У сям’і гомельскіх гарадоў-пабрацімаў папаўненне: цяпер у ёй ёсць кыргызстанскі Ош. Пакуль адны партнёры прыпыняюць адносіны праз падтрымку расійскай агрэсіі, гомельскія чыноўнікі пашыраюць геаграфію сяброўства. Мяркуючы з афіцыйных паведамленняў, галоўнае ў гэтай справе — своечасова падпісаць мемарандум і абвясціць, што магчымасці зноў адкрываюцца.

У цэнтры Гомеля стаіць памятны знак з пазначэннем некаторых гарадоў-пабрацімаў і дыстанцыяй да іх. Адметна, што нават назву шатландскага горада Абердына (Aberdeen) на ім умудрыліся напісаць з памылкай (Aberdin). Вось такі ўзровень паўмільённага горада…
Мемарандум аб усталяванні пабрацімскіх адносін паміж Гомелем і Ошам падпісалі на першым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Кыргызстана ў Мінску. Падпісанне дакумента пацвярджаецца і ў пераліку міжрэгіянальных пагадненняў, апублікаваным паводле інфармацыі беларускага ўрада.
Што за горад стаў новым пабрацімам
Ош — горад на поўдні Кыргызстана, у Ферганскай даліне, з багатай гісторыяй гандлю на маршрутах Вялікага шаўковага шляху. Яго называюць паўднёвай сталіцай краіны. Тут сустракаюцца кыргызская, узбекская ды іншыя культуры рэгіёна, а адной з адметнасцяў горада застаецца вялікі базар. Галоўная славутасць Оша — свяшчэнная гара Сулайман-Тоо, уключаная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2009 годзе. На яе схілах захаваліся культавыя месцы, пячоры з петрагліфамі і мячэці. Паводле ЮНЕСКА, гару ўшаноўваюць прынамсі паўтары тысячы гадоў, а яе спадчына спалучае ісламскія і даісламскія вераванні.
Знаёмства пачалі са “Спартака”
Перад падпісаннем мемарандума дэлегацыя Оша на чале з намесніцай мэра Масудай Айдарбекавай наведала Гомель. Як паведаміла мэрыя Оша, гасцям паказалі ўстановы адукацыі і аховы здароўя, а таксама кандытарскую фабрыку “Спартак”. На сустрэчы з намеснікам старшыні гарвыканкама Канстанцінам Ісачанкам абмяркоўвалі дзелавыя кантакты і сумесныя інвестыцыйныя праекты.
Раней “Штодзень” пісаў, як Гомель губляў пабрацімскія сувязі пасля рэпрэсій у Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. У матэрыяле ад 26 верасня 2022 года згадваліся Чарнігаў, Абердын, Клермон-Феран і Форт-Майерс, якія спынілі або прыпынілі супрацоўніцтва з горадам. Асабліва красамоўная гісторыя Чарнігава: расійскія войскі ішлі на яго з тэрыторыі Беларусі. 31 траўня 2022 года горад разарваў адносіны з Гомелем. У Абердыне пытанне разрыву таксама паўстала праз падтрымку Беларуссю расійскага ўварвання. У выніку геаграфія сяброўства змяняецца, а прычыны страты старых сувязяў застаюцца. Новы мемарандум падпісаць, відаць, прасцей, чым патлумачыць былому пабраціму, чаму з твайго боку да яго прыйшлі танкі.
Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Гомель губляе сяброў: гарады-пабрацімы адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з абласным цэнтрам