прыпяць цеплаход пераадолее 570 км».

Навіна падаецца ў выглядзе фотафакту. Ідэя, падаецца, нядрэнная. Праплысці па родных мясцінах — выдатная ідэя. Але вось чамусьці ні мясцовых жыхароў, якія радасна адчальваюць у круіз, ні коштаў за такі круіз нідзе не напісана.

Мы ўважліва прыгледзеліся да тураў.

Інфармацыю пра сам лайнер у інтэрнэце знайсці нескладана.

Усюды пазначана, што гэта адзіны ў краіне круізны цеплаход. Быў пабудаваны на Пінскім суднабудаўнічым заводзе. У першы рэйс адправіўся 29 красавіка 2017 года. Усяго ў лайнеры 16 кают. А сам цеплаход месціць каля 30 чалавек.

Інтэр'еры кают лайнера "Белая Русь". Фота: Madetrip.ru

Сярод паслуг прапісаны тэнтавая палуба, бясплатны вай-фай, бар, сувенірная крама і рэстаран.

Умовы для адпачынку вельмі сціплыя. Самая прыгожая каюта, натуральна, люксавая. Пасцельная бялізна і абрусы на століку ў ёй выкананы ў нацыянальна стылістыцы – з беларускімі арнаментамі. І на гэтым, падаецца, усё.

Праграмай прадугледжаны экскурсіі, наведванне турыстычных мясцін, майстар-класы па народных рамёствах, фальклорныя вечары і барбекю-вячэры.

А вось інфармацыі аб коштах знайсці, чамусьці, не так ужо і проста. Асабліва на беларускіх сайтах.

Затое яны ёсць на расейскіх. І там вельмі канкрэтна прапісана, што кошт такога круізу па беларускіх рэках на аднаго чалавека складае ў сярэднім ад 50 да 70 тысяч расійскіх рублёў з чалавека. Гэта значыць, ад 1840 да 2 580 беларускіх рублёў. Калі ўлічыць, што ў падобныя круізы звычайна адпраўляюцца мінімум парамі, то тыднёвы паход па беларускіх рэках, да прыкладу, сямейнай пары будзе каштаваць ад 3 600 да 5 000 рублёў.

Для параўнання, злётаць па гарачай пуцёўцы ў Турцыю, прытым на дваіх, прыкладна на гэтыя ж даты каштуе амаль у два разы танней.

Нагадаем, паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у Беларусі складае 1814,2 рублі (звесткі за сакавік 2023 года). Гэта значыць, што нават адной сярэдняй зарплаты беларусам бы не хапіла на адну самую танную пуцёўку на беларускі лайнер. А ўлічваючы, што ў жыхароў вёсак і маленькіх гарадоў, рэальны заробак меншы за афіцыйны сярэдні ў разы, то праплысці па беларускіх рэках гэтай вясной ці летам, – план маларэальны.

Вы здзівіцеся, але на бліжэйшыя травеньскія туры засталося па 3-5 кают. І, мяркуючы па водгуках, іх набываюць расейцы.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png