Не толькі чырвонае яйка, але абавязкова і хрэн! Мужчыны ў “галіхве” білі яйкі, а жанчыны – карагодзілі. А яшчэ на свята – абавязкова з абноўкамі. Дазнаемся пра народныя традыцыі Гомельшчыны ў велікодны перыяд.
ЧЫРВОНАЯ СУБОТА І… ПАРАСЯ
На Гомельшчыне апошняя перад Вялікаднем субота называецца Краснай, і непасрэдна прысвячаецца прыгатаванню галоўных велікодных атрыбутаў – фарбаванню яек, выпяканню пірагоў, гатаванню парасяці.
Асвячонае парася было нязменным атрыбутам велікоднага застолля. У рот парасяці ўкладалі яйка.
А вось стравы з рыбы і птушкі не гатаваліся. “У нас к Паске не гатоўляць ні рыбы, ні курэй. Вот за то, што певень заспяваў, не ядзяць”, – распавядала жыхарка вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна Ксенія Купрацэвіч 1909 года нараджэння.
Яшчэ па ўсёй тэрыторыі Усходняга Палесся ў Красную суботу мянялі ўбранне прыдарожных крыжоў. Старыя ручнікі і фартушкі палілі, адпаведна крыж упрыгожвалі новым. У вёсках Лельчыцкага раёна мяняюць “адзенне” каменных крыжоў. У Баравым і Данілевічах іх завуць “каменнымі дзевачкамі”.
ВЯЛІКДЗЕНЬ І… ХРЭН
На Вялікдзень трэба было абавязкова прысутнічаць на Усяночнай у храме. Ды яшчэ быць бадзёрым, не спаць.
Хто на Усяночную ўсю ноч прастаіць у царкве, таму Гасподзь пашле здароўя, і дабра на ўвесь год, і ўдачы.
У народзе верылі, што ў велікодны перыяд можна пазбавіцца ад страшных хвароб. На Гомельшчыне раілі адразаць каўтун менавіта ў Красную суботу або ў велікодную ноч. А вось з мужыком спаць у велікодную ноч нельга! Іначай прыйдуць беды ў сямейнае жыццё і адбудзецца збой у жаночым арганізме.
На Гомельшчыне ў тых раёнах, дзе амаль адсутнічаюць традыцыйныя вогнішчы на Купалле, палілі велікодныя вогнішчы. Дзеля ладу ў хаце прыносілі дадому асвячоны на Вялікдзень агонь, то бок прыносілі з царквы запаленыя свечкі. Пасля святочнай службы ўся сям’я сядала за стол, разгаўляліся чырвоным яйцом і асвячонай вадой, маліліся і сядалі за стол есці.
На Гомельшчыне абавязковай велікоднай стравай быў ХРЭН.
Хрэн трэба было з’есці, каб летам не сустрэцца з вужом або гадзюкаю.
У шэрагу раёнаў, да прыкладу, Жыткавіцкім, Нараўлянскім, Кармянскім, старыя жыхары расказвалі, што на Вялікдзень, яшчэ перад сняданнем, ішлі на могілкі, неслі асвячоныя яйкі і пасху, а часам на магілу ў чарачку віна або гарэлкі налівалі. Таксама на могілкі хадзілі ў і іншыя дні велікоднага тыдня, асабліва ў чацвер – Наўскі Вялікдзень або Мяртвых Вяліканне (сустракаюцца і іншыя назвы гэтага дня).
ВАЛАЧОНАЕ І АБНОЎКІ
Занесці валачонае – значыць занесці падарункі. На свята прынятыя ўзаемныя наведванні і віншаванні кумоў і хрэснікаў, бабкі і яе ўнукаў. У складзе валачобнага – традыцыйна яйкі і булка. І важна: хадзілі менавіта не да крэўных сваякоў, а да тых, якія спрычыніліся да хросту, з якімі меліся духоўныя сувязі.
Яшчэ на Вялікдзень была традыцыя атрымаць нешта новае з адзення. Новае сукенка, або туфлі, або ўсё новае для дзяцей. Карацей, абноўкі!
ЗАБАВЫ І КАРАГОДЫ. ВАЛАЧОБНІЦТВА
На другі дзень Вялікадня традыцыйна пачыналіся розныя велікодныя забавы. Найперш – качанне і біццё яек, што было заняткам выключна мужчынскім.
“Раньша, ой гулялі ў біткі, выходзілі на вуліцу, асобенно мужчыны, надзявалі свае сапагі хромавыя, гальхве, рубашкі вышываныя, з паясамі, шапкі – і ідуць гуляць у біткі”, – узгадвала жыхарка вёскі Новая Пуць Брагінскага раёна Анастасія Раманавец, 1932 года нараджэння.
Яшчэ звычайна гушкаліся на арэлях.
Валачобніцтва – неад’емны элемент традыцыйнага беларускага святкавання Вялікадня. Этнографы пішуць, што ў мясцінах з нацыянальна неаднародным жыхарствам беларусаў можна было пазнаць якраз-такі з валачобніцтва. Гурт мужчынаў-валачобнікаў хадзіў ад вёскі да вёскі – спяваў песні, славячы гаспадароў, жадаючы ім спору ва ўсім. У гурце быў пачынальнік-запявала, яму дапамагалі падхватнічкі, і быў механоша, які насіў валачобнае.
Нашы продкі верылі, што прыход валачобнікаў спрыяў багатаму ўраджаю і дабрабыту. Валачобнікам абавязкова давалі падарункі.
Бо як не дасі яечка − здохне авечка, а не дасі грошы − заядуць вошы.
Але на Гомельшчыне валачобніцтва было характэрнае для поўначы рэгіёну, Кармянскага і Рагачоўскага раёнаў. Затое велікодныя традыцыі Усходняга Палесся вылучаюцца багаццем карагодаў, якія пачыналі вадзіць толькі ў другой палове дня. І калі біццё яек – гэта мужчынскі занятак, то карагоды – жаночы. У Буда-Кашалёўскім раёне да Вялікадня прымяркоўваецца карагод “Ваджэнне стралы”. У Гомельскім раёне абрад насіў назву “Сула”. Што цікава, на другі дзень Вялікадня пераважалі карагоды сямейна-любоўнай тэматыкі.
І куды без хрэна! Вадзілі “Хрэна” на другі дзень Паскі.
Ох, хрэн, ты мой хрэн
Яравой, садавой!
Ці не я цібе садзіў,
Ці ні я паліваў?
Садзіў цібе вот,
Паліваў Селівон.
Селівонава жана
Пры дарозе жыла,
Дзеўкам косы часала,
Прыгаварывала:
– Расці, расці, каса,
Да чырвона паяса.
Як ехалі баяры,
Да дзяўчонку паўстрячалі,
Тая дзяўчонка панаравілася.
– Я румяна, румяна,
Я бяляна, бяляна!
І ўхвацілі, павязлі за сабою.
Варта паслухаць, як гучыць аўтэнтычнае выкананне. Да прыкладу, паслухаем запіс, зроблены ў вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Песня “Хадзіла галота” адносіцца да велікодных карагодных. Песню выконвае фальклорна-этнаграфічны гурт “Журавінка.
Ходзіла галота да кругом балота,
Дый крачэ, дый кра(чэ)у-уу!
Ходзіла Манька дый кругом Іванка,
Дый плачэ, дый пла(чэ)у-уу!
Вёска Іванава Слабада здаўна славілася багаццем фальклорнай спадчыны, яшчэ ў 1980-я гады ў вёсцы было шмат носьбітаў спеўных традыцый.
І на развітанне гэта ж самая песня, але ўжо ў пераасэнсаванні рок-гурта Re1ikt (песня ўвайшла ў альбом “Лекавыя травы”).
Мова Гомель адмыслова для Штодзень.
Выкарыстаныя матэрыялы: Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т.6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе; Юрась Бушлякоў “Жывая мова”, 2013.
Асобная падзяка даследчыцы, этнографу Ірыне Мазюк за дапамогу.